ХІЛІ́ЯЗМ (ад грэч. chilias тысяча), міленарызм (ад лац. mille тысяча),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога канчатковаму канцу свету будзе папярэднічаць тысячагадовы перыяд Царства Божага (другое прышэсце Хрыста), калі ўсталююцца ўсеагульны мір і гармонія паміж чалавекам і прыродай. Узнік ва ўлонні хрысціянства на мяжы 1—2 ст., відаць, пад уплывам іудзейскага вучэння пра месію. Гал. біблейская крыніца Х. — літаральнае тлумачэнне 20—22-й глаў Адкрыцця св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіса), а таксама сцвярджэнні ў інш. кнігах Новага Запавету (Евангелле ад Лукі, 1-е Пасланне да карынфіян апостала Паўла і інш.). Заснавальнікам Х. лічыцца ератык апостальскіх часоў Керынф (некат. прыпісвалі яму аўтарства Апакаліпсіса).
Хіліястычных ідэй прытрымліваліся многія стараж.-хрысц. тэолагі і пісьменнікі (Папій Іерапольскі, Юсцін-філосаф. Юлій Афрыканскі, К.С.Ф.Тэртуліян і інш.). Супраць Х. выступалі Дыянісій Вялікі, Еўсевій Кесарыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзім, Аўгусцін Блажэнны і інш. У 2 ст. Х. быў найб. пашыраны ў малаазійскіх цэрквах, у 3 ст. — у Егіпце. У 4 ст., калі хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй у Рым. імперыі, хрысц. царква пачала праследаваць хіліястаў як ератыкоў. У сярэдневякоўе, у час росквіту разнастайных містычных вучэнняў, Х. аднавіўся і стаў часткай многіх ератычных вучэнняў; яго прапаведавалі Іаахім Флорскі. радыкальныя рэфарматары (альбігойцы, Т.Мюнцэр, гусіты. анабаптысты). Х. пашырыўся ў 19—20 ст.: яго прытрымліваюцца адвентысты, мармоны, сведкі Іеговы. Каталіцкі касцёл з Эфескага сабора (431) лічыць Х. тэалаг. памылкай (у 1944 ён афіцыйна асуджаны каталіцкімі касцельнымі ўладамі). Правасл. багаслоўе пакідае гэтае пытанне адкрытым. Адмоўна ставяцца да Х. і асн. пратэстанцкія цэрквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ (ЦАМА) Рэспублікі Беларусь, Архіў Міністэрства абароны. Створаны 16.6.1946 у Мінску на базе аддзела архіваў штаба БВА. Спачатку наз. Архіў штаба БВА (у 1951—56 часова — «аддзел архіваў»), дзе камплектаваліся дакументы вайск. часцей і ўстаноў, што дыслацыраваліся на тэр.БВА, упраўленняў і аддзелаў яго штаба. Кожныя 5 гадоў адбывалася перадача дакументаў у Цэнтр. архіў Мін-ва абароны СССР (апошні раз перададзены дакументы да 1980). 4.1.1993 пераўтвораны ў ЦАМА. На 1.1.2003 у архіве 525 743 адзінкі архіўнага захавання, у т. л. 308 604 справы і 217 139 асабістых картак уліку рабочых і служачых Узбр. сіл; 4676 фондаў. Справы размешчаны ў 2 сховішчах: у 1-м дакументы БВА, у 2-м — ваен. структур, што сфарміраваліся пасля 1991. Існуюць аддзелы: архіваў, уліку, захавання і інфарм.-пошукавых сістэм; інфарм.-даведачнай працы. Найб. значныя фонды: структур штаба БВА і яго падведамстваў, ваен.ВНУ, мед. устаноў, фін. органаў, парт. і камсамольскіх арг-цый, ліквідацыйныя акты і інш. Значная колькасць дакументаў па асабовым складзе перададзена ў архіў у 2-йпал. 1990-х г. з ваен. камісарыятаў. Захоўваюцца картатэкі паслужных картак з інфармацыяй пра ўсіх афіцэраў, што служылі ў БВА, пра ваеннаслужачых, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і інш. Дакументы архіва выкарыстоўваюцца для адказаў на запыты сац.прававога характару, для даследавання гісторыі вайск. часцей і злучэнняў; а таксама складальнікамі гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» і інш.
Літ.:
Жумарь С. Архив Министерства обороны Республики Беларусь // Архівы і справаводства. 2002. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПУ́К Янка (Іван Антонавіч; псеўд.Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр.Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр.Нар. Рэспублікі, чл.Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасова дыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яе паліт. расколу прыхільнік урада В.Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел.сац. партый (крас. 1920) і бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЖУ ДЭ (6.11.1886, пав. Ілун, прав. Сычуань, Кітай — 6.7.1976),
кітайскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў Юньнаньскае ваен. вучылішча (1911). У 1909 уступіў у рэв. арг-цыю Тунмэнхой, вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1922—24, Германія). Удзельнік Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Да 1922 афіцэр у войсках мілітарысцкіх груповак (камандзір брыгады). У 1925—26 у СССР. Потым у Кітаі, далучыўся да Нац.-рэв. арміі (НРА), удзельнічаў у Паўночным паходзе 1926—28. Адзін з кіраўнікоў Наньчанскага паўстання 1927. Сфарміраваў 4-ы корпус Чырв. арміі (з Мао Цзэдунам), з 1931 галоўнакаманд. Чырв. арміі Кітая. Ваен. кіраўнік Паўночна-заходняга паходу 1934—36. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандуючы 8-й арміяй, якая дзейнічала ў тыле яп. войск у Паўн. Кітаі. У ходзе трэцяй грамадзянскай вайны ў Кітаі 1946—49 камандаваў узбр. сіламі КПК — Нац.-вызв. арміяй Кітая (НВАК), якая нанесла паражэнне рэжыму Гаміньдана. У 1945—54 галоўнакаманд. НВАК. У 1954—59 нам. старшыні КНР, з 1959 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. З 1934 чл.ЦК і чл. Палітбюро ЦККПК, у 1956—69 і 1973—76 чл. Пастаяннага к-таЦККПК. Дачка Ч.Д. Чжу Мінь, прыехаўшы ў чэрв. 1941 у піянерскі лагер у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у час Вял.Айч. вайны знаходзілася да 1944 на тэр. Беларусі (была арыштавана ням.-фаш. захопнікамі, але не апазнана; пасля вызвалення хавалася ў мірных жыхароў і партызан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫНО́ЎНІЦТВА,
асобая прывілеяваная праслойка насельніцтва, якая знаходзіцца на цывільнай дзярж. службе і спецыялізуецца на кіраванні і справаводстве. На Беларусі тэрмін «Ч.» ўвайшоў у сталы ўжытак у канцы 18 ст. пасля яе ўключэння ў склад Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай. У гэты час на Беларусі сфарміравалася дзярж.бюракратыя як асобная сац. група, арганізаваная на рацыянальных прынцыпах падзелу працы з адпаведнай спецыялізацыяй і вызначанай сферай паўнамоцтваў, са строгай іерархіяй службовых месцаў і пасад, з фармалізаванай сістэмай правіл, інструкцый і спец. прынцыпамі прасоўвання па службовай лесвіцы.
У 1-й трэці 19 ст. большасць чыноўніцкага корпуса на Беларусі фарміравалася пераважна з выхадцаў з мясц. дробнай шляхты. Вышэйшыя і найб. адказныя пасады на губернскім узроўні займалі прысланыя з рас. губерняў чыноўнікі высокага рангу або мясц. буйныя землеўладальнікі. Пасля падаўлення паўстання 1863—64 склад дзярж. апарата на Беларусі радыкальна абноўлены за кошт асоб рус. паходжання. Сярод прыбылых на Беларусь чыноўнікаў пераважалі разначынцы. З разрастаннем дзярж. апарата стаў пашырацца доступ у яго выхадцам з мясц. сялянства. Пасля 1917 тэрмін «Ч.» страціў афіц. значэнне і практычна выйшаў з ужытку. Спосабы арганізацыі рас. Ч. скапіраваны з зах.-еўрап. узораў, пераважна з прускага. У 1722 Пётр I увёў Табель аб рангах — сістэму чыноў і рангаў, паводле якой існавалі 14 класаў, што адпавядалі вызначаным штатным пасадам. Заняць пасаду ў сістэме дзярж. кіравання было немагчыма, калі кандыдат не быў чыноўнікам, г.зн. не меў класнага чыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́МБЕРЛЕНЫ (Chamberlain),
дзяржаўныя і паліт. дзеячы Вялікабрытаніі. Джозеф (8.7.1836, Лондан — 2.7.1914). Вучыўся ў каледжы Лонданскага ун-та (1850—52). Фабрыкант. У 1873—76 мэр г. Бірмінгем. З 1876 дэп. парламента ад ліберальнай партыі. У 1880—85 і 1886 міністр ва ўрадах У.Ю.Гладстана. У 1886 выступіў супраць законапраекта аб наданні Ірландыі аўтаноміі і з групай прыхільнікаў (ліберал-юніяністаў) выйшаў з ліберальнай партыі, а пазней з’яднаўся з кансерватарамі. У 1895—1903 міністр калоній. Адзін з ініцыятараў англа-бурскай вайны 1899—1902.
Осцін (16.10.1863, г. Бірмінгем — 16.3.1937), сын Джозефа. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це, потым у Парыжы і Берліне. З 1892 дэп. парламента. У 1902—1905, 1915—17, 1919—22 на розных міністэрскіх пасадах, у 1924—29 міністр замежных спраў. Змагаўся за гегемонію Вялікабрытаніі ў Еўропе, у межах гэтай палітыкі падпісаў Рэйнскі гарантыйны пакт 1925 (гл.Лакарнскія дагаворы 1925). Ініцыятар разрыву дыпламат. адносін Вялікабрытаніі з СССР у 1927 (адноўлены ў 1929 урадам лейбарыстаў).
Невіл (18.3.1869, Эдгбэстан каля г. Бірмінгем — 9.11.1940), сын Джозефа. Вучыўся ў Бірмінгемскім каледжы. Займаўся прадпрымальніцтвам. У 1915—16 лорд-мэр Бірмінгема. З 1918 дэп. парламента ад кансерватыўнай партыі. У 1922—29 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—37 міністр фінансаў. У 1930—31 старшыня кансерватыўнай партыі, у 1937—40 яе лідэр і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Прыхільнік тактыкі ўступак гітлераўскай Германіі, для прадухілення новай вайны падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938. Няўдалы для Вялікабрытаніі пачатак 2-йсусв. вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЯЛЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і унітарнага камунальнага с.-г. прадпрыемства. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Круглае, 60 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Слаўнае. 401 ж., 155 двароў (2003). Лясніцтва, лесагасп. прадпрыемства «Цяцерына». Сярэдняя школа-сад, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ вядомы з 16 ст. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67рас. армія на чале з кн. А.М.Трубяцкім у жн. 1654 каля Ш. разбіла войскі літ. гетмана Я.Радзівіла. З 1772 у Рас. імперыі. У 1779 пабудавана царква. З 1827 мястэчка ў Магілёўскім пав., 570 ж. У 1848—134 двары. У 1863 адкрыта царк.-прыходская школа. З 1867 быў маёнтак (1606 дзесяцін зямлі, бровар, вадзяны млын, карчма). У 1897—907 ж., 139 двароў, у Цяцерынскай вол. Магілёўскага пав., царк.-прыходская і яўр. малітоўная школы, хлебазапасны магазін, заезны дом, царква. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета. У 1924—35 і ў 1959—66 у Бялыніцкім, у 1935—59 і з 1966 у Круглянскім р-нах. У 1926—1009 ж., 204 двары, у 1940—686 ж., 162 двары. У Вял.Айч. вайну 5.12:1942 партызаны 8-й Круглянскай брыгады разграмілі ў Ш. ням. гарнізон. У 1944 ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 163 жыхары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧО́РСЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог на Любчу, Івянец, Карэлічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на У ад г. Навагрудак, 190 км ад Гродна, 47 км ад чыг. ст. Наваельня. 614 ж., 294 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, і М.А.Шчорсу. Помнікі архітэктуры: Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква і Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс.
Вядомы з сярэдзіны 15 ст. як уладанне Храбтовічаў (Храптовічаў). З 15 ст. ў Ш. існавала царква св. Дзмітрыя (Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква), з 2-йпал. 18 ст. — Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс. У 1789 у вёсцы Ш. 2541 ж., 484 дымы, парафіяльная школа. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1882 у Ш. існавала ланкастэрская школа на 300 сял. хлопчыкаў. У час паўстання 1830—31 двор Ш. захоплены паўстанцамі. У 1845 у маёнтку Ш. 62 вёскі (8524 душы прыгонных сялян, 1130 двароў), 20 513 дзесяцін зямлі. У 1897 у сяле Ш. 41 ж., 7 двароў, вучылішча, 2 царквы, карчма, валасное праўленне. З 1921 Ш. ў складзе Польшчы, вёска, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 400 ж, у фальварку Ш. 108 ж. (1921). З 1939 у БССР, вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага р-на Баранавіцкай, з 1954 Гродзенскай вобл., з 1956 цэнтр сельсавета Навагрудскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ САЮ́З (АС),
агульнаафрыканская міжнар. арганізацыя (53 дзяржавы-члены ў 2003). Створаны на аснове Арганізацыі афрыканскага адзінства (ААА) на яе 38-й асамблеі ў ліп. 2002 у г. Дурбан (Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР). Пасля таго, як у 1994 быў скасаваны рэжым апартэіду ў ПАР, гал. мэты, якія стаялі перад ААА, былі дасягнуты і паўстала пытанне аб рэфармаванні гэтай арганізацыі. На сустрэчы ў вер. 1999 у г. Сірт (Лівія) прынята рашэнне аб стварэнні АС, а 36-я асамблея ААА у чэрв. 2000 прыняла праект Устаноўчага акта АС, ратыфікаваны да 2002 большасцю афр. дзяржаў. Ён прадугледжвае большую ступень інтэграцыі членаў АС, чым гэта было ў ААА, у прыватнасці, пры падтрымцы 2/3 дзяржаў АС мае права на ваен. інтэрвенцыю ў краіну, якая з’яўляецца членам АС, у надзвычайных абставінах (генацыд супраць насельніцтва, ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці). Вышэйшы орган АС — асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў; важную ролю адыгрываюць таксама Выканаўчы к-т, К-т прадстаўнікоў. Дзейнасцю Саюза кіруе адм. орган — Камісія АС са штаб-кватэрай у г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Побач з Эканам., сац. і культ. саветам, у АС прадугледжана стварэнне 7 спецыялізаваных тэхн. к-таў, Усеафр. парламента, Афр. банка, Афр. валютнага фонду і Афр. інвестыцыйнага банка. У мэтах эканам. інтэграцыі краін АС прынята праграма Новае партнёрства для развіцця Афрыкі.
Літ.:
Усов В. От панафриканизма — к созданию Африканского союза // Азия и Африка сегодня. 2002. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЫ́НЦАЎ Юрый Андрэевіч (н. 17.3.1948, Масква),
расійскі літаратура- і кнігазнавец, гісторык культуры. Д-рфілал.н. (1991). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1976, Польшча). У 1976—86 навук. супрацоўнік аддзела гісторыі кнігі Дзярж. б-кі СССР імя Леніна. З 1989 старшы, вядучы навук. супрацоўнік, з 1994 дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Ін-та славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Даследуе гісторыю, культуру і л-ру Беларусі 12—20 ст., Беларусь у Еўропе і свеце, гісторыю слав. старадрукаванай кнігі, узаемасувязь слав. літаратур. Апісаў і апублікаваў крыніцы па гісторыі і культуры беларусаў, што захоўваюцца ў розных краінах свету: «Кірылаўскія выданні Супрасльскай друкарні» (1978), «Славянская кірылаўская друкаваная кніжнасць XV — 1-й чвэрці XVII ст.» (1982), «Апісанне выданняў Нясвіжскай друкарні і друкарні Васіля Цяпінскага» (1985), «Кнігі Францыска Скарыны» ў Цэнтр.навук. б-цы АН УССР у Кіеве (1991), «Архіў беларускага Адраджэння: Дакумент. помнікі бел. царкоўнай і грамадз. гісторыі ў зборах Музея імя І.Луцкевіча ў Вільні» (1993) і інш.
Тв.:
Скарынаўскі каляндар. 2 выд.Мн., 1990;
В глубинном Полесье: (Турово-Пинская земля). М., 1989;
Ставшие ее частью. М., 1990;
Пачатае Скарынам: Бел. друкав. літ-ра эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
«Зерцало жития...»: З літ. спадчыны Францыска Скарыны.
Мн., 1991; «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992; Старая казка Палесся: (Турава-Пінская зямля). Мн., 1993; W mieście zwanym Zabłudowem. Białystok, 1995 (разам з Л.Л.Шчавінскай); Воссиявший нам на Руси. Гомель; М., 1996.