цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.

1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.

2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.

2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шык, ‑у, м.

1. Раскоша; форс, элегантнасць. Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць. Шамякін. [Жончына] заўсёднае сціплае і простае ўбранне нібы супярэчыла таму шыку, з якім апранаўся Луцкевіч. Машара. // Асаблівым паводзіны, манеры, разлічаныя на тое, каб паказаць сябе перад кім‑н. Казіная ножка — асаблівы шык і вызначае пераважна тых, хто служыць ва ўзводзе пешай разведкі. Навуменка. З пэўным шыкам, частуючы Косцю «Казбекам»,.. [Грушэўскі] падміргнуў: — Усе мы не без граха. Карпюк.

2. у знач. вык. Разм. Задавальняе ў вышэйшай ступені, з’яўляецца найлепшым. Цяпер па модніц люба глянуць: Уборы — шык, адменны густ!.. Бачыла.

[Фр. chic.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шырыня́, ‑і, ж.

1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.

3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элева́тар, ‑а, м.

1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».

2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.

3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.

[Ад лац. elevator — які падымае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эле́гія, ‑і, ж.

1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.

2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.

3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.

[Грэч. elegéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду́, абы́дзеш, абы́дзе; абышо́ў, -шла́, -шло́; абыдзі́; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго-, чаго-н.

Ён абышоў кругом сваю сялібу.

2. У ваеннай справе: зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго.

Нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго-н.; абагнуць каго-, што-н.

Абысці вёску.

4. перан. Мінуць, не закрануць каго-, што-н.

Ні адна бяда яго не абыдзе.

5. перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго-н. у размове, апавяданні і пад.

А. недарэчны выпадак.

6. перан. Не палічыцца з чым-н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго-н.

Абысці закон, загад.

7. перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

8. Прайсці па ўсёй прасторы чаго-н., наведаць розныя месцы.

З песняй абыду я нашу родную краіну.

9. Падысці да кожнага па чарзе.

10. Пашырыцца, стаць усюды вядомым.

Навіна абышла ўвесь раён.

11. Падмануць, ашукаць.

Ён умеў абысці начальства.

12. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць.

А. ўсіх на раённых спаборніцтвах.

◊

За вярсту абысці каго-што (разм.) — не мець жадання сустрэцца з кім-, чым-н., убачыць каго-, што-н.

|| незак. абыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць і абхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. абыхо́джванне, -я, н., абыхо́д, -у, М -дзе, м. і абхо́д, -у, М -дзе, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прапусці́ць, -ушчу́, -у́сціш, -у́сціць; -у́шчаны; зак.

1. што. Даць пранікнуць чаму-н. праз што-н.

Штора не прапускае святло.

2. каго-што. Прыняўшы, абслужыць, апрацаваць і пад.

П. праз станцыю трыццаць цягнікоў.

3. каго-што. Прымусіць прайсці праз што-н.

П. праз сепаратар.

4. што. Прыняўшы, зрабіць разгляд, ацаніць (разм.).

П. артыкул праз аддзел.

5. каго-што. Даць дарогу каму-, чаму-н., дазволіць прайсці, праехаць куды-н.

П. у парк. П. дзяцей наперад.

6. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго-, чаго-н., прамінуць; прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што-н.

П. два завулкі, а потым завярнуць.

Сачыць, каб не п. свой прыпынак.

7. што. Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне, дэманстраваць і пад.

Выдавецтва не прапусціла дрэнна падрыхтаваны рукапіс.

8. што. Не запоўніць якое-н. месца ў чым-н., не заняць час якім-н. дзеяннем.

П. радок для прозвішча ў дакуменце. П. адзін сказ.

9. што. Не з’явіцца (на сход, заняткі і пад.).

П. тыдзень вучобы.

10. што. Не скарыстаць што-н., упусціць.

Загаварыліся і прапусцілі трамвай. П. зручны момант.

11. што. Выпіць (спіртнога; разм.).

П. па кілішку.

|| незак. прапуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. про́пуск, -у, м. (да 1—10 знач.) і прапуска́нне, -я, н. (да 1—5, 7 і 11 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр. лій, рус. лой, польск. łój, чэш. lůj, славац. loj; славен. lǫj ’лейка’, серб.-харв. ло̑ј, макед. лой, лујот, балг. лой, ц.-слав. лои. Прасл. lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк. łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш. slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг. радоп. лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл. lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)