КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т,

апарат для праецыравання фільмаў на экран. Мае стужкапрацяжны механізм, падавальную і прыёмную касеты, святлоаптычную сістэму для прасвечвання кадра і яго праецыравання на экран, прылады гукаўзнаўлення. Бывае стацыянарны і перасоўны.

У залежнасці ад фармату фільмаў падзяляюцца на 70-мм (шырокафарматныя), 35-мм (звычайныя і шырокаэкранныя), 16 і 8-мм (вузкаплёначныя). Стэрэаскапічныя, панарамныя, кругарамныя і інш. віды фільмаў дэманструюцца К.а. спец. канструкцыі. У аматарскай кінематаграфіі дэманструюцца 8-мм фільмы (найб. пашыраны) без фанаграмы, а іх агучванне ажыццяўляецца з дапамогай магнітафона з сінхранізатарам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (20.11.1880, С.-Пецярбург — 9.7.1942),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Пачаў прафес. дзейнасць у 1901 у правінцыяльных т-рах, з 1904 у маскоўскім Т-ры Корша, з 1909 (з перапынкамі) у Малым т-ры. Творчасць вызначалася высокай прафес. культурай, характарнасцю ў выкананні камедыйных і сатыр. роляў: Цяляцеў, Лыняеў, Дудукін, Гарадулін («Шалёныя грошы», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля). Здымаўся ў фільмах.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),

пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСНЯ́НСКАЯ (Іна Львоўна) (н. 24.6.1928, Баку),

расійская паэтэса. Друкуецца з 1947. У паэт. зб-ках «Гэта было са мною» (1957), «Вернасць» (1958), «Вінаграднае святло» (1978), «Паветраны пласт» (1990), «Пасля ўсяго» (1994), «Самотны дар» (1995) і інш. глыбокія філас. абагульненні, драматызм нашага часу, пошукі веры. Яе паэзія вылучаецца тонкім лірызмам, музычнасцю, маляўнічасцю. Аўтар кн. «Шкатулка з трайным дном» (1994) пра «Паэму без героя» Г.​Ахматавай.

Тв.:

Ступени Находка отдыхающего: Поэма. М., 1990;

Из первых уст. М.,1996;

Ветер покоя. СПб.,1998.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕТАПАДО́БНЫЯ ПЛАСЦІ́НКІ,

сярэбраныя пласцінкі пераважна ў форме кружкоў без адзнак чаканкі, якія з’яўляліся ў грашовым абарачэнні з-за недастатковага ўвозу чаканнай манеты ў 10—12 ст., на тэрыторыі, дзе адсутнічала свая эмісія манет. Памер іх кружкоў і вага былі роўныя куфіцкаму дырхему (2,47—4,44 г) або зах.-еўрап. дэнарыю (1,29—1,79 г). У Стараж. Русі мелі вагу вевярыцы (0,332—0,34 г), куны (2,6—2,7 г), нагаты (3,3—3,5 г). З’яўленне мясц. чаканнай манеты змяншала колькасць М.п. у грашовым абарачэнні.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,

аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.​Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.​Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.​Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.​Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.​Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.​Бусел, П.​Валасевіч, Галубок, М.​Зароская, М.​Кудзелька (М.​Чарот).

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАГЕНЕТЫ́ЧНЫЯ СМАКТУНЫ́, монагенеі, смактуны-мнагавуснікі (Monogenea, або Monogenoidea),

клас плоскіх чарвей. 2 падкл., каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 5 сям., 50 відаў. Эктапаразіты рыб (на скуры, шчэлепах), некат. — эндапаразіты земнаводных, паўзуноў (напр., чарапах). Кожны від М.с. паразітуе на сваім гаспадары.

Даўж. ад 0,02 да 50 мм. Цела плоскае, падоўжанае. На заднім канцы прымацавальны дыск з кручкамі, двухстворкавымі клапанамі або прысоскамі, падобнымі да рота (адсюль назва — мнагавуснікі). Гермафрадыты Адкладваюць яйцы, некат. жывародныя. Развіццё без змены гаспадароў і змены пакаленняў (адсюль назва — монагенеі).

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),

1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.

2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр. серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.​Шпора, Ф.​Лахнера, І.​Райнбергера, Ч.​Станфарда і інш.).

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)