БЕ́ЛІН-ВО́САЎЦЫ,

вадасховішча ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., за 14 км на Пд ад г. Драгічын, каля в. Белін. Створана ў 1984 для рыбагадоўлі, арашэння. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з Белінскага і навакольных каналаў. Пл. 0,62 км², даўж. 3,39 км, найб. шыр. 0,4 км, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 2,32 млн. м³. Берагі спадзістыя, вакол вадасховішча лесапасадкі. Мае мясц. рэкрэацыйнае значэнне.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе б-кі НДІ педагогікі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 450 тыс. экз. Метадычны цэнтр для б-к сістэмы Мін-ва адукацыі (акрамя б-к ВНУ). Мае міжбібліятэчны і завочны бібліятэчныя абанементы. Выдае бягучыя, рэтраспектыўныя, рэкамендацыйныя паказальнікі пед. тэматыкі, метадычныя матэрыялы ў дапамогу падведамасным б-кам.

Бібліятэка навукова-педагагічная. У аддзеле хатняга абанемента.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ пры Дзяржаўным патэнтным ведамстве Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1977 у Мінску на базе навук.-тэхн. б-кі Ін-та навук.-тэхн. інфармацыі. Найб. поўны на Беларусі фонд навук.-тэхн. л-ры і дакументацыі па ўсіх галінах прам-сці — больш за 20 млн. адзінак. Рэсп. цэнтр міжбібліятэчнага абанемента па тэхн. л-ры, метадычны цэнтр навук.-тэхн. б-к Беларусі. Мае 5 абл. філіялаў.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПО́ЛЕ,

электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іх вял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́НДА ў оптыцы,

прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.

Бленда святлоахоўная.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,

здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЯПІ́ХАВЫ АЛЕ́Й,

алей з пладоў абляпіхі. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжава-карычневага колеру, t застывання -20 °C, шчыльн. 0,92∙10​3 кг/м³, нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках. Мае ў сабе 11—12% насычаных тлустых кіслот (C16, C18), 23—42% алеінавай, 32—36% лінолевай, 14—27% ліналенавай кіслот, багаты карацінамі, караціноідамі, вітамінам Е.​Антысептык, выкарыстоўваюць пры апёках, пашкоджаннях скуры, язвавых і інш. захворваннях.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГА (Bufo marinus),

рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.

Ага.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)