схо́вань, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н.; схоў. Халуста за сховань крадзенага трапіў усё-такі ў турму. Чарнышэвіч. [Уладыслаў:] — Татусь, вось гэты спіс раздадзенай у сховань маёмасці аддайце арандатару. Чорны.

2. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., дзе можна знайсці прыстанішча. Кукуруза месцамі як лес, высокая і густая, часам рэдкая і невялікая. Але ўсюды сховань добрая. С. Александровіч.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. А ў мяне сховань тут ёсць у дубе .. — не стрымаўся, каб не пахваліцца хлапчук. Сачанка.

4. перан. Пра што‑н., дзе з’асяроджваецца, збіраецца што‑н. Чалавечая памяць — цудоўная сховань. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыбу́на, ‑ы, ж.

1. Узвышэнне для выступлення прамоўцы. Апошняе слова сказаў сам Лапко. Яму прыйшлося выйсці з свайго кутка на трыбуну. Колас. Глеб Іванавіч узышоў на драўляную трыбуну, прыкрытую чырвоным паркалем, узняў зялёны вучнёўскі сшытак, і тлум угаманіўся. Дуброўскі. // перан. Месца, сфера, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго‑н. Тэатр — трыбуна эпохі. «ЛіМ». [Давідзюк:] — Газета — гэта трыбуна, з якой трэба гаварыць палітычна выразна, класава накіравана, а не балбатаць тое, што трапляецца на язык. Сабаленка.

2. Збудаванне з паступовым узвышэннем радоў, лавак для публікі (на стадыёнах, на плошчах і пад.). У гэты дзень трыбуны зімовага стадыёна былі перапоўненыя. «Звязда».

[Фр. tribune.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́н

(іт. fontana, ад лац. fons, -ntis = крыніца)

1) струмень вады або якой-н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам (напр. ф. нафты);

2) архітэктурнае збудаванне, якое служыць асновай ці абрамленнем для струменяў вады;

3) перан. невычэрпны паток чаго-н. (напр. ф. красамоўства).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,

збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс. т, секцыі — да 1500 т.

Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.

Л.Я.Сцяпук, А.Л.Рапінчук.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,

збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.

Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.

На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

будава́ць, буду́ю, буду́еш, буду́е; буду́й; будава́ны; незак., што.

1. Узводзіць якое-н. збудаванне.

Б. дамы.

2. Майстраваць, выпускаць машыны і пад.

Б. камбайны.

3. перан. Ствараць, арганізоўваць.

Б. новае жыццё.

4. Намячаць, ствараць у думках планы, здагадкі і пад.

Б. планы.

5. Асноўваць, базіраваць на чым-н.

Б. сваё выступленне на канкрэтных прыкладах.

6. Выражаць, фармуляваць.

Правільна б. сказ.

7. Вычэрчваць якую-н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў.

Б. трохвугольнік.

Будаваць на пяску (неадабр.) — засноўваць на ненадзейных звестках.

Будаваць паветраныя палацы (іран.) — мроіць, планаваць нерэальнае, захапляцца нязбытнымі марамі.

|| зак. вы́будаваць, -дую, -дуеш, -дуе; -дуй; -даваны (да 1—4 знач.), пабудава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; наз. пабудо́ва, -ы, ж.

|| наз. будава́нне, -я, н. і будо́ўля, -і, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Печ1, ’пячы’, ’паліць’, ’смажыць’ (Нас., Бяльк.), пе́чца ’апекавацца, клапаціцца’ (Нас.). Рус. печь ’тс’, польск. piec, в.-луж. pjec, н.-луж. pjac, славац. piecť — паўночнаславянская ізаглоса. Да пячы́ (гл.).

Печ2, піч, пі͡эч ’цаглянае, каменнае або металічнае збудаванне, дзе разводзяць агонь, каб нагрэць памяшканне, згатаваць ежу’ (ТСБМ, Яруш., Бес., ТС, Сл. ПЗБ, Бяльк.; драг., КЭС). Укр. піч, рус. печь, польск. piec, н.-луж. pjac, в.-луж. pěc, чэш., славац. pec, славен. pẹ̑č, серб.-харв. пе̑ћ ’печ’, макед. пешт ’пячора’, балг. пещ, пещта́, ст.-слав. пещь. Прасл. *petʼь (< *pek‑tь) з *pek‑ti ’пячы’, роднаснага ст.-інд. paktṣ ’звараная страва’, pačati ’пячэ’, ст.-грэч. πέψις ’гатаванне (ежы), смажанне’, πέσσω, атычн. πέττω ’пяку’, лац. coctio ’пячэнне’, coquō ’пяку’; у балт. мовах з перастаноўкай зычных: літ. kèpti, лат. cept ’пячы, смажыць’ < і.-е. *pek​‑ti‑s (Міклашыч, 235; Покарны, 798; Траўтман, 212; Фасмер, 3, 256; Бязлай, 3, 18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ле́свіца, ‑ы, ж.

1. Збудаванне ў выглядзе раду ступенек для пад’ёму і спуску. Каменная лесвіца. Вінтавая лесвіца. □ Адразу за дзвярыма вузкая лесвіца з драўлянымі слізкімі парэнчамі. Галавач. Экскурсанты з шумам і жартамі падымаліся па лесвіцы. Краўчанка.

2. Пераноснае прыстасаванне для пад’ёму і спуску; драбіны (у 1 знач.). Адзін баец пайшоў у пуню, другі на дрывотню, а Свідзерскі па лесвіцы, прыстаўленай да зашчытка, палез на гарышча. Хомчанка. [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін.

3. перан. Паслядоўнае размяшчэнне па ўзыходзячай лініі, ад ніжэйшага да вышэйшага (якіх‑н. прадметаў, асоб, чыноў і пад.). Іерархічная лесвіца. Класіфікацыйная лесвіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.

2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.

3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДА́МБА

(галанд. dam),

гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).

Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл. Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).

Г.Г.Круглоў.

Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)