ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,

недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску н.-д. камерцыйным ін-там прадпрымальніцкай дзейнасці. Рыхтуе эканамістаў, эканамістаў-менеджэраў, перакладчыкаў-рэферэнтаў. У 2000/01 навуч. г. ф-ты: знешнеэканам. дзейнасці, камерцыйны, завочны. Навучанне дзённае і завочнае, платнае. Мае 2 лабараторыі інфарматыкі, лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, друкарскі цэх, б-ку (13 тыс. экз.). Праводзіць н.-д. работу.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,

слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІТА́НКАВАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від артылерыі для паражэння танкаў і інш. браніраванай тэхнікі. На ўзбраенні мае процітанкавы ракетны комплекс, процітанкавыя пушкі, безадкатныя гарматы. Паражае цэлі ракетамі, агнём прамой наводкай ствольнай артылерыі бранябойнымі (падкалібернымі і кумулятыўнымі) снарадамі. У Вял. Айч. вайну выкарыстоўваліся 57-мм пушкі ЗІС-2, 100-мм БС-3 (далёкасць прамога выстралу 0,9—1,1 км, прабіванне брані да 160 мм) і інш.

Р.​Г.​Флярко.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВУ́ЗЕЛ, радыётрансляцыйны вузел,

комплекс апаратуры для перадачы радыёвяшчальных праграм і праграм мясц. вяшчання абанентам сеткі праваднога радыёвяшчання.

Мае ўзмацняльную і кантрольна-вымяральную апаратуру, блокі сілкавання і інш. Праграма, прынятая ад знешняй крыніцы, узмацняецца (па нізкай частаце) і перадаецца ў правадную сетку. Для перадачы праграм мясц. вяшчання на Р. ёсць мікрафоны, магнітафоны, электрапрайгравальнікі і інш. Існуюць Р., якія працуюць без абслуговага персаналу (пераважна для рэтрансляцыі).

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССВІДРО́ЎКА,

шматлязовы металарэзны інструмент для чыставой апрацоўкі адтулін. Складаецца з рабочай часткі, шыйкі, хваставіка, мае звычайна 6—12 зубоў, што надае ёй высокую ўстойлівасць і павышаную ў параўнанні са свердлам жорсткасць. Бываюць для машыннай (выкарыстоўваюць на станках) і ручной апрацоўкі. Паводле формы адтуліны адрозніваюць цыліндрычныя, канічныя і ступеньчатыя; паводле формы зубоў — з прамымі і вінтавымі зубамі; паводле канструкцыі — суцэльныя, зборныя і інш.

Рассвідроўкі розных тыпаў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

узаемадзеянне нейтронаў з рэчывам. Бывае патэнцыяльнае (пругкае рассеянне, пры якім захоўваюцца сумарная кінетычная энергія ядра і нейтрона) і рэзананснае (нейтрон захопліваецца ядром з утварэннем састаўнога ядра). Асн. характарыстыкі вызначаюцца асаблівасцямі нейтронаў: нейтрон электранейтральны, лёгка дасягае атамнага ядра і ўзаемадзейнічае з ім ці з асобнымі нуклонамі ядра, мае ўласны магн. момант, што выклікае рассеянне на электронах атама. Гл. таксама Нейтронаграфія, Нейтронная оптыка, Нейтронная спектраскапія.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,

гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНАЯ МУКА́,

кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)