сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Могуць пераносіць узбуджальнікаў захворванняў раслін. Некат. мініруюць лісце (утвараюць унутры ліста хады і поласці).
Даўж. да 4 мм. Афарбоўка пераважна жоўтая. Лічынкі жывуць у гніючых грыбах, садавіне, гародніне і інш.Гл. таксама Дразафілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВА́ЛКІ, розвальні,
найбольш пашыраны від саней на Беларусі. Паверх пагрузачнай пляцоўкі (для яе павелічэння) уздоўж саней прымацаваны 2 жэрдкі з папярочкай на канцах — развалкі (адсюль назва). Выкарыстоўваюцца на гасп. работах і для выездаў (тады на Р. ставяць кузаў — трохбаковую рашотку, або драбінкі, плецены палукашак). Бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГА,
ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант.амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФО́Н (ад мікра... + фон),
пераўтваральнік энергіі акустычных хваль у эл. сігналы, прапарцыянальныя гукавому ціску. Характарызуецца адчувальнасцю, дыяпазонам рабочых частот, дынамічным дыяпазонам, накіраванасцю і інш. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлебачанні, радыёвяшчанні, гуказапісе, вымяральнай тэхніцы і інш.
Мае адчувальны элемент (мембрану), які вагаецца пад уздзеяннем гукавога ціску. Паводле прынцыпу дзеяння найб.пашыраны электрастатычныя (кандэнсатарны і электрэтны), дынамічныя і п’езаэл. М. У кандэнсатарным М. рухомая мембрана і нерухомы электрод утвараюць кандэнсатар пераменнай ёмістасці, да якога далучана знешняя крыніца сілкавання. У электрэтных М. найб.пашыраны мембраны з металізаванай электрэтнай плёнкі (гл.Электрэт), якая адначасова з’яўляецца крыніцай эл. поля. У дынамічных М. з мембранай жорстка злучана шпуля, што вагаецца ў пастаянным магн. полі і дзе ўзнікае эрс. У п’езаэл. М. да мембраны далучаны п’езаэлемент (гл.П’езаэлектрычнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб.пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),
тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці 16O, ёд-131 ці 131І, уран-235 ці 235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз.ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.
Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб.пашыраны ў зямной кары 16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл.Гелій).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.
Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.
С.А.Сергачоў.
Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.