гара́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм.

1. Хвароба, пры якой у хворага бывае высокая тэмпература; ліхаманка. Два дні Марынка не выходзіла з кватэры бацькоў — ляжала ў пасцелі, перамагаючы гарачку і трызненне ў паўсне. Хадкевіч.

2. перан.; чаго або якая. Моцнае ўзрушэнне, захапленне, азарт. Гарачка нажывы. Карцёжная гарачка. □ Усіх [вяскоўцаў] ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Шамякін. // Спешка ў якой‑н. рабоце. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае, Бо хмара сіваю градою Ужо звісла нізка над зямлёю. Колас.

•••

Белая гарачка — захворванне, якое ўзнікае ў выніку алкагалізму і суправаджаецца трызненнем і галюцынацыямі.

Пароць гарачку гл. пароць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. запрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. запражы; зак., каго-што.

1. Вупражжу злучыць (запражную жывёліну) з калёсамі, санямі і пад.; упрэгчы. На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка.., каб завезці пляменніка на станцыю. Колас. Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманам і памчаўся даганяць мужыка. Якімовіч. / Пра калёсы, сані і пад. Зараз жа загадаў [пан] запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку... Чарот.

2. перан. Разм. Нагрузіць цяжкай работай, прымусіць многа працаваць. Запрэгчы ў работу. □ Маці нашай не заставалася нічога іншага, як запрэгчы ў гаспадарку мяне. Брыль.

•••

Запрэгчы ў аглоблі (у хамут) — узяўшы над сваю ўладу, прымусіць працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зігза́г, ‑а, м.

1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.

2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.

3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.

[Фр. zigzag з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.

•••

Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капе́ж, капяжу і капяжа, м.

1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.

2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.

3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нада́рыцца, ‑рыцца, зак.

1. безас. з інф. Прыйсціся, выпасці каму‑н. І вось аднойчы, неяк скора пасля Айчыннай вайны, мне надарылася быць недалёка ад Лапаціч. Пальчэўскі. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка. // Здарыцца, дастацца на чыю‑н. долю. І ўжо трэба ж такому зноў надарыцца: апошні сын вымушаны апрануць на сябе шынель. Гроднеў.

2. Выдацца, выпасці. [Валя:] — Як толькі надарыцца вольная часінка — прыходзьце абавязкова. Я цяпер дома, і клопатаў у мяне мала. Пасядзіце ў садзе, адпачняце... Савіцкі. І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі. Колас. Ноч надарылася цёмная, без аніводнай зоркі на небе. Васілёнак.

3. Трапіцца, сустрэцца. Пакідаць карову нанач адну было рызыкоўна — мог надарыцца звер. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́пуск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. напусціць (у 2, 4 і 7 знач.).

2. Частка адзення, якая свабодна звісае, выступае над чым‑н. Кофтачка з напускам. □ Выйшлі ў Галіцу завідна, каб да змяркання быць у школе. Бацька — у сінім суконным пінжаку ў палоску, у карычневых штанах з напускам на боты. Паўлаў. // Навіслая частка капелюша, кепкі. Пасыпаны рабаціннем носік Банадзюка зусім гінуў пад напускам капелюша. Пестрак. // Частка прычоскі, што навісае на лоб. Прычоска з напускам. □ У кабінеце, акрамя старшыні, сядзелі два чалавекі. Адзін быў старэйшы, з напускам валасоў на лоб, а другі — маладзейшы. Ермаловіч. // Частка даху, якая звісае. Дах клетак робіцца з напускам.

3. Спец. Спуск сабак з прывязі на звера ў час палявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.

1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.

2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.

3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.

4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.

5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Страціць дом, маёмасць у выніку пажару. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў .. дах над галавой. Шамякін. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць — пра ўсё, многае. [Самабыліха:] — Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася.. Усе булкі пагарэлі, адны бляхі засталіся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выгараць, засохнуць ад гарачыні. Лясы пагарэлі. Трава пагарэла.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць некаторы час. Свечкі пагарэлі і пагаслі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу; аказацца ў цяжкім становішчы. Прамоўца выступаў на сходзе І пагарэў, як кажуць, пры народзе. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)