сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял.Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс.чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ САЮ́З, Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам,
агульнарасійскае грамадскае аб’яднанне з мэтай дапамогі ўраду ў арганізацыі тылу ў перыяд 1-й сусв. вайны. Засн. 30.7.1914 на з’ездзе ўпаўнаважаных губ. земстваў, які выбраў гал.к-т саюза на чале з кн. Г.Я.Львовым. Створаны пав., губ., франтавыя і абл. к-ты. Займаўся дапамогай хворым і параненым, выконваў заказы гал. інтэнданцтва на пастаўкі вопраткі і абутку для арміі, арганізоўваў дапамогу бежанцам.
З мэтай забеспячэння рас. арміі ўзбраеннем і амуніцыяй 10.7.1915 разам з Усерасійскім саюзам гарадоў стварыў аб’яднаны Земска-гарадскі саюз. Быў паліт. органам гандл.-прамысл. буржуазіі, адной з апор «Прагрэсіўнага блока», выступаў за абнаўленне царскага ўрада, чым выклікаў яго незадавальненне. У снеж. 1916 З.с. у Маскве разагнаны паліцыяй, аднак працягваў дзейнасць. Пасля Лют. рэвалюцыі кіраўнікі З.с. (Львоў і інш.) увайшлі ў склад Часовага ўрада. 4(17).1.1918 дэкрэтам СНКгал.к-т З.с. скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IIIВялікі
(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),
польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл.Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).
Літ.:
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст.н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст.н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст.н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНТО́ВІЧ (Валерый Аляксеевіч) (н. 29.1.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1983). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1964). Працуе на Мінскім фарфоравым з-дзе (з 1966 гал. мастак). Распрацоўвае для масавай вытв-сці ўзоры сервізаў, ваз, сувеніраў і інш. Сярод работ: сервізы «Віды Мінска» (1966), «Гербы беларускіх гарадоў» (1969), «Вішнёвы» (1976), «Раўбічы» (1981), «Карункі» (1990), «Казіно» і «Сетачка» (абодва 1996), «Кветкі» і «Восень» (абодва 1998); вазы «Гісторыя» (1965), «Народная» (1971), «Юбілейная» (1978), «100 гадоў Янку Купалу» і «100 гадоў Якубу Коласу» (1982), «Каласок» (1986), «Слуцкая» і «Лотас» (абедзве 1998); набор дэкар. блюд «Слуцкія матывы» (1997). Аўтар дэкар. пано ў рэстаранах «Вячэрні» (1974) і аэравакзала (1980) у Мінску, інтэр’ера гасцініцы «Мальбарк» (г. Мальбарк, Польшча; 1993, у сааўт.). Залаты медаль Міжнар. кірмашу ў г. Брно (Чэхія, 1983).
В.Леантовіч. Сервіз для кавы і гарбаты «Сетачка». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРВ,
адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).