КЛЕМА́Н ((Clément) Рэнэ) (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),

французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.​Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).

У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РВІ ((Nervi) П’ер Луіджы) (21.6.1891, г. Сондрыо, Італія — 9.1.1979),

італьянскі інжынер і архітэктар; стваральнік жалезабетонных канструкцый. Вучыўся ва ун-це Балонні (1908—13). З 1946 выкладаў ва ун-це ў Рыме. Для яго творчасці характэрны эксперыменты з буд. матэрыяламі і канструкцыямі, пошукі спецыфічнай для іх маст. выразнасці. У структуры збудаванняў дамагаўся выразнасці прасторавай кампазіцыі (стадыён у Фларэнцыі, 1929—32), распрацоўваў канстр. сістэму зборных вялікапралётных скляпенняў з ромбападобных жалезабетонных звёнаў (ангары для самалётаў у Арвіета, Арбетэла, 1935—40). Сярод лепшых работ Н.: будынак ЮНЕСКА у Парыжы (1957, з М.​Броерам і Б.​Зерфюсам), 32-павярховы будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане (1956—60, з Дж.​Понці), Палац працы ў Турыне (1961, з А.​Нерві).

Літ.:

Иванова Е.К., Кацнельсон Р.А. П.​Л.​Нерви. М., 1968.

П.Л.Нерві. Выставачная зала Палаца працы ў Турыне. 1961.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,

пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.​Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,

мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Амедэо) (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),

італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.​Сезана, П.​Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.​Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.​Жакоб» (1916), «Л.​Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.

Літ.:

Виленкин В.В. Амедео Модильяни. М., 1970.

А.Мадыльяні. Аголеная. 1917.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ ((Maspéro) Гастон Каміль Шарль) (23.6.1846, Парыж — 30.6.1916),

французскі гісторык, егіптолаг. Бацька А.Масперо. Чл. франц. Акадэміі надпісаў (1883, з 1914 вучоны сакратар). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы і ў егіптолага А.​Марыета. З 1873 праф. Калеж дэ Франс, у 1887—1916 — парыжскай Сарбоны. У 1881 заснаваў у Каіры ін-т усх. археалогіі, у 1881—86 і 1899—1914 дырэктар «Службы старажытнасцей» і Егіп. музея ў Каіры. Адкрыў у Егіпце стараж. тэксты на ўнутр. сценах пірамід Стараж. царства, сховішча мумій фараонаў XVII—XXII дынастый, шэраг помнікаў матэрыяльнай культуры. Аўтар прац па многіх галінах егіпталогіі (археалогія, стараж. мова, л-ра, мастацтва), фундаментальных даследаванняў: «Старажытная гісторыя народаў класічнага Усходу» (т. 1—3, 1895—99), «Даследаванні па егіпецкай міфалогіі і археалогіі» (т. 1—6, 1893—1912).

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-ДО́ЎЭЛ ((Mac Dowell) Эдуард Александэр) (18.12.1860, Нью-Йорк — 23.1.1908),

амерыканскі кампазітар, піяніст, педагог; адзін з заснавальнікаў амер. кампазітарскай школы. Паводле паходжання шатландзец. У 1876—78 вучыўся ў кансерваторыях па класах фп. і кампазіцыі ў Парыжы і Франкфурцена-Майне. З 1888 вёў пед. і канцэртную дзейнасць у г. Бостан. У 1896—1904 праф. і кіраўнік першай у ЗША кафедры музыкі ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). Сярод твораў: 3 сімф. паэмы (1885, 1888, 1889), 2 сюіты (1891, 1895) і інш. для аркестра; канцэрты для фп. з арк. (1885, 1890); 4 санаты (1893, 1895, 1900, 1901), 6 ідылій паводле І.​В.​Гётэ (1887), «Марскія сцэны» (1898), 12 віртуозных эцюдаў (1894) і інш. для фп.; хары, цыклы песень, у т. л. на ўласныя словы, а таксама на словы Р.​Бёрнса, Гётэ і інш.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕС ((Milles) Карл) (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),

шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).

К.Мілес. Чалавек і Пегас. 1949.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЦІ́НІС ((Miltinis) Юозас) (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.​Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.​Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.​Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.​Мілера (1958), «Іванаў» А.​Чэхава (1960), «Макбет» У.​Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.​Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.​Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)