2. Палоска раллі, якая засяваецца сяўцом уручную, ідучы ў адзін бок (Міласл.Бяльк., Слаўг.). Тое ж ле́шка (Віц.Шэйн), лях (Міласл.Бяльк.).
3. Града ў агародзе; участак, дзе садзілі гародніну (Віл., Докш., Зах. Бел., Пол., Чашн.Касп.). Тое ж ле́ха (Крыв.).
4. Папярочнік надзельнай палоскі сялянскай зямлі (Смален.Дабр.).
5. Знак, які робяць (уторкваннем саломы) пры сяўбе, каб не было агрэхаў (Кузн.Касп., Слаўг., Смален.Дабр.).
6. Насечка, знак на стаячым дрэве для абазначэння межаў (Гарб.).
□в. Ла́ша Гродз., в. Віля́хаўка Бых., г. Ля́хавічы Баран.вобл.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
се́лішча
1. Месца, дзе быў двор, сядзіба (Глуск.Янк. II, Маз., Ст.-дар.).
2. Месца, занятае рознымі пабудовамі (Гарб.), двор; сядзіба (Глуск.Янк. II, Маг. 1577 ІЮМ, XXX, 1903, 71, Ст.-дар.).
3. Месца, дзе раней было паселішча, вёска (Жытк., Рэч., Сал., Ст.-дар.). Тое ж се́льшча (Ст.-дар.).
4. Наогул месца пасялення (Лёзн.Касп., Слаўг.). Тое ж се́льбішча (БРС), се́льнішча (Слаўг.).
□ ур. Се́лішча (поле на месцы б. паселішча) каля в. Яскавічы Сал., ур. Селішча (луг) каля в. Заспа Рэч., в. Селішчы Ашм., в. Селішча Пін., Слаўг., Уш.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.
Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.І.Пірагоў і Ф.І.Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.К.Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.В.Вішнеўскі, С.С.Юдзін, І.С.Жораў, Я.М.Мяшалкін і інш.).
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.К.Зубовіч, І.І.Канус, І.З.Кляўзунік, А.А.Плавінскі, У.У.Спас, І.З.Столкарц, П.В.Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.
Літ.:
Бунятян А.А., Рябов Г.А.Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ 1648—51на Беларусі.
Народны антыфеад. рух на Беларусі супраць пануючага класа феадалаў у сярэдзіне 17 ст. пад уплывам паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага перарос у антыфеадальную вайну. У падтрымку гэтага руху Хмяльніцкі паслаў на Беларусь казацкія атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, І.Галотай, А.Нябабай і інш.Найб. актыўныя ваен. дзеянні адбыліся на Пд і ПдУ Беларусі. Летам і восенню 1648 казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Бабруйскам, Брагінам, Гомелем, Кобрынам, Мазыром, Пінскам і інш. Восенню 1648 сфарміраваны шляхецкія апалчэнні, якімі камандаваў польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл, павялічана колькасць наёмнікаў. Каб ізаляваць бел. землі ад пранікнення казакоў, Радзівіл, сабраўшы 12—14 тыс. войска, накіраваў яго часткамі на чале з Мірскім, Валовічам і Я.Пацам да Пінска, Чачэрска і інш. гарадоў, захопленых паўстанцамі. У баі за Пінск загінула больш за 3 тыс. жыхароў, горад быў спалены, больш за 1500 паўстанцаў загінула ў баі за Чэрыкаў. На пач. 1649 урадавыя войскі вызвалілі ад казакоў і паўстанцаў Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск і жорстка расправіліся з імі. У 1-й пал. 1649 войскі ВКЛ задушылі паўстанне. Летам 1649 на Беларусь зноў прыйшлі казацкія атрады Р.Гаркушы, С.Падабайлы, М.Крычэўскага і інш., да якіх далучаліся мясц. сяляне і гараджане. У баях загінулі казацкія атаманы Галота, М.Нябаба, Крычэўскі, Міхненка і інш. У ліп. адбылася Лоеўская бітва 1649. Ваен. дзеянні працягваліся да восені 1651. Пасля паражэння Б.Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага дагавора 1651 казацкія атрады выведзены з Беларусі і вайна скончылася.
Літ.:
Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;
Шуляковский Е.Г. Участие белорусского народа в освободительной войне 1648—1654 гг. // Вопр. истории. 1954. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,
у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.
У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч.г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.Аляшкевіч, К.Бахматовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, В.Дмахоўскі, Г.Жукоўскі, К.Карсалін, Ю.Карчэўскі, К.Кукевіч, М.Кулеша, Н.Орда, К.Русецкі, К.Рыпінскі, В.Сляндзінскі, І.Хруцкі, А.Шэмеш, П.Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;
Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫНА,
галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.
У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.
На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст. — рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі з нар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі з нар. дэпутатаў СССР па ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССР па найб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОН,
найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.
У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст.Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.
На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт.Урочышча Гай, Хатынь).
Літ.:
Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),
першая масавая міжнар.арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст.Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).