Буя́к ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883); ужо ст.-бел. (Булыка, Запазыч.). Булыка (Запазыч., 54) лічыць ст.-бел. слова запазычаннем з польск. bujak ’тс’ (ад bujać; але параўн. і славац. bujak ’бык’, якое Махэк₁ (50) лічыць вытворным, метатэзай, з *buhaj, з ад’ідэацыяй да bujný). Слова гэта, аднак, ёсць у зах.-рус. гаворках і ў зах.-украінскіх. Таму не выключаецца, што яно ўтворана ад буя́ць (гл.) ’рыкаць, гудзець’ або буя́ніць ’шалець’. Параўн. буя́н ’бык’. Гл. яшчэ Лабкоў Бел.-польск. ізал., 70–72 (і карту 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́пса ’пагардлівая назва састарэлага’ (Нас., Гарэц.); ’сабачая морда’ (Бяльк.). Рус. смал. вы́пса ’лаянка’. Традыцыйна лічыцца літуанізмам; яшчэ Карскі (Белорусы, 128) параўноўваў з літ. vypsau, vypsóti ’стаяць або сядзець з насмешлівым выразам твару’. Урбуціс (Baltistica, 5 (1), 53) указвае і на зафіксаванае ў картатэцы (адзін раз) LKŽ vypsá ’мянушка чалавека’. У семантычных адносінах вельмі прывабліва звязаць гэта слова з выпсець (гл.); параўн., напр., думку аб сувязі рус. хрыч са ст.-рус. гричь ’сабака’ (Трубачоў, Происх., 27), але словаўтварэнне тлумачыць у гэтым выпадку цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́трашчыць (вочы) ’вылупіць’ (БРС, Шат.). Мяркуючы па ізаляванасці слова ў бел., можна лічыць запазычаннем з польск. wytrzeszyć (oczy) ’тс’; параўн. яшчэ чэш. vytřeštiti (oči), славац. vytrieštať ’тс’. Пэўнай этымалогіі гэтых слоў няма. Брукнер (579) звязвае з trěsk‑, але гэта не дакладна. Фасмер (4, 23) адхіляе і роднасць з рус. вытаращить, таращить (глаза). Іначай Махэк₂ (657), як і рус., і заходнеслав. словы выводзіць ад і.-е. ster‑ ’быць нерухомым’ (*ster‑skati) і параўноўвае з літ. (pa)stérti ’ўтаропіцца’, ням. stieren і starren ’тс’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галата́ ’беднасць; бедната, галота’ (Шат.). Як і гало́та, утварэнне ад *golъ ’голы; бедны’ (суф. ‑ota). Параўн. рус. го́ло́та́ ’бедната’, укр. голо́та ’тс’. Хістанне ў націску адлюстроўвае дыферэнцыяцыю значэнняў гэтага ўтварэння (у некаторых мовах), ‑otá (для абстрактных назваў), ‑óta (для канкрэтных назваў). Матэрыял з іншых слав. моў (але без рус. мовы) і агляд этымалогій гл. у Слаўскага, 1, 426–427 Фантастычна Фасмер, 1, 431 (да ц.-слав. глота, балг. гло́та ’натоўп, стада’, серб.-харв. гло̏та ’сямейства’ і г. д. < прасл. *gъlota).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гні́да ’гніда’ (БРС, Касп., Шат.). Рус. гни́да, укр. гни́да, польск. gnida, чэш. hnida, серб.-харв. гњи̏да, балг. гни́да і г. д. Прасл. *gnida ’тс’. Роднаснымі лічацца літ. glìnda, лат. gnida, ст.-ісл. gnit і г. д. Фасмер, 1, 421; Слаўскі, 1, 303; Брукнер, 147; вельмі падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 6, 173–174 (дзе дэталёва аналізуецца складаная праблематыка). Звычайна звязвалі гэта слова ў слав. мовах з слав. дзеясловам *gniti ’гнісці’ (агляд гл. у Фасмера і Трубачова), але праблематыка тут больш складаная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́рса ’гірса, Bromus secalinus L.’ (Нас., Касп., Шат.), гірса́ (БРС), ґі́рса (Сцяшк.) (агляд форм гл. Кіс., 26; Непакупны, Лекс. балтызмы, 30), таксама гірс, дырса. Для найбольш пашыранага варыянта гірса крыніцай з’яўляецца літ. girsa, gìrsė (Непакупны, там жа). Варыянтнасць гірса : дырса назіраецца ў Гродз. вобл, і ў Польшчы (на Беласточчыне). Для варыянта дырса крыніцай з’яўляецца літ. dìrsė, але лінгвагеаграфічная праблематыка тут вельмі складаная (гл. Непакупны, там жа). Гл. яшчэ Сл. паўн.-зах. Параўн. яшчэ рус. дыял. ги́рса, польск. дыял. girsa (гл. Фасмер, і, 408).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)