Існаваў у 1949—56 у Мінску. Паводле характару дзейнасці — вандроўны, абслугоўваў жыхароў раёнаў Беларусі. Гастраліраваў у Вільнюсе, Каўнасе, Калінінградзе і інш. У рэпертуары арыентаваўся на тагачасную і класічную драматургію: «Хто вінаваты» Г.Мдывані, «За гарызонтам» І.Гайдаенкі і І.Беркуна, «Страчаны дом» С.Міхалкова, «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Персанальная справа» А.Штэйна, «Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі, «Палкоўнік Фостэр прызнае сябе вінаватым» Р.Ваяна, «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Даманевідзімка» П.Кальдэрона, «Украдзенае шчасце» І.Франко, «Мачаха» А.Бальзака. Рэжысёры: Ю.Юроўскі (1951—52), А.Струнін (1952—54), В.Пацехін (1954—55), А.Аркадзьеў (1955—56); асобныя пастаноўкі ставілі рэжысёры Т.Гагава, У.Кухта, К.Саннікаў. У складзе трупы: засл. арт. Беларусі Ю.Арончык, Г.Лаўроў, П.Масцераў, Л.Федчанка; акцёры Т.Бандарчык, М.Бярозкін, Р.Герштэйн, Я.Громаў, В.Дземянкова, Я.Краўчанка, І.Падляхоўскі, Н.Сава, С.Сакалоў, К.Струніна. Рэарганізаваны (гл.Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
частка зямнога шара, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. У склад Т.дз. уваходзяць суша з яе нетрамі, воды і паветр. прастора, што ляжыць над сушай і водамі. Суша — уся сухапутная тэр. ў межах граніц дзяржавы. Водную тэрыторыю складаюць унутр. (нац.) і тэр. воды. Нетры, што знаходзяцца пад сухапутнай і воднай тэр., з’яўляюцца прыналежнасцю дадзенай дзяржавы да тэхнічна даступнай глыбіні. У паветраную прастору ўваходзяць трапасфера, стратасфера, а таксама значная частка вышэйляжачай прасторы. Бакавыя межы Т.дз. вызначаюцца дзярж. граніцамі. У межах сваёй тэр. дзяржава ажыццяўляе сваё вяршэнства, якое называецца тэрытарыяльным і з’яўляецца састаўной часткай дзярж. суверэнітэту. Права на Т.дз. звычайна замацоўваецца канстытуцыямі дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 9) абвяшчае тэр. краіны натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэр. Беларусі, якая складае пл. 207,6 тыс.км², адзіная і неадчужальная; яна падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і інш.адм.-тэр. адзінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДЗЕ́ЛЬНЫЯ КНЯ́СТВЫ, удзелы,
феадальныя ўладанні ў 12—16 ст., што ўтвараліся ў выніку распаду Кіеўскай Русі і драбнення буйных княстваў — Уладзіміра-Суздальскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага, Чарнігаўскага і інш. Звычайна кіраваліся князямі з членаў сям’і ці сваякоў вял. князя. З цягам часу адбывалася драбненне і саміх У.к. Намінальна яны лічыліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя (гл.Васалітэт), але былі фактычна незалежнымі, часта мелі свае войска, манету, суд, установы і інш. Сярод У.к. на тэр. Беларусі найб. вядомы Віцебскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Крэўскае, Лагожскае, Менскае, Пінскае, Слуцкае (гл. адпаведныя арт.) і інш. У працэсе ўтварэння Рускай цэнтралізаванай дзяржавы У.к. на яе тэр. ў асн. ліквідаваны да канца 16 ст., апошняе — т.зв. Касімаўскае царства — у 1681. На тэр.ВКЛ, у т. л. на Беларусі, У.к. скасаваны ў 15—16 ст., хоць назва «княства» яшчэ і ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да буйных магнацкіх уладанняў — Клецкага, Капыльскага і Слуцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́ШЧАНКА Леанід Аляксандравіч (н. 29.8.1941, в. Нагульная Тарасаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). Працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Выканаўца роляў маладых герояў, станоўчых персанажаў: Раман («Сіні снег» Я.Шабана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Фелікс («Юнацтва рыцара» В.Зуба), Міця («З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна), герцаг Арсіна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Д’Артаньян («Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма-бацькі), Келер («Стваральніца цуду» У.Гібсана). Асаблівасці творчай індывідуальнасці акцёра выявіліся ў характарных ролях: Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Гарэцкі («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Кальмон, Тарталля («Зялёная птушка», «Шчаслівыя жабракі» К.Гоцы), кот Базыль («Палёт у краіну мрояў» М.Варфаламеева), Тата («Ніхто не паверыць» паводле Я.Экхольма). Аўтар цыклаў радыёпастановак «Казкі дзядзечкі Рымуса» (1997—98), «Казачныя літары» (2000—01) і інш. Кіраўнік дзіцячай тэатр. студыі «Надзея» (з 1995). Аўтар кн. для дзяцей «Як Верабейка сябра шукаў» (1981), «Птушка шчасця» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРБО́ТКА Юзюк (Язэп Аўгусцінавіч; 4.9.1893, в. Налібакі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1945?),
бел. паэт, літаратуразнавец. Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Кіеўскага ун-та (1914—18). Удзельнік мінскага клуба «Беларуская хатка» (1916). У 1919 акцёр Бел.сав.т-ра, у 1920 адміністратар Бел.т-ра ў Мінску. Пэўны час быў супрацоўнікам літ.-выдавецкага аддзела Наркамасветы Літ.-Бел. ССР (Мінск, Бабруйск). У 1920—30-я г. паводле ўскосных звестак займаўся навук. дзейнасцю ў Польшчы. Паэт. творы, у т. л. трыялеты і санеты, вызначаюцца тонкім лірызмам, майстэрствам версіфікацыі. Аўтар арт. «Згукі сусветнай вайны 1914—1918 гг. у беларускай паэзіі» (1919). У кн. «Беларусь у песнях: Літаратурна-гістарычны нарыс» (1920) прааналізаваў гісторыю бел. паэзіі 19 — пач. 20 ст. на фоне нац.-вызв. барацьбы народа. На бел. мову пераклаў урывак з паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш», вершы У.Бенядзіктава і інш.
Літ.:
Гарэцкі М. Фарботка Я. // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ДЧАНКА Ларыса Мікалаеўна (30.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 24.8.1996),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел.тэатр.ін-т (1949). З 1949 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1953 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным т-ры, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Яе індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, лірычнасць, драматызм. Яркія, каларытныя персанажы стварыла ў бел. рэпертуары: у Т-ры пры Белдзяржэстрадзе — Насця («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы); у Магілёўскім т-ры — Дзюркіна («Злыдзень» А.Петрашкевіча), Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Грыпіна («Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота), Каралева («Янка і Ружа» У.Ягоўдзіка). З інш. роляў: Кукушкіна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Baca («Васа Жалязнова» М.Горкага), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка), Ганна Вальтэр («Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЙГІН Юрый Міхайлавіч (н. 29.4.1947, г. Гомель),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (2002). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1974). Працаваў у т-рах Расіі. У 1978—92 і з 1995 у Гомельскім абл.драм. т-ры, у 1992—95 у Гомельскім Незалежным т-ры. Валодае сцэн. абаяльнасцю, прыхільнасцю да яркай камед. формы, майстэрствам пераўвасаблення і пластычнага выражэння вобразаў. Найб. значныя ролі: Доктар, Камандор («Апошні ўзлёт», «Купала» А.Дударава), Свяшчэннік, Бергман-Ганцэвіч («Ладдзя Роспачы», «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле У.Караткевіча), Бабаеў («Грэх ды бяда на каго не жыве» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Барменталь, Журдэн («Сабачае сэрца», «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мефістофель («Святы і грэшны» М.Варфаламеева), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Эміль Рабінэ («Жульен і Каломба» Ж.Ануя), граф дэ Гіш («Каханая, я павінен памерці» паводле «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Атыліо Самуэле («Цыліндр» Э. Дэ Філіпа) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІ́ПАЎ Раман Сяргеевіч (24.1.1936, г. Сімферопаль, Украіна — 18.2.1992),
бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна ў Маскве (1957). Працаваў у т-рах Масквы, у т. л. з 1970 у Малым т-ры. У 1962—70 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Ствараў глыбока псіхал. і маштабныя вобразы, адметныя выразным псіхалагізмам, яркасцю дэталей. З лепшых роляў у т-ры імя Я.Купалы: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Андрэй Бялугін («Андрэй Бялугін» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Лапатухін («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Сацін («На дне» М.Горкага), Платаў («Сябры і гады́» Л.Зорына), Кароль («Канец—справе вянец» У.Шэкспіра), Джэсі Махоні («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта). Зняўся ў тэлеспектаклі «Крах» (прэмія Міжнар. фестывалю тэлевіз. спектакляў у Варне, 1969), кінафільмах «Па Русі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НБЕРГ Міхаіл Якаўлевіч (н. 21.2.1947, г. Мазыр Гомельскай вобл.),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Нар.арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. кансерваторыю (па класах трамбона, 1970; арк. дырыжыравання, 1981). З 1987 маст. кіраўнік-дырэктар створанага ім Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь. Адначасова з 1971 (з перапынкамі) выкладае ў Бел.АМ (з 1997 праф.). Прапагандыст музыкі бел. кампазітараў. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор фестываляў: Міжнар. джазавага (з 1994, Мінск), рэсп. — камернай музыкі «Музы Нясвіжа» (з 1996, г. Нясвіж), у гарадах Заслаўе (з 2000), Мсціслаў (2002); бел. паэзіі і песні (г. Маладзечна, з 1993; Мінск, 1995); бел.эстр. аркестраў (Мінск, 1997, 1998, 1999); дзіцячай бел.эстр. песні «Спяваем з аркестрам» (Мінск, 1998, 1999, 2000); джаза і песні «Нарачанскія хвалі» (2002). Удзельнік міжнар. фестываляў, у т. л. «Славянскі базар у Віцебску». Член Савета Рэспублікі Нац. сходу Беларусі (з 2000). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́СКІНСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
рускі нар. мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ (куфэрках, табакерках і інш.). Засн. ў 1798 П.Корабавым у с. Данілкава, якое пазней злілося з суседнім сялом Фядоскіна Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. У канцы 19 ст.вытв-сць перайшла да П.Лукуціна. «Лукуцінскія» майстры стварылі арыгінальную школу мініяцюры. якая вылучалася вытанчанасцю малюнка, маляўнічай дэкаратыўнасцю. Характэрныя прыёмы пісьма — кампазіцыі на чорным лакавым фоне з лесіроўкай па перламутры, сусальным золаце і серабры, упрыгожванне інкрустацыяй, «шатландкай» (каляровай сеткай з тонкіх ліній або палос), узорам «пад чарапаху». Пашыраныя сюжэты 19 ст. — катанне на тройках, чаяванне, танец, копіі карцін і партрэтаў, нацюрморты. З 1910 — «Фядоскінская саматужная арцель» (пазней — фабрыка). У 1931 арганізавана Фядоскінская маст. школа, якая прадоўжыла традыцыі «лукуцінскіх лакаў». З 1950-х г. побач з традыц. сюжэтамі пашырыліся казачныя, быт., пейзажныя. У 1980—90-я г. ўзрасла цікавасць да прадметнай формы.