палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр.паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Л.І.Цягака.
Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЁМАН»,
шклозавод у г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.Засн. ў 1883. Утварыўся з 3 шклозаводаў (гл.Нёманскія шклозаводы). У 1-ю сусв. вайну разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Н.» фірмы «Ю.Столле». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, з 1922 — ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа. У 1930 «Н.» выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы і 1828 найменняў шкляной і хрусталёвай прадукцыі. У 1939 пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—86. На 1.1.2000 на з-дзе працуюць 7 ванных шклаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы—спадарожнікі для варкі каляровага шкла. Асн. прадукцыя (2000): вырабы 1058 найменняў, у т. л. посуд са шкла і хрусталю, дэкар. вырабы, элементы для люстраў і інш. Прадукцыя з-да за арыгінальнасць маст. і тэхнал. выканання неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. выстаўках. Гл. таксама Нёманскае шкло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛІН (Павел Піліпавіч) (16.1.1908, г. Іркуцк, Расія — 2.10.1981),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Чалавек ідзе ў гару. Нарысы звычайнага жыцця» (1936). Яго творчасці ўласцівы ўвага да рэальнага жыцця, вострая пастаноўка маральных, і грамадскіх праблем: апавяданне «Каханая дзяўчына» (1936, аднайм. фільм 1940), сцэнарый фільма «Вялікае жыццё» (1-я серыя 1940, Дзярж. прэмія СССР 1941; 2-я серыя 1958; пра шахцёраў Данбаса), аповесці «Выпрабавальны тэрмін» (1956, аднайм. фільм 1960), «Жорсткасць» (1956, аднайм. фільм 1960) і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі ў аповесці «Праз могілкі» (1962, аднайм. фільм кінастудыі «Беларусьфільм», 1965). Аўтар рамана «Паездка ў Маскву» (1954), п’есы «На белым свеце» (1947, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа) і інш. Неаднаразова быў на Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Жук, Т.Мартыненка.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1985;
Жестокость: Повесть и рассказы. М., 1990.
Літ.:
Адамовіч А. Літаратура, мы і час.Мн., 1979. С. 116—118;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,
горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.
Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас. дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.—снеж. 1918). У Вял.Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУБІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
пустыня ў Афрыцы, пераважна ў Судане, паміж р. Ніл і Чырвоным м., ад якога яе аддзяляе хрыбет Этбай. Размешчана на плато, што прыступкамі зніжаецца з У на З ад 1000 да 350 м. Шматлікія невысокія (1240 м) горы і масівы. Стараж.крышт. пароды на У выходзяць на паверхню, у зах.ч. перакрыты пяскамі, сабранымі ў дзюнныя грады. Трапляюцца ўчасткі камяністых і галечна-друзавых гамад.
Плато расчлянёна вял. колькасцю сухіх рэчышчаў рэк — вадзі. Клімат трапічны кантынентальны. Ападкаў каля 25 мм, гадамі не бывае. Сярэднія т-ры ліп. вышэй за 30 °C; макс.т-ра больш за 40 °C, сярэднія т-ры студз. 15 °C, абсалютны мінімум -2 °C. Рэзкія сутачныя перапады т-р прыводзяць да інтэнсіўнага выветрывання. Расліннае покрыва вельмі беднае, месцамі поўнасцю адсутнічае. Сустракаюцца ксерафітныя злакі (арыстыда), калючыя хмызнякі і паўхмызнякі (джузгун, тамарыск, сахарскі дрок, парналіставік, рэамюрыя). Жывёлагадоўля. Праз Н.п. праходзяць чыгунка і аўтастрада, якія звязваюць гарады Вадзі-Хальфа і Абу-Хамед на р. Ніл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РКІ,
парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),
Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),
удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Казакоў).
Літ.:
Сафонов М.И. Семнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял.маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.Леско, Л.Лево, К.Перо і інш., скульпт. дэкор Ж.Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.Вісконці, Э.Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна, А.Вато і інш.