АПАЛІНЭ́Р

(Apollinaire) Гіём (сапр. Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі; 26.8.1880, Рым — 9.11.1918),

французскі паэт. Кастравіцкія паходзілі з Беларусі (з гэтага роду К.Каганец). Іх маёнтак Дарашковічы (каля Навагрудка) канфіскаваны пасля паўстання 1863—64. Дзед Апалінэра эмігрыраваў у Італію, там прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. З 1899 Апалінэр у Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Літ. дзейнасць пачаў у 1901. У многіх творах адчуваецца духоўная сувязь з Расіяй, Польшчай, інш. слав. краінамі (верш «Адказ запарожскіх казакоў канстанцінопальскаму султану», раман «Жанчына ў крэсле», апавяданне «Сустрэча ў Празе»). Большасць твораў апублікавана пасмяротна. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, ці Картэж Арфея» (1911), зб-кі «Алкаголь. Вершы 1898—1913» (1913), «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918). Творчасць Апалінэра не пазбаўлена фармаліст. эксперыментаў (паасобныя вершы; буфонная п’еса «Грудзі Тырэзія», 1918; раман «Жанчына», 1920), падхопленых дадаістамі і сюррэалістамі. На бел. мову творы Апалінэра перакладала Э.Агняцвет (зб. «Зямны акіян», 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Избранная лирика. М., 1985.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)