арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былівільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАКО́ (франц. rococo),
стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.
Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.М.Апенар, Ж.Бафран, Ж.А.Мейсанье (Францыя), Г.Кнобельсдорф, Б.Нойман, Д.Пёпельман (Германія), В.Растрэлі, С.Чавакінскі (Расія) і інш.
На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх. аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).
Літ.:
Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.Да арт.Ракако. Ф.Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.Да арт.Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.Да арт.Ракако. І.М.Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.Да арт.Ракако. І.М.Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.Да арт.Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш.Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.
Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э). Паўзаній (2 ст.н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.Ж.Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст). Першы робат сканструяваў амер.інж. Дж.Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп вучоны Н.Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн.тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл.Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш.тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.
На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў быліз-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл.Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).
Літ.:Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп.М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ.М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.
Г.І.Хуцкі, У.М.Сацута.
Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІФІКА́ЦЫЯ,
гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац.Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас.дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкіСав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр.БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізмубылі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).
Літ.:
Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;
Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АНСССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд.Мн., 1993;
Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;
Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.
Аб’ячэйвальныя сеткавыяР.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыяР.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. УсмоктвальныяР.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.
Бел. традыц.Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц.Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.
І.М.Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Ват.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Старажня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́ГІЯ (ад лац. religio набожнасць, святыня, прадмет культу),
сістэма тэалагічных дактрын, уяўленняў, культавых рэчаў і дзеянняў, а таксама арг-цый, накіраваная на абгрунтаванне існавання Бога або наогул звышнатуральнага пачатку. Існуе шмат падыходаў у вырашэнні пытанняў сутнасці і генезісу Р. Прадстаўнікі этналагічнага кірунку (Э.Тайлар, Дж.Дж.Фрэйзер, К.Леві-Строс) узнікненне Р. ставілі ў залежнасць ад прымітыўнага ўзроўню вытв-сці і духоўнай культуры. Марксізм лічыў Р. адлюстраваннем у свядомасці чалавека з’яў навакольнага свету. Псіхалагічныя канцэпцыі паходжання Р. трактуюць яе як выяўленне асобных станаў псіхікі чалавека (У.Джэмс, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Л.Леві-Бруль). П.А.Фларэнскі, Г.Лейв, Р.Ота вызначалі сутнасць Р. як агульначалавечае імкненне да свяшчэннага, трансцэндэнтнага аб’екта. Сац. змест Р. грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей (этнічных, паліт., бытавых), якой надаецца эталонны статус, замацаваны аўтарытэтам Бога. Сярод асн. функцый Р. інтэграцыйная (аб’яднанне няўстойлівых сац. суполак на аснове рэліг. ідэалогіі) і выхаваўчая (перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, духоўных каштоўнасцей, жыццёвага вопыту і інш.). Гал. элементам Р. з’яўляецца ідэалогія (веравызнанне), якая складаецца з комплексу догматаў і дактрын і канцэнтруе ў сабе сац. вопыт. Веравызнанне вызначае належнасць этнасу да пэўнай цывілізацыі (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, Э.Хантынгтан). Т.ч., Р. выступае не толькі модусам этнаўтварэння, але і дамінантай духоўнай культуры. Значнае месца ў Р. займае культ рэлігійны, дзякуючы якому ў грамадстве ўзнаўляюцца і захоўваюцца пазітыўныя традыцыі. Рэліг. арг-цыі складаюць такія ін-ты, як царква, секта, дэнамінацыя (рэліг.арг-цыя ў стадыі станаўлення), а таксама рэліг. суполкі (брацтвы, місіі, цэнтры і інш.). Р. з’яўляецца ч. натуральна-гіст. эвалюцыі грамадства, і таму спробы вывесці яе па-за межы сац. працэсу (як, напр., у СССР) адбываліся ў адм., прымусовай і нават гвалтоўнай формах. Найб. раннімі выяўленнямі Р. былімагія, татэмізм, анімізм і інш. Для стараж. Р. характэрны політэізм (мнагабожжа), які змяніўся монатэізмам (адзінабожжам). Вылучаюць розныя гіст. формы і тыпы Р.: родава-пляменныя (язычніцтва), нац.-дзярж., ці этнічныя, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі адной нацыянальнасці (даасізм, індуізм, іудаізм, сінтаізм і інш.); сусветныя, якія набылі наднац. характар і атрымалі паўсюднае пашырэнне (будызм, хрысціянства, іслам). Апошнім часам у свеце набывае дынаміку працэс стварэння адзінай глабальнай Р. ў межах экуменічнага руху на аснове ідэй і прынцыпаў розных Р. (гл.Экуменізм).
На Беларусі ў стараж. перыяд рэліг. вераванні існавалі ў форме язычніцтва. У канцы 10—пач. 11 ст.дзярж. рэлігіяй на бел. землях стала хрысціянства ва ўсх. форме (з 1054 праваслаўе), а пасля Крэўскай уніі 1385 і каталіцызм (гл.Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі). З 14—15 ст. са з’яўленнем у ВКЛ татар і яўрэяў на Беларусі пашырыліся іслам і іудаізм. У 16 ст. ўзнік пратэстантызм і яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства і інш. З 1569 дзейнічала уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква). На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічае 26 канфесій (2663 абшчыны), у т. л. 1172 правасл. абшчыны, 417 рымска-каталіцкіх, 13 грэка-каталіцкіх, 34 стараабрадніцкія, 470 хрысціян веры евангельскай, 268 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 22 — іудаістаў, 24 абшчыны мусульман і інш.
Літ.:
Никольский Н.М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974;
Фрэйзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Иллюстрированная история религий. Т. 1—2. 2 изд. М., 1992;
Митрохин Л.Н. Философия религии. М., 1993;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т. 1—2] М., 1996;
Росс Ф., Хиллс Т. Великие религии человечества: Пер. с англ. М;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, што вярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі да сав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж. граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся.Мележ.Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася.Адамчык.
2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі.Пестрак.Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца.Новікаў.// Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры.Сабаленка.
3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць.Шахавец.Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца.Якімовіч.[Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач.Васілевіч.
4.перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся.Навуменка.За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго.Шамякін.Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла.Вітка.Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе.Васілевіч.// Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.
•••
Сэрца адарваласяўкагогл. сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́цца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.
1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну.Карпаў.Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз.Непачаловіч./убезас.ужыв.З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл.Гарэцкі.// Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа.Шамякін.//перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву...Васілевіч.
2.перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло.Навуменка.Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах.Чарнышэвіч.Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны.Колас.// Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка.Шыцік.Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле.Каршукоў.Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы.Колас.
3.перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая.Колас.[Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк.Васілевіч.
4.перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны.Васілёк.Льецца ў ногі стома, бы свінец.Звонак.
5.Зал.да ліць (у 4 знач.).
•••
Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).
Льецца кроўгл. кроў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)