ГАРБА́РСТВА,

рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГНО́СТЫКА ПЛА́ЗМЫ,

сукупнасць метадаў вызначэння параметраў (характарыстык) плазмы; раздзел фізікі плазмы, які вывучае фіз. асновы гэтых метадаў і распрацоўвае іх. Да параметраў плазмы адносяцца шчыльнасць часціц, т-ра (сярэдняя энергія часціц), інтэнсіўнасць выпрамянення, характарыстыкі эл. і магн. палёў і інш. Вынікі Д.п. выкарыстоўваюцца пры правядзенні эксперым. даследаванняў, а таксама для кантролю за станам плазмы і кіравання працэсамі ў плазменных устаноўках.

Д.п. бярэ пачатак у астрафіз. даследаваннях. Лабараторная Д.п. сфарміравалася як самаст. дысцыпліна ў працах па вывучэнні газавых разрадаў (гл. Электрычныя разрады ў газах). Большасць метадаў Д.п. бескантактныя: носьбіты інфармацыі — палі і выпрамяненні ў наваколлі плазмы, для характарыстык якіх папярэдне ўстаноўлена залежнасць ад параметраў плазмы. Пасіўныя метады заснаваны на рэгістрацыі выпрамяненняў і патокаў часціц з плазмы або вымярэнні характарыстык навакольных палёў; актыўныя — на вымярэнні знешняга выпрамянення, якое праходзіць праз плазму, а таксама водгуку плазмы на яго. Найб. пашыраны: зондавы, аптычны (у т. л. фатагр., ценявы, інтэрфераметрычны, галаграфічны і інш.), спектраскапічны, мікрахвалевы, рэнтгенаўскі, лазерны, карпускулярны і цеплафіз. метады.

На Беларусі даследаванні па Д.п. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-тах фізікі, цепла- і масаабмену Нац. АН, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ.

Літ.:

Диагностика плазмы. [Вып. 1—7], М., 1963—90;

Кузнецов Э.И., Щеглов Д.А. Методы диагностики высокотемпературной плазмы. 2 изд. М., 1980.

Я.​А.​Яршоў.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМБЕ́ЗІ (Zambezi),

рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл. бас. 1330 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі са снеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс. м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.

Даліна р. Замбезі.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,

царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.

Літ.:

Федотов Г.П. Святые Древней Руси. М., 1990;

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,

выдавецтва Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку. Засн. ў крас. 1951 у Мінску як Дзярж. вучэбна-пед. выд-ва Мін-ва культуры Беларусі. З 1963 сучасная назва. Выпускае падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і дыдактычныя выданні для агульнаадук. школы, навук.-папулярную і даведачную л-ру, вучэбна-метадычныя комплексы. Забяспечвае вучэбнай л-рай спец. агульнаадук. школы для дзяцей з затрымкай фіз. развіцця і інш. недахопамі і парушэннямі (ілюстраваныя каляровыя падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі). Стварае вучэбна-метадычныя комплексы: падручнік — вучэбны дапаможнік — метадычныя ўказанні да іх — дыдактычныя матэрыялы — наглядныя дапаможнікі. «Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў», «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры», «Бібліятэка настаўніка рускай мовы», «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дапамагалі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэт. узроўні. Выдала шмат навук.-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях «Школьнікам аб гісторыі Беларусі», «Народныя пісьменнікі Беларусі», «Наша прырода», «Вучням аб прафесіях», а таксама фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, І.​Шамякіна і інш., творы М.​Гогаля, М.​Горкага, Л.​Талстога, працы класікаў пед. навукі. Больш за 10 гадоў выходзіла серыя «Бацькам пра дзяцей», надрукавана шмат выданняў па дашкольным выхаванні. У 1977 «Буквар» для нац. школы А.​К.​Клышкі атрымаў залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы.

І.​М.​Лапцёнак.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (НАК),

нацыянальная арг-цыя, якая прадстаўляе краіну ў міжнар. алімпійскім руху. Стварэнне НАК. прадугледжваецца алімпійскай хартыяй у краінах і на асобных тэрыторыях. Садзейнічае развіццю алімп. руху і аматарскага спорту, наглядае за захаваннем алімп. прынцыпаў у краіне, забяспечвае ўдзел спартсменаў нац. каманд у Алімпійскіх гульнях. Стварэнне НАК і прызнанне яго Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК.) — умова допуску нац. каманд да ўдзелу ў Алімп. гульнях. НАК аб’ядноўвае 5 і больш нац. федэрацый па алімпійскіх відах спорту (федэрацыі ўваходзяць у адпаведныя міжнар. спарт. аб’яднанні). У НАК уваходзяць члены МАК краіны, кіраўнікі нац. спарт. федэрацый па алімп. відах спорту, прадстаўнікі краіны ў міжнар. спарт. аб’яднаннях, дзеячы фіз. культуры і спорту (згодна з уставам МАК). НАК карыстаецца алімпійскай сімволікай. У 1968 (Мехіка) створаны пастаянная Ген. асамблея НАК і аб’яднанне еўрап. НАК (э 1979 — Асацыяцыя НАК Еўропы).

На Беларусі НАК створаны 22.3.1991, прызнаны МАК 21.9.1993. Першы прэзідэнт НАК У.​М.​Рыжанкоў (1991—96), з 1997 А.​Р.​Лукашэнка. Вышэйшы орган — алімп. сход. Паміж сходамі працуе выканком (на чале з прэзідэнтам НАК) і бюро выканкома. Арганізац.выканаўчую і фін.-гасп. дзейнасць ажыццяўляе сакратарыят. Працуе 11 пастаянных камісій. НАК мае прадстаўніцтвы ў кожнай вобласці рэспублікі і ў Мінску.

П.​П.​Рабухін.

Эмблема Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАБКІ, парубцы,

1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.

3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1872—73, 1885, 1907,

дамоўленасці паміж урадамі Расіі і Вялікабрытаніі аб узгодненай калан. палітыцы на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1872—73 заключана ў выніку абмену нотамі паміж рас. і брыт. урадамі (29.10.1872—31.1.1873). Устанавіла мяжу паміж залежным ад Вялікабрытаніі Афганістанам і падвасальным Расіі Бухарскім эміратам па рэках Пяндж і Памір. Так Вялікабрытанія атрымала сферу ўплыву на Пд ад гэтай мяжы, а Расія — на Пн. Пагадненне 1885 падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рус.-афг. канфлікт, выкліканы далучэннем да Расіі Туркменіі, вызначыла (у асн. паводле рас. патрабаванняў) лінію рас.-афг. мяжы (туркменскі участак) і склад брыт.-рас. камісіі для яе ўдакладнення і правядзення. Пагадненне 1907 падпісана ў Пецярбургу 31 жн. Расія і Вялікабрытанія прызналі тэр. недатыкальнасць Тыбета. Вялікабрытанія пагадзілася вывесці свае войскі са сталіцы Тыбета г. Лхаса і дазволіць наведванне яе рэліг. паломнікам з Расіі (буратам). Іран быў падзелены на зоны паліт.-эканам. ўплыву: рас. (паўн. і ч. цэнтр. раёнаў краіны з Тэгеранам), брытанскую (прылеглыя да брыт. Індыі і Афганістана вобласці) і нейтральную. Расія прызнала, што Афганістан знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву, Вялікабрытанія абавязалася ўстрымацца ад анексій у Афганістане. Пагадненне 1907 было важным этапам у стварэнні Антанты.

Літ.:

Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 481-482.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)