эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш.сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш.У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяццафітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,
участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяццаасабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведна-эталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],
бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАДЖА́-ХЮЮ́К (Alaca Hüyük),
узгорак недалёка ад г.Багазкёй на ПнЦэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.
Да арт.Аладжа-Хююк. Штандар з царскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына або прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, людзей у вертыкальнай або нахіленай плоскасці. Да грузападымальных машын адносяцца: грузавыя і пасаж.ліфты; пад’ёмныя краны; шахтавыя, скіпавыя, будаўнічыя і інш.пад’ёмнікі, аўтапагрузчыкі, дамкраты, талі, блокі, паліспасты, калаўроты і інш. Для пад’ёму і апускання людзей выкарыстоўваюць клеці і кабіны, для штучных грузаў — розныя крукі і захопы, для сыпкіх — бодні, каўшы і інш.
Грузападымальныя машыны бываюць стацыянарныя і перасоўныя, з прыводам электрычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання і інш. Звычайна складаюцца з каркаса, механізма пад’ёму, грузанясучай канструкцыі. Многія грузападымальныя машыны забяспечваюцца грузазахопнымі прыстасаваннямі, самаходныя — механізмам перасоўвання, паваротныя — механізмам павароту. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да некалькіх сотняў тон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж прадпрыемствамі з вызначэннем іх правоў і абавязкаў у сферы гасп. дзейнасці. Да іх адносяцца дагаворы пастаўкі, падраду на капітальнае буд-ва, грузавой перавозкі, кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных і канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. У Рэспубліцы Беларусь гаспадарчы дагавор рэгулюецца шматлікімі нарматыўнымі актамі, у т. л. правіламі аб дагаворах падраду на капітальнае буд-ва, палажэннямі аб пастаўках, аб парадку заключэння і выканання дагавораў кантрактацыі с.-г. прадукцыі, трансп. статутамі і кодэксамі і інш. Гаспадарчы дагавор выкарыстоўваюць і як прававую форму арг-цыі ўнутрыгасп. дзейнасці (пагадненне аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЮС,
сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.
Да гнюсу адносяццакамары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,
грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),
паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.