Багу́н1, таксама багно́, баго́н, баган, бахун, багульнік, бугу́н, баго́ннік (гл. Кіс., Талстой, Геогр., 155). Рус. багу́н, багу́нник, багу́льник, укр. багно́, багу́н, баго́н, багу́льник і г. д. (Макавецкі, Sł. botan., 205), польск. bagno. Вытворнае ад *bag(ъ)no ’багна’ (гл.). Брукнер, 11; Фасмер, 1, 103; Слаўскі, 1, 25; параўн. яшчэ Мяркулава, ЭИРЯ, III, 16–17; Якобсон, Word, 7, 189; Машынскі, Uwagi; Талстой, Геогр. Але Абаеў (Зб. Фальку, 1–4) на аснове рэдкай рус. формы вагульник хоча бачыць сувязь з ням. wacholWacholder ядловец’) і асец. waɣyly ’шыпшына’. Няпэўная думка (Машынскі, Pierw., 214) пра сувязь з *bagnę (гл. багня́1, 2): у час цвіцення багун нагадвае воўну ягнят. Няправільна Сабалеўскі, AfslPh, 33, 477, ЖМНП, 1911, май, 162, пра роднасць з грэч. φηγός дуб’, дар. φᾱγός, лац. fāgus ’тс’ (акрамя семантыкі, тут і фанетычныя перашкоды: у грэч. і лац. словах і.-е. *‑g̑‑, якое б дало слав. Гл. таксама Шанскі, 1, Б, 8–9 (дзе прыводзяцца некаторыя новыя меркаванні). Параўн. бахун.

Багун2 ’расліна Cynoglossum officinale L., касталом лекавы’ (Кіс.). Мабыць, назва перанесена з багу́н1 ’Ledum palustre’, таму што Cynoglossum, як і Ledum, мае вельмі непрыемны пах. Не выключаецца, што ёсць сувязь і з ба́гна ’балота’ (бо расліна расце ў пясчаных месцах і на берагах рэчак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты — займеннік 2‑й ас. адз. л. ‘ты’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Федар. 4, Некр. і Байк.; ашм., Стан., Вруб., Сл. ПЗБ): чужых жэ, малазнаёмых і толькі знаёмых людзей называюць на ты (Сержп. Прымхі), ст.-бел. ты ‘тс’ (1492 г., ГСБМ), ты = лац. tu (Жлутка). Параўн. укр. ти, рус., стараж.-рус. ты, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. ty, палаб. tåi, славен. , харв. , серб. ти̂, макед., балг. ти, ст.-слав. ты. Прасл. *ty роднаснае літ. , лат. tu ‘ты’, ст.-прус. tou, , гоцк. þu, ст.-н.-ням. thu, ст.-англ. thou; с.-ням., в.-ням., швед., дацк. du, алб. ti (< *tū), ірл. tu, вал. ti, ст.-грэч. дар. τύ), авест. і tvə̄m, ст.-перс. tuvam, ст.-інд. tvám, хіндзі < і.-е. *tu і ; другую форму тлумачаць як сцягненне двух элементаў: tu‑wa > tewe > twe, апошняе — энклітыкай В. скл., параўн. ст.-грэч. σε; элемент t‑ ідэнтыфікуюць з указальным t‑ (ESSJ SG, 2, 706; ESJSt, 17, 1007). Гл. таксама: Фасмер, 4, 130; Мюленбах-Эндзелін, 4, 254; Махэк₂, 663; Брукнер, 587; Шустар-Шэўц, 1566; Скок, 3, 466; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 124. Сюды ж ты́каць ‘звяртацца да каго-небудзь на «ты»’ (ТСБМ, ТС, Яўс.), ты́кацца (týkacsa) ‘тс’, ‘фамільярнічаць’ (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,

старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

весялу́ха

1. Лес з бяроз павіслых Betula Trendula Rpth; бярэзнік (Дубр., Крыч. Меер 1786, 115).

2. Рознакаляровая вясёлка на небе (Ваўк. Сцяшк., Глуск. Янк. II., Маз., Росл. пав. Дабр., р. Пціч Серб. 1915, паўдн. ч. Слуцк. пав. Сержп. Прымхі, 12, Ст.-дар.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вёска Населены пункт у сельскай мясцовасці, сялянская аселасць (БРС). Тое ж в'ёска (Ст.-дар.), вёзка (Ветк., Віц., Дубр., Маг.), веска (Дзіс. Дабр. ч. IV, 219). Параўн.: вёску Березовку (1708) Слаўг. (Лісты Пятра I, т. 8, вып. 2, 1951, 731, 732).

в. Вёска Люб.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

культу́ра

1. У актах. Апрацаванае поле (Гарб.).

2. Малады саджаны лес (Пар., Слаўг., Стол.). Тое ж маларост (Слаўг.), маладня́к (Нясв., Слаўг., Шчуч.), каматэт (Ст.-дар.), каміце́т (Слаўг.).

3. Культурныя сеяныя травы (Глуск. Янк. I).

ур. Культура (малады сасновы лес) каля в. Улукі Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

рака́ Пастаянны водны паток значных памераў з прыродным цячэннем па рэчышчу ад вытока ўніз да вусця (БРС). Тое ж рэка (Арш., Вілен. Карскі, вып. 3, 1900, 91, Жытк., «Наша Ніва», 1913, № 20, 1, Рэч., Сал., паўднёвы захад Слаўг., Ст.-дар., Стаўбц., Стол., Шчуч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

стажа́р'е Памост або месца, дзе стаялі ці звычайна ставяць стагі сена (БРС). Тое ж стажа́р (Рэч.), стажа́рня (Пол.), стажа́ры́шча, стагаві́нне, стаговішча, стогавішча, стажар'ё (Слаўг.), стагаві́шча (Слаўг., Ст.-дар.), стожышча (Нас., Слаўг.), сціжа́р'е (Кар.), сцяжа́р'е (Стаўбц.).

ур. Стажа́ркі (луг) каля в. Заспа Рэч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

блі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік. Бядуля. // Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі. Чорны.

2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною. Гартны. Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады. Чорны. Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу. Шамякін.

3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Кулакоўскі. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. Чорны. / у знач. наз. блі́зкі, ‑ага, м. Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць. Лужанін. // Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.

4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар. Гілевіч. / у знач. наз. блі́зкія, ‑іх, мн. Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас. Астрэйка.

5. перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін. Прыходзька. / у знач. наз. блі́зкае, ‑ага, н. Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца. Шамякін.

6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.

•••

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)