нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс.чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст.Асн.этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц.рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст.традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.
Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл.Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст.долярус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс.чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВКБССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац.рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял.Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс.чал., у 1970—939 тыс.чал., у 1979—1134 тыс.чал., у 1989—1342 тыс.чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар.т-варус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт.Расійская Федэрацыя.
Літ.:
Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;
Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;
Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,
змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел.літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл.Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел.арфаграфіі (А.Луцкевіча, Я.Лёсіка, Б.Пачопкі, Р.Абіхта і Я.Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНКБССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.Коласам, К.Крапівой і П.Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМБССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел.літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел.літ. мовы, якую ўзначаліў Н.Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац.АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА (Янка) (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
скарб, ‑у, м.
1.звычайнамн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце.Кляшторны.Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі.Дубоўка.// Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць.Калачынскі.Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі.Прыходзька.
2.звычайнамн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры.Лушчыцкі.Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем.«Полымя».// Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту.Майхровіч.
3.перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб.Дуброўскі.Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё!Кірэенка.Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі.Дубоўка.Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее.Шыцік.//іран.ужыв.[Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб.Пальчэўскі.// Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою.Брыль.Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам.Сяргейчык.Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ.Бядуля.
4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны.Нядзведскі.
5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні.Маркс.[Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб.Якімовіч.І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы.Алешка./уіран.ужыв.Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб.Пальчэўскі.
6.Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі.Колас.Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты.Сабаленка.Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы.Лупсякоў.За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам.Мележ.
7.Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому...Колас.І грошы тыя начальства забрала да скарбу.Гарэцкі.
[Польск. skarb.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго.Краўчанка.Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне.Лойка.Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне.Бядуля.Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося.Чарнышэвіч.// Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон.Крапіва.На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой.Астрэйка.// Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма.Шамякін.І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы.Грамовіч.// Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў.Хромчанка.У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння.Кудраўцаў.// Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся.«Звязда».[Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш.Ляўданскі.//перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка.Шамякін.Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар!Глебка.
2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне?Колас.Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч.Хадкевіч./уперан.ужыв.Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака].Мурашка.Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком.Пестрак.// Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага.Якімовіч.Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач.Ярош.Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй.Шахавец./уперан.ужыв.Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём.Васілевіч.
3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад.Танк.Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым.Панчанка.Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны.Астрэйка.
4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс.Непачаловіч.Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця.Брыль.
•••
Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)