КІ́ЕЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Кіева-Магілянская акадэмія,

першая вышэйшая навуч. ўстанова, асв. і культ. цэнтр на Украіне. Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П.Магілы). У 1701 калегіуму нададзены правы і тытул акадэміі. Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філал. падрыхтоўку, вывучалі ўкр., грэч., лац., польск. мовы, класічную грэч. і рымскую, сярэдневяковую л-ру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены рус., франц., ням., стараж.-яўр. мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання К.а. — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала маст. і муз. адукацыя. Б-ка акадэміі ў 2-й пал. 18 ст. мела 12 тыс. тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экз.). К.а. адыграла вял. ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца бел. правасл. моладзі (навуч. ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У К.а. атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І.Канановіч-Гарбацкі, Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф.Пракаповіч, Г.Каніскі, С.Косаў і інш., у 1734 вучыўся М.Ламаносаў. З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уста́віць, устаўлю, уставіш, уставіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Уставіць шкло ў раму. □ [Сымон] зайшоў у свіронак, забраў Андрэеву асьміну, якую перад гэтым склаў і ўставіў новае дно, і панёс яе да Андрэя. Чарнышэвіч. Калі з алмазнага пярсцёнка ўставіць у разец крышталь — пад ім засвішчуць стружкай тонкай тытан і бранявая сталь. Русецкі. // Сказаць, уключыўшы ў чыю‑н. размову сваю заўвагу і пад. Стане ажыўлена і весела, глядзіш — ужо нехта кінуў жарт, другі ўставіў трапнае слова, дружны смех нібы ўскалыхнуў сцены. Хадкевіч. — Праўда, Алесь, прыходзь, каяцца не будзеш, — уставіў сваё слова і Мікітка. Сіняўскі. // Запісаць, упісаць куды‑н. З вамі адкрыта, а вы, як толькі што, і ўставіце прозвішча ў артыкул. «ЛіМ». // Унесці дадатак у рукапіс. Уставіць прапушчанае слова.

2. Заняць, укрыць усю паверхню. Умомант пасярод пакоя паставілі стол, накрылі яго абрусам, уставілі бутэлькамі і смажанінай. Лупсякоў. Назаўтра, каля паўдня, увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі. Пальчэўскі.

3. Пільна глядзець на каго‑, што‑н. Мальвіна вушы навастрыла, у мужа ўставіла свой зрок. Колас.

•••

Уставіць вочы — тое, што і уставіць (у 3 знач.).

Уставіць мазгі — прымусіць зразумець памылку, змяніць погляд, думку.

Уставіць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой.

Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.У.Языковіч.

Да арт. Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс. ж. (1998).

У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.І.Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.

Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.Шагала.

Лёзна. Вуліца Леніна.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцаміадкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2–3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,

вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.

Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.В.Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.В.Дакучаеў і батанік Г.І.Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.

У пач. 20 ст. вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.М.Сукачоў, А.Ф.Флёраў, В.Р.Вільямс, У.С.Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў, іх прадаўжалі А.П.Підоплічка, М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Я.Ракоўскі, А.В.Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш. н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн. генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.

Літ.:

Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

т. 2, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,

грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-ва бел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, І.Луцкевіча, Цёткі, Я.Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-ва бел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у т. л. суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у т. л. суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскае т-ва бел. культуры імя Ф.Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-ва бел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.

А.Я.Емяльянава.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.П.Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.Ф.Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.М.Пісарэўскі, В.Т.Андрыянаў, С.М.Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.Г.Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.М.Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.А.Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.М.Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.Л.Аксёнцаў і А.А.Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.В.Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́Ц,

гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Дзяржынскам, Стоўбцамі, Навагрудкам. За 31 км ад Валожына, 60 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Койданава, на лініі Мінск—Баранавічы. 5 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 1522 згадваецца як мястэчка Мінскага пав, ВКЛ, уладанне Салагубаў. У сярэдзіне 16 ст. ў І. пратэстанцкая абшчына, кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 пабудаваны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 моцна разбураны. У 1702 заснаваны касцёл і кляштар францысканцаў. У пач. 18 ст. цэнтр графства. У 1709 згарэлі 210 двароў, касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1869 адкрыта нар. вучылішча. У 1880-я г. ў І. 288 дамоў, 2 школы, 35 крам, 17 ганчарных майстэрань, 2 пастаялыя двары, 2 касцёлы, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У 1888 у час пажару амаль поўнасцю згарэў. У 1897—2445 ж., 399 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1923 цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., 2226 жыхароў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, да крас. 1962 цэнтр Івянецкага раёна. З 25.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія ў І. і раёне загубілі 2789 чал. У чэрв. 1943 партызаны разграмілі ў І. варожы гарнізон. У 1962—65 у Стаўбцоўскім, у крас.снеж. 1962 і з 1965 у Валожынскім р-нах, з кастр. 1973 цэнтр сельсавета. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.

Фабрыка маст. керамікі. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў (1702—05), Івянецкі Аляксееўскі касцёл (1905—07), сядзіба (пач. 20 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Івянецкая кераміка).

Гарадскі пасёлак Івянец. Плошча Свабоды.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)