БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)], бактэрыцыдныя рэчывы,

рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.

Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),

адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).

На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.​Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЗААНО́ЗЫ [ад антрапа... + заа... + ...оз(ы)], зоаантрапанозы,

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека. Крыніца інфекцыі хворыя жывёлы, з якімі чалавек кантактуе. Многія антрапазаанозы — трансмісіўныя хваробы, характарызуюцца прыроднай ачаговасцю. У мед. л-ры антрапазаанозы наз. заанозамі.

Антрапазаанозы выклікаюцца бактэрыямі (бруцэлёз, злаякасны ацёк, сап, слупняк, сібірская язва, туберкулёз, тулярэмія, чума вярблюдаў, меліяідоз, харч. таксікаінфекцыі і інш.), вірусамі (арнітоз, шаленства, яшчур, кляшчовы энцэфаліт, інфекцыйны энцэфаламіэліт коней і інш.), грыбкамі (актынамікоз, парша, стрыгучы лішай), спірахетамі і лептаспірамі (лептаспіроз, клешчавы зваротны тыф), рыкетсіямі (Ку-ліхаманка, пацуковы рыкетсіёз, паўночна-азіяцкі клешчавы сыпны тыф), прасцейшымі (таксаплазмоз, трыпаназамоз, лейшманіёз і інш.), членістаногімі (акароз), гельмінтамі (дыфілабатрыёзы, апістархоз, тэніідоз, трыхінелёз, эхінакакоз, тоніярынхоз).

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,

выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.

Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.​Пятрова (А.​П.​Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія складаюцца з вулканічнага і асадкавага матэрыялу. Адрозніваюць вулканагенна-асадкавыя пароды: вулканагенна-абломкавыя, утвораныя з абломкавага (піракластычнага) матэрыялу — попелу, часцінак і абломкаў лавы, горных парод, што складаюць вулкан, і асадкавых кампанентаў (туфы, туфіты, туфапясчанікі, туфагравеліты і інш.); хемагенныя, якія складаюцца з матэрыялаў гарачых крыніц, парагазавых струменяў, прадуктаў вышчалочвання вулканічных парод і інш., што выпалі ў асадак на дне мораў або ўчастках прылеглай сушы (многія яшмы, некаторыя руды жалеза, марганцу, адклады серы, фасфарыты і інш.). У Беларусі вулканагенна-асадкавыя пароды вядомыя ў вендзе (верхні пратэразой) у цэнтр., паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках і ў дэвоне (на ПдУ).

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.​Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.​Чырнера, С.​Борна і рас. эмігранта М.​А.​Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРЫ́ДЫ Аляксандр Міхайлавіч (н. 23.2.1904, г. Саратаў, Расія),

кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), Герой Сац. Працы (1990). З 1932 рэжысёр «Саюзтэхфільма», потым «Мастэхфільма» («Цэнтрнавукфільм»). Праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфістаў (э 1966). Многія навук.-папулярныя фільмы заснаваны на навук. назіраннях за прыродай і пабудаваны ў форме аповесцей, казак: «У пясках Сярэдняй Азіі» (1943), «Лясная быль» (1950), «У льдах акіяна» (1953), «Сцежкай джунгляў» (1959), «Зачараваныя астравы» (1965), «Лясная сімфонія» (1967), «Здаравяка» (1982, разам з М.​Клдыяшвілі) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, Дзярж. прэмія Расіі 1969. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1946, 1962, 1965), Карлавых Варах (1950) і інш.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЗЕ́ЙЦЫ,

карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн. чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш. Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б. ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)