АРХІТЭКТО́НІКА (ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),

мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго гал. і другарадных элементаў.

У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх. ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.

У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца яго ўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.​Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).

А.​М.​Кулагін, А.​М.​Пяткевіч.

Да арт. Архітэктоніка. Нервюрнае скляпенне інтэр’ера сабора ў г. Эксетэр (Вялікабрытанія). 1300−99.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст. тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.

У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.​Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.​Кюўе і А.​Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.​Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.​Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.

На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кедо, С.​С.​Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.

Літ.:

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі: (Падарожжа ў нетры Беларусі). Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕ́КТЫ Ў КРЫШТА́ЛЯХ,

парушэнні перыядычнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы. Узнікаюць пры росце крышталёў ці іх фазавых ператварэннях, цеплавых, мех., эл. і інш. уздзеяннях, увядзенні дамешкаў. Адрозніваюць дэфекты кропкавыя (нульмерныя), лінейныя (аднамерныя), паверхневыя (двухмерныя) і аб’ёмныя (трохмерныя).

Кропкавыя дэфекты — парушэнні перыядычнасці ўласнай атамнай структуры крышталя: вакансіі атамы і іоны, што перамясціліся з нармальнага становішча ў міжвузелле (міжвузельныя атамы і іоны); атамы і іоны ў крышталях хім. злучэнняў, якія займаюць вузлы «чужой» падрашоткі; дэфекты, што ўзнікаюць пры ўвядзенні ў крышталь дамешкавых атамаў. Узаемадзеянне такіх дэфектаў паміж сабой прыводзіць да ўзнікнення складаных дэфектаў: дывакансій (падвойных вакансій), кластараў (скопішчаў дэфектаў) і інш. Лінейныя дэфекты — ланцужкі кропкавых дэфектаў, краявыя і вінтавыя дыслакацыі. Паверхневыя дэфекты: няправільна ўкладзеныя слаі атамаў (дэфекты ўпакоўкі); заканамерныя парушэнні нармальнага чаргавання атамных плоскасцей; дэфекты двайнікавання з кропкавай сіметрыяй; межы ўключэнняў; сама паверхня крышталя і інш. Аб’ёмныя дэфекты: парушэнні, звязаныя з адхіленнем ад законаў стэхіяметрыі; скопішчы вакансій; нерэгулярныя ўтварэнні ў выглядзе расколін, пустот, уключэнняў іншай фазы; скопішчы дамешкаў на дыслакацыях, у зонах росту і інш. макраскапічныя дэфекты. Д. ў к. уплываюць на мех., аптычныя, эл., магн. і інш. ўласцівасці крышталёў. У дасканалай крышт. рашотцы рух атамаў і іонаў немагчымы; у крышталях з дэфектамі міграцыя атамаў абумоўлівае ўзаемную дыфузію цвёрдых цел, хім. цвердафазныя рэакцыі і інш. з’явы. Д. ў к. могуць уводзіцца мэтанакіравана або ўзнікаць выпадкова пад уздзеяннем фактараў, якія не кантралююцца. Спец. ўвядзенне дэфектаў або іх выдаленне — важная частка тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, люмінафораў, лазерных і фотахромных крышталёў і шкла, паўправадніковых прылад. Шчыльнасць непажаданых дэфектаў памяншаецца ўдасканаленнем метадаў вырошчвання і апрацоўкі крышталёў. Д. ў к. вывучаюцца аптычнымі метадамі, іоннай і электроннай мікраскапіяй, метадам выбіральнага траўлення, рэнтгенадыфракцыйнымі і ядз.-фіз. метадамі.

Літ.:

Современная кристаллография Т. 2. М., 1979;

Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981;

Орлов А.Н. Введение в теорию дефектов в кристаллах. М., 1983;

Орлов А.Н., Трушин Ю.В. Энергии точечных дефектов в металлах. М., 1983.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ I Стары

(1.1.1467—1.4.1548),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1506—48], у ВКЛ Жыгімонт II. Сын Казіміра IV Ягелончыка. Ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава II, атрымаў у Сілезіі Глогаўскае (1498) і Опаўскае (1501) княствы, у 1504 прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, потым Лужыцы. Пасля смерці вял. кн. ВКЛ і караля польскага Аляксандра абраны на пасад ВКЛ (20.10.1506) і польск. каралём (8.12.1506). Унутр. палітыка Ж. I была накіравана на ўмацаванне дзярж. улады, аднак вайск. і фін. рэформы, спробы рэдукцыі (вяртання) каронных маёнткаў, захопленых магнатамі, не мелі вял. поспеху. У 1537 супраць Ж. I і магнатаў сярэдняя шляхта Польшчы ўзняла феад. мяцеж (т. зв. «курыная вайна»). Шляхта ВКЛ юрыдычна дамаглася роўных правоў з магнатамі: быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 Ж. I праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў войнах з Маскоўскай дзяржавай быў страчаны Смаленск. Для адбіцця нападаў крымскіх татар на Украіне была створана памежная варта з мясц. жыхароў — казакі. У час перамогі Рэфармацыі ў Прусіі Ж. I згадзіўся на секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўтварэнне на яго тэр. васальнага ў адносінах да Польшчы герцагства на чале са сваім пляменнікам Альбрэхтам Брандэнбургскім. Пры Ж. I пасля загадкавай смерці апошніх удзельных мазавецкіх князёў з Польшчай было ўз’яднана Мазавецкае княства (1526, канчаткова ў 1529). Праводзячы антыгабсбургскую палітыку, Ж. I заключыў саюзы з Францыяй (1524) і Турцыяй (1533). Актыўную ролю адыгрывала ў палітыцы другая яго жонка (з 1518) Бона Сфорца, якая намагалася замацаваць кароны ВКЛ і Польшчы за сваім сынам Жыгімонтам II Аўгустам, дзеля чаго было праведзена яго абранне намінальна другім вял. князем і каралём (1529). У час панавання Ж. I у ВКЛ і Польшчы шырока распаўсюдзілася Рэфармацыя, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і асветы.

Літ.:

Finkel L. Elekcya Zygmunta I: Sprawy dynastyi Jagiellońskiej i unii polskolitewskiej. Kraków, 1910;

Wojciechowski Z. Zygmunt Stary (1506—1548). Warszawa, 1979;

Wyczański A. Zygmunt Stary. Warszawa, 1985.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт I Стары.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАСТО́ЎКА, стачка,

калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.

Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст. эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).

У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш. Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.

М.​А.​Сакалова (З. ў Беларусі).

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,

навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.

Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.​Гегель, К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.

Літ.:

Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА, кампаратывістыка,

галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл. Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл. Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.​С.​Глушак, Р.​М.​Казловай, Р.​В.​Краўчуком, В.​У.​Мартынавым, А.​Я.​Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр. М., 1954;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;

Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.

Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.

Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВК БССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).

Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССР гл. ў арт. Ордэн, Медаль.

Г.​А.​Маслыка.

Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.​Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)