ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.
2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рысу́нак, ‑нка, м.
Тое, што і малюнак. Рысунак сябрам спадабаўся. Яны палажылі яго ў канверт і адправілі пісьмо Жуку нелегальна. Ці атрымаў яго адрасат і як паставіўся да рысунка, сябры не дазналіся. Колас. — Я, таварыш інжынер, не магу разабрацца ў гэтых справах, я нідзе не вучылася, якія-небудзь вялікія там пабудовы бачыла толькі калі-небудзь на здымках, на рысунках. Чорны. Ёсць у апавяданні таксама цікавы псіхалагічны рысунак Веранікі і самога лірычнага героя, ад імя якога апавяданне вядзецца. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.
Разм.
1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.
2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
святы́ня, ‑і, ж.
1. Прадмет або месца для пакланення веруючых. Палесцінскія святыні. □ — Расколы, расколы! — трос галавою дзед Марцін. — Не хочаш ты богу маліцца, маліся чорту лысаму, але навошта гэты здзек над святыняю? Колас.
2. перан.; звычайна чаго або якая. Што-небудзь асабліва дарагое, вельмі паважанае, любімае. Імёны герояў камуністычнага руху, прыклады мужнасці і вернасці справе рабочага класа назаўсёды застануцца святыняй для ўсіх сапраўдных рэвалюцыянераў. Брэжнеў. Славу нашай рэспублікі, што здабыта ў баях агнявых, Берагуць, як святыню. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.
2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сканда́л, ‑у, м.
1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.
2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.
[Фр. scandale.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́ва, ‑ы, ж.
1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.
2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ссох, ‑ла; зак.
1. Высахнуць, завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава ссохла. □ Яблыні вунь як даглядае гаспадар і то возьмуць часам і ссохнуць. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Знудзіцца, стаць худым ад перажыванняў, турбот і пад.; зачахнуць. Цяпер-то я [Андрэй] зразумеў, што Міша любіць Таню і любіць шчырэй, чым я. Хлопец зусім ссох па ёй. Чарнышэвіч.
3. Страціць свежасць; сасмягнуць (пра губы). [Сымон:] — Ты [Ганна] стамілася, галубка, Ссохлі губкі. Ты ў агні. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаж, ‑у, м.
1. Тэрмін, на працягу якога чалавек працуе або набывае спецыялізацыю. Працоўны стаж. Вытворчы стаж. □ І вось што цікава, і гэта трэба адзначыць, хлопцы, — гаварыў Міхась Лабада, настаўнік з пяцігадовым стажам, — сярод нашых мікуцічан ніводнага злодзея. Колас. // Тэрмін знаходжання ў якой‑н. грамадскай арганізацыі. Прафсаюзны стаж. Партыйны стаж.
2. Набыццё практычнага вопыту асобай, якая толькі што пачала працаваць; вытворчая практыка навучэнцаў. Праходзіць выпрабавальны стаж.
•••
Кандыдацкі стаж — выпрабавальны тэрмін пры ўступленні ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
[Фр. stage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбу́р 1, ‑а, м.
Абл.
1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.
2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.
стаўбу́р 2, ‑у, м.
Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)