ірыга́цыя

(лац. irrigatio = арашэнне, абвадненне)

1) штучнае арашэнне палёў пры дапамозе спецыяльных прыстасаванняў;

2) арашэнне ўзбуджанай тканкі, раны лякарствам, мінеральнай вадой і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лейко́з

(гр. leukos = белы)

агульная назва пухлін, што ўзнікаюць з крывятворных клетак і пашкоджваюць касцявы мозг, а таксама іншыя органы і тканкі; белакроўе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

макраглі́я

(ад макра- + гр. glia = клей)

адзін з відаў нервовай тканкі жывёльных арганізмаў, састаўная частка нейрагліі; выконвае апорную і харчавальную функцыі (параўн. мікраглія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіперплазі́я

(ад гіпер- + гр. plasis = утварэнне)

празмернае разрастанне тканкі жывёльнага або расліннага арганізма ў выніку паталагічнага размнажэння клетак; разнавіднасць гіпертрафіі (параўн. аплазія, гіпаплазія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нейрагумара́льны

(ад нейра- + гумаральны)

звязаны з сумесным уздзеяннем нервовай сістэмы і гумаральных фактараў на органы, тканкі і фізіялагічныя працэсы (напр. н-ая рэгуляцыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фібро́з

(ад лац. fibra = валакно)

мед. паталагічны працэс развіцця валакністай злучальнай тканкі ў арганізме (напр. ф. печані, нырак, сардэчнай мышцы, сценак крывяносных сасудаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эндадэ́рма

(ад энда- + дэрма)

1) слой клетак у сцёблах і каранях раслін, які акружае ўсе ўнутраныя тканкі;

2) тое, што і энтадэрма 2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ,

уласцівасць матэрыі, якая заключаецца ў перадачы асаблівасцяў аб’екта або працэсу, якія адлюстроўваюцца. Выяўляецца ў здольнасці любой рэчы ў неарган. прыродзе ўзнаўляць такія змены, адбіткі, рэакцыі, якія знаходзяцца ў адпаведнасці (або падабенстве) з рэччу, якая на яе ўздзейнічае. Жывыя арганізмы выкарыстоўваюць уласцівасць адлюстраванне як сродак самазахавання і самапрыстасавання да навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад раздражняльнасці раслін і прасцейшых арганізмаў. У ходзе эвалюцыі раздражняльнасць як агульная ўласцівасць арганізма прасцейшых ператвараецца ў элементарную адчувальнасць нервовай тканкі, а потым — у непасрэдную псіхічную дзейнасць жывёл у працэсе развіцця органаў пачуццяў і галаўнога мозга. У выніку працяглага працэсу антрапагенезу ўзнікаюць і развіваюцца свядомае псіхічнае адлюстраванне і дзейнасць людзей. Вышэйшая, спецыфічная чалавечая форма адлюстравання — свядомасць.

Літ.:

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова Е.В. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1983;

Губанов Н.И. Чувственное отражение. М., 1986.

Я.​В.​Петушкова.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)