АПАРТУНІ́ЗМ (франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),

1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.

2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.​Бернштэйн, К.​Кауцкі, Л.​Мартаў) крытыкавалі У.​І.​Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.​Джыласа, М.​Нара, О.​Шыка, Р.​Гародзі, С.​Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.​С.​Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. адносін.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,

у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.

Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»

(«Biełarus»),

штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.​І.​Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.​А.​Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн. сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.​Гаруна (пад псеўд. А.​Сумны), А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, Г.​Леўчыка, К.​Сваяка і інш.

У.​М.​Конан.

Газета «Беларус». Вільня. 9.1.1914.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВЭ́ РАШО́ТКА від прасторавай рашоткі крышталёў. Прапанавана А.Бравэ ў 1848, які выказаў гіпотэзу, што прасторавыя рашоткі крышталёў пабудаваны з заканамерна размеркаваных у прасторы пунктаў (вузлоў, дзе размешчаны атамы), якія можна атрымаць у выніку паўтарэння дадзенага пункта паралельнымі пераносамі (трансляцыямі). Правядзеннем прамых ліній праз гэтыя пункты прасторавая рашотка разбіваецца на роўныя паралелепіпеды (ячэйкі).

Адрозніваюць 4 тыпы Бравэ рашоткі: прымітыўныя (вузлы — толькі ў вяршынях элементарных паралелепіпедаў), гранецэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах усіх граняў), аб’ёмнацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтры паралелепіпедаў), базацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах процілеглых граняў). Існуе 14 відаў Бравэ рашоткі, якія размеркаваны па 7 сінганіях (сістэмах): трыкліннай (1 від Бравэ рашоткі), манакліннай (2), тэтраганальнай (2), рамбічнай (4), трыганальнай (1), гексаганальнай (1), кубічнай (3). Бравэ рашотка выкарыстоўваецца пры апісанні атамнай структуры крышталёў (складаныя структуры, калі элементарная ячэйка змяшчае некалькі атамаў, апісваюць як некалькі Бравэ рашотак, устаўленых адна ў адну).

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. М., 1979.

П.​А.​Пупкевіч.

Пабудова прымітыўнай Бравэ рашоткі паралельнымі пераносамі.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),

князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».

С.​В.​Тарасаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Ян Праспер) (Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),

падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.​Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.​І.​Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая I на чале рас. дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт. Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),

працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.​Спенсера, Э.​Гартмана, Х.​Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.​Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.

Літ.:

Аристотель. Метафизика. М.; Л. 1934.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,

працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.​Боас, М.​Мід, Б.​Маліноўскі, Р.​Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.

Літ.:

Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах,

назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)