ПА́ЛЬМЫ, арэкавыя (Palmae, або Arecaceae),

сямейства аднадольных кветкавых раслін. Каля 250 (па інш. звестках 212) родаў, каля 3400 (па інш. звестках 2780) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некат. — у субтропіках. Растуць у вільготных трапічных лясах, саваннах, аазісах пустынь, у гарах, на марскіх узбярэжжах. Культывуюць больш за 220 відаў. Найб. гасп. значэнне маюць П. алейная, какосавая, сагавая, фінікавая. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць фінікавую. пальму, віды трахікарпуса, хамеропса (Chamaerops) і інш.

Дрэвападобныя расліны (кусты) выш. да 60 м, дыяметр ствала да 1 м. Звычайна ствалы не галінастыя, калонападобныя з кронай лісця на вяршыні, у большасці гладкія, у некат. — з рэшткамі лісцевых чаранкоў і похваў, у інш. — бочкападобнаўздутыя. Ёсць т.зв. бессцябловыя П. (надземныя сцёблы амаль ці поўнасцю адсутнічаюць і над зямлёй узвышаецца лісце), лазячыя ліяны з тонкімі (дыяметрам 2—3 см) і доўгімі (даўж. да 180 м) сцёбламі (ратангавыя П.). Лісце чаргаванае, перыстае (даўж. да 15 м) або веернае (дыяметрам больш за 5 м). Зацвітаюць звычайна на 5—12-ы, часам на 30—50-ы год. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя. Суквецці мяцёлчатыя або коласападобныя, пазушныя, у некат. — верхавінкавыя. Ствалы П. з верхавінкавымі суквеццямі пасля плоданашэння адміраюць (монакарпічныя расліны). Плады не раскрываюцца, сакаўныя або сухія, пераважна касцянкападобныя ці ягадападобныя. Па гасп. значэнні сярод раслін П. займаюць адно з першых месц. З іх атрымліваюць ядомыя плады, харч. і тэхн. алей, цукры, віны, спірт, раслінны воск, т.зв. расл. слановую косць (цвёрдае насенне некат. П.), будаўнічую і вырабную драўніну, сыравіну для вытв-сці паперы, валакна і інш. Дэкар. расліны.

Літ.:

Сааков С.Г. Пальмы и их культура в СССР. М.; Л., 1954;

Имханицкая Н.Н. Пальмы. Л., 1985.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНЁРСТВА ДЗЕ́ЛЯ МІ́РУ (ПДМ),

ваенна-палітычная праграма НАТО, дэклараваная мэта якой — умацаванне стабільнасці і бяспекі на Еўрап. кантыненце. Прынята на сесіі НАТО (1994). У ПДМ удзельнічаюць 46 дзяржаў (2000), у т. л. Рэспубліка Беларусь. Праграма накіравана на развіццё ваен. супрацоўніцтва паміж НАТО і дзяржавамі-партнёрамі, паглыбленне ўзаемадзеяння, павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці ўзбр. сіл, забеспячэнне транспарэнтнасці працэсаў нац. ваен. планавання, фарміраванне ваен. бюджэту і развіццё дэмакр. кантролю над узбр. сіламі. Рабочы орган — Ваен.-паліт. кіраўнічы к-т. Ваен. аспекты супрацоўніцтве ў рамках ПДМ забяспечвае Рабочая група па ваен. супрацоўніцтве, якая з’яўляецца кансультатыўным органам Ваен. к-та НАТО. Пункт па каардынацыі партнёрства (размешчаны ў г. Монс, Бельгія) ажыццяўляе планаванне і падтрымку ўзаемадзеяння НАТО з дзяржавамі-партнёрамі, каардынуе іх сумесную ваен. дзейнасць. Складаецца з ваеннаслужачых НАТО і прыкамандзіраваных афіцэраў з дзяржаў-партнёраў. З 1997 усе дзяржавы-партнёры з’яўляюцца чл. Савета еўраатл. партнёрства, а некаторыя з іх удзельнічаюць у т.зв. пашыранай і больш аператыўнай ПДМ, якая прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва альянсу з асобнымі дзяржавамі-партнёрамі. Дзяржава, што жадае далучыцца да ПДМ, падпісвае Рамачны дакумент, які вызначае асн. прынцыпы супрацоўніцтва, і прадстаўляе ў штаб-кватэру НАТО Прэзентацыйны дакумент (Рэспубліка Беларусь прадставіла ў лют. 1996), у якім вызначае фармат свайго супрацоўніцтва ў рамках ПДМ і вылучаныя для гэтага сілы і сродкі. У адпаведнасці з гэтым дакументам кожная дзяржава рыхтуе Індывідуальную праграму партнёрства (ІПП), якая разлічана на 2 гады і штогод удакладняецца. Дзяржава-партнёр можа на двухбаковай аснове падпісваць з НАТО Пагадненне, якое вызначае прававы статус знаходжання замежных вайск. кантынгентаў на нац. тэрыторыі. У сувязі з дзеяннямі НАТО супраць Югаславіі Рэспубліка Беларусь прыпыніла свой удзел у ПДМ.

С.​Г.​Іваноў.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЕ АДГАЛІНАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКАЙ ГРАДЫ́,

сістэма ўзвышшаў у паласе краявых ледавіковых утварэнняў на З Беларусі; фізіка-геагр. раён Заходне-Беларускай правінцыі. Займае цэнтр. ч. Гродзенскай, паўн.-ўсх. ч. Брэсцкай абл., заходзіць на тэр. Польшчы. Мяжуе з Нёманскай нізінай, Капыльскай градой, Баранавіцкай і Прыбугскай раўнінамі. Працягваецца з 3 на У на 200 км, з Пн на Пд на 15—100 км, пл. 10,2 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м над узр. м., найб. 323 м (Замкавая гара).

Складаецца з сярэдняўзгорыстых і буйнаўзгорыстых узвышшаў (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, гл. адпаведныя арт.), падзеленых папярочнымі, часам скразнымі далінамі, лагчынамі, ярамі. Рэльеф утвораны пераважна з адкладаў дняпроўскага і сожскага ледавікоў, магутнасцю 150—235 м. Інтэнсіўна праяўлены гляцыядыслакацыі, трапляюцца адорвені мелавых і неагенавых парод. Марэнныя грады чаргуюцца з платопадобнымі ўчасткамі, месцамі перакрытымі лёсападобнымі пародамі, магутнасцю 2—5 м. На ўскраінах узвышшаў дробна- і сярэдняўзгорысты рэльеф са спадзістымі схіламі, які пераходзіць у плоскія зандравыя раўніны. У цэнтр. ч. ўзвышшаў пераважае градава-ўзгорысты і буйнаўзгорысты рэльеф з купалападобнымі вяршынямі, завалуненымі схіламі і забалочанымі міжузгорыстымі катлавінамі. Глыб. расчлянення 30—50 м/км². Развіта плоскасная і лінейная эрозія, трапляюцца суфазійныя формы рэльефу. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, мел і мергель цэментныя, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена на крайнім ПнЗ р.Нёман, на астатняй тэрыторыі яго прытокамі; Моўчадзь, Шчара з Мышанкай, Сэрвач, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. Найб. воз. Свіцязь. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя, дзярнова-палева-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя і інш. Пад лесам 27,5% тэр. Мяшаныя дубровы і ельнікі, хваёва-дубовыя лясы, баравыя хвойнікі, на забалочаных мясцінах алешнікі. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. Заказнікі: Навагрудскі, Свіцязянскі, Слонімскі.

Г.​П.​Рудава.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́НА (Ravenna),

горад на Пн Італіі. Адм. ц. правінцыі Равена. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным м. (звязаны з ім суднаходным каналам). Прам-сць: нафтаперапр. і хім., маш.-буд., харч., абутковая, цэм., керамічная. Вытв-сць муз. інструментаў. Музеі. Турызм.

Засн., верагодна, племем умбраў. З 2 ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 н.э. Р. — рэзідэнцыя імператараў Зах. Рым. імперыі. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, у 765 Піпін Кароткі перадаў горад папе рымскаму. У 12 ст. засн. ун-т. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Р. сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканам. заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.

Горад багаты на помнікі раннехрысц. і візант. архітэктуры і манум. мастацтва: маўзалей Галы Плацыдыі (каля 440), баптыстэрыі правасл. (сярэдзіна 5 ст.) і арыян (канец 5 — пач. 6 ст.), базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пач. 6 ст., кампаніла 8—9 ст., порцік 16 ст.), 8-гранны храм Сан-Вітале (526—547). Усе збудаванні аздоблены мазаікамі 5—6 ст. Часткова захаваліся помнікі мастацтва остготаў — т.зв. палац (пач. 6 ст., паводле інш. крыніц, 8 ст.) і маўзалей (каля 520) Тэадорыха. Па-за гар. сценамі — базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе (асвячона ў 549. мазаікі 6, 7 і 9 ст., кампаніла канца 10 ст.). У Р. знаходзіцца надмагілле Дантэ (1483, арх. і скульпт. П.​Ламбарда), над ім — класіцыстычны храмік (1780, арх. К.​Марыджа).

Равена. Базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе з кампанілай канца 10 ст.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА,

магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.​Лейбніц, І.​Кант, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер, К.​Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в. Свіслач

(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),

размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.​Бута колькасцю каля 1 тыс. чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.

М.​А.​Ткачоў.

Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.​А.​Сергачова.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вышыня́ ж.

1. высота́, вышина́;

на́сып пяціметро́вай ~ні́ — на́сыпь пятиметро́вой высоты́ (вышины́);

2. (пространство, находящееся высоко над землёй) высота́, высь, вышина́;

3. (возвышенность) высота́;

заня́ць ~ню́ — воен. заня́ть высоту́;

4. (давления, звука, голоса и т.п.) высота́;

5. мат. высота́;

в. трапе́цыі — высота́ трапе́ции;

6. астр. высота́;

◊ быць на ~ні́ — быть на высоте́;

з ~ні́ птушы́нага палёту — с высоты́ пти́чьего полёта;

узня́ць на нале́жную ~ню́ — подня́ть на надлежа́щую высоту́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Капту́р ’дзіцячы ці жаночы галаўны ўбор’ (ТСБМ, Жд. 3, Сцяшк.; маладз. Янк. Мат.; Др.-Падб., Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.), ’галаўны ўбор, які старыя кабеты насілі пад хусткай’ (ДАБМ, 331; Сцяшк.; Мат. Гродз.; Зав.; Мат.; дзісн., КЭС), ’абруч, які насілі жанчыны на галаве’ (клец. КЭС), ’высокая прычоска’ (Жд. 3), ’асобым чынам завязаная намітка’ (глус. ДАБМ, 840; Нік. Очерки); ’пірамідальна выцяжны комін над горнам’ (драг., Жыв. сл.; Жд. 3; Бяльк.; міёр., Нар. сл.; Дразд.; нясв., Нар. словатв.; паўн.-усх. КЭС; мядз., міёр., Шатал.); ’абажур’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’дзесяты сноп, якім накрываецца бабка’ (карэліц., Шатал.) ’з коптурам, з верхам (накласці)’ (ТСБМ; глух., Янк. Мат.); ’жалезнае колца на канцы калодкі кола’ (Масл.). Ст.-бел. каптуръ, коптуръ ’каўпак, капюшон, клабук’ запазычана са ст.-польск. kaptur, якое, аднак, не мае надзейнай этымалогіі, дакладней, надзейнай крыніцы запазычання. Калі прыняць пад увагу значэнне ’пакрыццё галавы або вачэй жывёлам і птушкам’, то лексема магла б находзіць з лац. captūra ’лоўля’, с.-лац. ’турма’. Бернекер (485–486) дапускае сувязь з раманскім сар‑: с.-лац. capparo, італ. capperone ’плашч ад дажджу’, іншыя с.-лац. пакрыцці галавы — capitra, capiturare… (гл. Слаўскі, 2, 61–62). Устаўное ‑т‑ магло б быць вынікам дысіміляцыі ‑pp‑ > ‑pt‑. ЕСУМ (2, 377) услед за Міклашычам першакрыніцу лексемы выводзіць з цюрк. моў (параўн. чагат. kaptur ’вялікі мех’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карэ́ц 1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръц ’драўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц 2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц 2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц 1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц 3 ’ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)