ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не, часц. адмоўная.

1. Служыць для выражэння адмоўя пры розных членах сказа.

Не заўважаць.

Жыць не аднаму.

2. Служыць адмоўным адказам на станоўчае пытанне.

Ты згодзен? — Не, не згодзен.

3. Мае значэнне няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні; тое, што і няма (у 2 знач.).

У вас ёсць білет? — Не.

4. Ужыв. замест выказніка з адмоўем, а таксама замест словазлучэння або цэлага сказа з адмаўленнем ці проціпастаўленнем.

Трэба вызначыць, каторы партрэт зроблены добра, а каторы не.

5. Надае значэнне няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану.

Тора не гора.

Ці гаварыць гэта, ці не гаварыць.

6. У спалучэнні з часц. «ці» ў пытальных сказах выражае мадальнае значэнне сцвярджэння або няпэўнасці, здагадкі.

Ці не лепш было б табе паехаць працаваць у вёску?

7. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі пры асаблівай інтанацыі вымаўлення надае сэнс станоўчага адказу. —

Ці не сустрэў у горадзе знаёмых? — Чаму не?

8. У спалучэнні з дзеясловамі, якія канчаюцца на «-ся», «-цца» і маюць прыстаўку «на-», надае значэнне немагчымасці закончыць дзеянне.

Не налюбуецца мастак роднымі краявідамі.

9. Уваходзіць у склад устойлівых словазлучэнняў: «далёка не»; «не раўнуючы, як»; «амаль не»; «бадай не»; «не раз і не два»; «не вельмі каб» і пад.

10. Уваходзіць у склад словазлучэнняў, якія з’яўляюцца складанымі злучнікамі і злучальнымі словамі: «не то... не то»; «не то што»; «не то... а»; «не толькі, ...але (і)» і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стаць, ста́ну, ста́неш, ста́не; стань; зак.

1. Устаць, прыняць вертыкальнае становішча.

Пасля хваробы дзед не мог с. на ногі, ляжаў у ложку.

2. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, прадпрыемствы і інш.).

Гадзіннік стаў.

3. Ступіўшы на якое-н. месца, спыніцца на ім стоячы.

Стань ля акна.

4. Узяцца за якую-н. работу, дзейнасць (у адпаведнасці са значэннем наступнага назоўніка).

С. за варштат.

С. на абарону інтарэсаў.

С. на чале каманды.

5. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам.

Сонца стала над галавой.

6. Часова размясціцца дзе-н. (на стаянку, пастой, адпачынак).

С. на пастой.

С. на папас.

7. Размясціцца на якім-н. месцы (пра прадметы).

Шафа ў гэтым куце не стане.

8. Узнікнуць, з’явіцца.

Праз год-другі тут стане новы пасёлак.

9. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца.

Каб чаго дрэннага дома не стала.

10. Заступіцца за каго-н.

За брата трэба с. гарой.

11. безас., з адмоўем. Перастаць існаваць; памерці.

Ужо год як цёткі не стала.

12. кім-чым, якім і безас. Ужыв. як дапаможны дзеяслоў у саставе выказніка ў знач. зрабіцца, ператварыцца.

Ён стаў журналістам.

На дварэ стала цёпла.

13. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў сэнсе пачаць.

С. касіць.

С. чытаць лекцыі.

14. Замерзнуць (пра раку).

Рака стала.

Валасы сталі дуба — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім-н.

Ні стаць, ні сесці — няма дзе павярнуцца.

Стаць на дыбкі (разм.) — рэзка запярэчыць.

|| незак. станаві́цца, -наўлю́ся, -но́вішся, -но́віцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́гаршчы, прыго́ршчы ’абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі, складзеныя так, каб імі можна было што-небудзь набіраць, зачэрпваць, трымаць і пад.; колькасць чаго-небудзь, якая ўмяшчаецца ў складзеныя такім чынам далоні’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Інстр. 1; ушац., капыл., КЭС; Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ), пры́гарашчы, пры́горшчы, пры́гаршы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), пры́гаршч ’тс’ (Ян.), ’далонь; горстка’ (Шпіл., Байк. і Некр.), пры́гаршчы ’горстка’ (Ласт.), параўн. з развіццём семантыкі прігорчі ’мера сыпучых рэчываў’ (Бес.) і менш яснае, але ўсё ж такі звязанае з асноўным значэннем, пры́гаршча ’сноп бобу’ (петрык., ЛА, 2); сюды ж адз. л. прыго́рсць ’прыгаршчы’ (Гарэц.; Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъrstь/*prigъrstia, прэфіксальнага ўтварэння ад *gъrstь (падрабязна гл. ЭССЯ, 7, 212–213); параўн. го́рстка, гл. таксама ґа́рсць. Сюды ж больш познія назоўнікі з суф. ‑нʼ(а): пры́горшня, мн. л. пры́гаршні ’складзеныя ў выглядзе лодачкі далоні рук’ (Інстр. 1, Ян., ТС). Параўн. укр. при́гірщ, при́горщ, при́горщи ’прыгаршчы’. Рус. дыял. при́горщь ’прыгаршчы’, при́го́ршни ’тс’, смал. при́го́рстка ’вялікія прыгаршчы чаго-небудзь’, ст.-рус. пригърща, пригръща, пригорща ’жменя, прыгаршчы’, польск. przygarść, przygarśnie, przygarstnia, przygarstek, каш. přëgårsc, přëgarst, přëgarscnë, přëgarstńica, чэш. přehršel, přehrštle, славац. priehršť, prehrštie, славен. praíšče, серб.-харв. prȅgršt, prȅgrst, балг. пригръ́ща, пригаща, пъ́ргъща. Бязлай (3, 119) першапачатковай формай лічыць *prigъrstьje або *prigъrstьja. Гл. Фасмер, 3, 363; БЕР, 5, 706; 6, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпо́л ’ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Шн. 2, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ; ТС), перан. ’калені’ (віл., іўеў., чэрв., Сл. ПЗБ), прыпо́лле ’прыпол’ (Гарэц., Байк. і Некр.; Мат. Гом.), пры́пал ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж лексемы, якія працягваюць адзначаную семантыку: прыпо́л, прыпо́лле ’аб’ём таго, што можна пакласці ў прыпол ці фартух’ (Нас.), ’мера пры куплі-продажы’ (Інстр. 3). Рус. при́по́л ’крысо адзення; падол’, ’крысо адзення, падол, у які што-небудзь пакладзена’, припо́л ’колькасць чаго-небудзь, якая змяшчаецца ў падоле’, укр. припі́л ’полка ці крысо адзення, згорнутая такім чынам, каб у іх можна было пакласці што-небудзь’, польск. przypole ’фартух’. Ад пры‑ і пала́, гл. Першапачаткова прыпо́л, магчыма, абазначаў пярэдняе палотнішча спадніцы, калі яе рабілі з чатырох нашытых частак, накшталт панёвы; гл., напрыклад, Малчанава, Мат. культ., 140 і наст. Гэта была частка, якая знаходзілася пры по́лах і выкарыстоўвалася, калі ў яе трэба было пакласці што-небудзь; адсюль і пазнейшыя пераносныя значэнні.

Прыпо́л2 ’частка сахі, перакладная паліца’ (Др.-Падб., Гарэц.), прыпо́лак ’паліца ў сасе’ (Бяльк.; вільн., узд., Сл. ПЗБ), пріпо́лок ’тс’ (петрык., ельск., Маш., Выг.). Рус. смал. припо́лок ’невялікая паліца; палічка ў сасе для лепшага адвалу зямлі’. Утварэнне ад паліца (гл.) з адсячэннем суф. ‑іца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,

самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл. Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.

Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.

Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн. чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв. «дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл. Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач. чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл. Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.​Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн. ч. франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл. Бітва за Англію 1940—41).

Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.

22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш. ваен. баз на Б.​Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.

Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр. СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.

7.12.1941 Японія нападам на амер. ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.

Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп. фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп. ВМФ.

Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл. Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн. амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас. сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм. вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.

Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.​М.​Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.​Я.​Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.​Д.​Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн. чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн. чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.

Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;

Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;

Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;

Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ. Кн. 1—3. М., 1991;

Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

У.​І.​Гуленка.

Да арт. Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)