Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус.опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус.опри́чь ’апрача’, дыял.опричи́, опро́чь, опрочи́, укр.опрі́ч, опрі́че, дыял.опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск.oprócz, prócz ’апрача’, памор.proč ’тс’, ст.-польск.oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен.opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус.прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав.прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск.precz > бел.прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус.прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш.pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, атут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр.опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел.опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жаўна́ ’чорны (і зялёны) дзяцел; Dryocopus martius’, жолна́. Рус.желна́ ’тс’, укр.жовна́ ’тс’, дыял. ’івалга’, польск.żołna ’птушка Merops’, н.-луж.žołma ’чорны і зялёны дзяцел’, в.-луж.žołma ’чорны дзяцел’, чэш.žluna ’зялёны дзяцел’, славац.žlna, балг.дыял.жѐлна̀ ’тс’, жъ̀лна̀ ’Picus martius’, жлъна̀тка ’птушка Emberiza’ (Гераў), жълту̀рка ’тс’, ’івалга’, макед.жодна ’птушка Picus viridis’, серб.-харв.жу́на ’Picus martius’, славен.žółna ’дзяцел’. Ц.-слав.жлъна ’Picus martius’. Агляд значэнняў слав. назваў, узыходзячых да прасл.*žьlna, дала Клепікава (Проблемы индоевропейского языкознания 1964, 106–114): у асноўным словы азначаюць дзятлавых або адзін з відаў, а таксама івалгу Oriolus galbula (укр., польск., чэш., славац., серб.-харв., макед. гаворкі) ці зрэдку (зах.-укр. і паўд.-польск. гаворкі) шчурку залацістую (Merops apiaster) Клепікава лічыць першаснымі для слав. моў значэнні ’дзяцел’ і ’івалга’. Літ.gilnà ’Dryocopus martius’, лат.dzil̑na ’дзяцел’. Традыцыйна збліжаюць са слав.жоўты (гл.) і яго балт. адпаведнікамі (Гараеў, 108; Праабражэнскі, 1, 226; Буга, Rinkt., I, 495; Траўтман, 88; Фасмер, 2, 43; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 1948, 110; Скок, 3, 687; Шанскі, 1, Ж, 281), указваючы на колер птушкі. Міклашыч (408) побач з параўнаннем з жоўты адаслаў да слоў тыпу жаўлак. Махэк (Zfsl Ph, 1948, XX, 50–51) выказаў меркаванне пра збліжэнне жаўна з літ.gìlti, gélti ’жаліць’. Аткупшчыкоў (Из истории, 247–249) развівае гэту думку, указваючы, што корань *gel‑ мог азначаць не толькі ’жаліць’, але і ’даўбаць’. Тады жаўна суадносіцца з жолаб, жалонка (гл.), літ.gélda ’карыта’ (< ’выдаўбанае’), што можа быць суаднесена з тымі словамі, якія Покарны (1, 470–471) дае для кораня *gu̯el‑ ’калоць’. Махэк₂ (730) прыводзіў грэч. паралель з глухімі варыянтамі кораня κελεός ’жаўна’, які ў слав. прадстаўлены ў калоць. Суаднясенне Махэка з gélti, улічваючы тлумачэнні Аткупшчыкова, здаецца не менш верагодным, чым традыцыйная этымалогія (па колеру) для дзятла, тым больш што назва дастасоўвалася да рознакаляровых відаў, у тым ліку для чорнага дзятла. Для івалгі хутчэй падыходзіць тлумачэнне па афарбоўцы. Верагодна, тут старажытная аманімія назваў розных птушак. Гл. Пятлёва, Этимология, 1975, 47–49. Гом. перан. жаўна́ ’дзіця крыклівае’ магло ўзнікнуць на базе назвы івалгі, што дае падставу дапусціць выкарыстанне лексемы жаўна ў гэтым значэнні на поўдні Беларусі. Але не выключаецца тады і магчымасць паходжання назвы птушкі не ад назвы афарбоўкі (жоў‑ты), а ад кораня са значэннем ’крычаць’: і.-е.gou‑, *gouə‑, *geuə‑. Гл. жаўла́ць (дзе і жаўні́ць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плі́ска1, плісі́ца, плісі́чка, плі́сачка, плі́саўка, плі́шка, плі́скаўка, плі́стаўка, сліска́ха ’птушка з доўгім хвастом, сітаўка, Motacilla alba L.’ (ТСБМ, Гарэц., Мік., Маш., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Маг., Нас., ТС, Шат., Юрч. Вытв., Сцяшк. МГ; ЛА, 1); укр.пли́ска, бли́ска, рус.пли́ска, пли́сица, плисивка, пли́згавица: польск.pliszka, pliszczka, plistwa, pliskwa, pluszka, pluskwa, н.-луж.spliska, в.-луж.pliška, чэш., славац.pliska, blyska, bleska, blíska, bliskva, славен.plíska, plȋkavica, серб.-харв.пли̏ска, fliska, kliska, pliskuša. Прасл., відаць, *plisьka. Махэк₂ (460) мяркуе, што назва паходзіць з гукапераймання голасу птушкі pis‑pis; Скок (2, 684) бачыць тут вытворнае ад дзеяслова pliskati ’плёхацца ў вадзе’, гэтаксама Праабражэнскі, 2, 75, Младэнаў, 430, Струтынскі, Nazwy, 91, Голуб-Копечны (278) звязваюць назву птушкі з сівым, шэрым колерам; Фасмер (3, 283) лічыць роднасным са ст.-слав.плишть ’шум’, чэш.plišť, н.-луж.plišć ’плач’. Бел.плі́ссаўка — гэта кантамінаваная назва з плі́ска і сітаўка (літарат. назва пліскі). Гэтаксама пліскаўка, плістаўка.
Плі́ска3 ’раска’ (бяроз., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем пле́сня і плі́ска2 (гл.).
Плі́ска4 ’драбіны ў возе’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.). Да паплі́ска (гл.).
Плі́ска5 ’падшыўка (напр., у спадніцы)’ (мазыр., Шатал.). Да пліс2 (гл.).
Плі́ска6, плі́скі, пліскі́, пліскы́, плы́ска, плы́скы, плыскы́ ’грыб лісічка, Cantharella cibarius’ (беласт., кам., кобр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ; Бес.; кам., жабін., Сл. Брэс.), параўн. польск.дыял.pliska, pliszka ’тс’. З плі́ска ’птушка сітаўка’ > плі́саўка (гл.) — лісічкі названы паводле падабенства іх колеру з колерам жоўтых ці жоўтаспінных сітавак, параўн. літ. назвы лісічак: voveruškà — першаснае ’вавёрка’, gaidẽlis ’пеўнік’, чэш.kouřatko ’куранятка’. Этымалогія польскай назвы ў Тарнацкага — “od pliszki żółtej (Motacilla flava)” (Тарн., 58); гл. таксама Лабко (Бел.-польск. ізал., 70) пра сувязь з укр.дыял.плі́ска ’шапачка жолуда або арэха”, суадноснае з літ.pléiskanos ’лусачка скуры’; паводле Німчука (Давньорус., 246), аснова ўкраінскага слова звязана з (за)плішка < (за)плісчка ’невялікі драўляны клін’ ад (за)пліскити < (за)плісчити, гл. плішч, што малаверагодна. Махэк зыходзіць з першапачатковага *plucha ’луска’ (< і.-е.*plou‑sā, параўн. старажытнанардыйскае frosa ’скурка’), што ўрэшце дало б pljuska, параўн. палес.плюсы ’грыбы, падобныя на лісічкі’; яшчэ раней так Голуб-Копечны, якія ўзводзяць *plu‑cha да прасл.*pelva, з аблаўтам *pel‑u, што, на думку Гаўлавай (Etym. Brun., 1978, 23), найбольш праўдападобна, бо грыбы пакрыты лускавінкамі. Магчыма, але тады зыходная назва адносілася, хутчэй за ўсё, да іншых грыбоў, а не да лісічак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МАЛДО́ВА (Moldova),
Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на З з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс.км². Нас. 4,3 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г.Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.
Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв.Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На ПдПаўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.
Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э.тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г.Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э.тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст.тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т. л. ў 9—12 ст.улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл.Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст.Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст.паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст.Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т. л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст.тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.—сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.В.Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд.Аўт.Сацыяліст.Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.
2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец.герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс.чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр.нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.
23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т. л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр.нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр.Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас.Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр.нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн.дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс.т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс.шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс.т, пракату 646 тыс.т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд.кВтгадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн.м², трыкатажу — 2,6 млн.шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,8 млн.га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн.га. Каля 0,3 млн.га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс.га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс.т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс.км, аўтадарог 10,5 тыс.км, у т. л. 10,1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн.дол., імпарту 1171,9 млн.дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн.гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.
Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс.чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл.агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч.г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т. л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т. л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т. л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т. л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т. л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж.ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед.ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-каНац.АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІНац.АНМ., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.
Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб.стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст.афіц.дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж.малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.Міло, К.Канакі, І.Кантакузіна, М.Дымакі), сатыра (Д.Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац.перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст.л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.Доніча, А.Русы, В.Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.Негруцы, А.Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.Барскага, І.Каны, М.Маркава, Мілева, паэзія М.Андрыеску, Л.Карняну, К.Кашэрэў, Т.Малая, драматургія П.Карнеліу, С.Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.Ветраў, П.Дарыенка, Л.Дэляну, Б.Істру, М.Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял.Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.Балцан, Л.Даміян, П.Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.Ліпкан, С.Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.Бешлягэ, А.Шалар, І.Чабану, Барскі, Г.Геаргіу, А.Бусуёк, В.Малева, Я.Куткавецкі, Р.Лунгу, А.Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.Лупан, Г.Маларчук, Марынат, Р.Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.Чыбатару, П.Боцу, Г.Водэ, І.Ватаману, Э.Лацяну, Даміян, В.Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.Вангелі, Віеру, Г.Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.Чыбатару, Х.Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.
Бел.-малд.літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. раман І.Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.Маўра «ТВТ...» (1961), В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд.перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т. л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.Чакану, Даміяна, А.Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.Керарэ, Тэлеукэ і інш.Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Т.Бондар, Я.Брыль, Г.Бураўкін, А.Вольскі, М.Гіль, А.Грачанікаў, Х.Жычка, С.Законнікаў, А.Звонак, У.Казбярук, М.Калачынскі, У.Камейша, У.Карызна, К.Кірэенка, А.Клышка, Я.Лецка, А.Лойка, М.Маляўка, А.Марціновіч, С.Панізнік, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Чарняўскі, А.Шарахоўская, У.Шахавец, В.Шымук, Я.Янішчыц, Р.Яўсееў і інш.
Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр.ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» рагавое «жазло»* з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс.н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус.маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп.маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.Акушка, Я.Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.Пламадзяла, жывапісцы М.Гамбурд, А.Бальер, графік Ш.Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.Дубіноўскі, Гамбурд, Б.Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.Канашын, І.Кітман, Б.Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.Віеру, М.Грэку, І.Жумація, В.Зазерскай, С.Кучука, В.Русу-Чабану, І.Сцяпанава, партрэты работы А.Зевінай, К.Кітайкі, Г.Саінчука, пейзажы А.Васільева, М.Петрыка. Э.Раманеску; у графіцы — І.Багдэска, Л.Грыгарашанкі, Э.Кілдэску, А.Калыбняка, І.Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.Булгакаў, К.Ладзейскі, А.Матэр, А.Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.Врынчану, Э.Грэку, С.Чокалаў, М.Рэчылэ, Ф.Нутовіч, Л.Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.
Музыка. У аснове малд.нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб.стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар.муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.Лэўтару, Я.Пержа, К.Марын, Г.Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст.кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас.муз.т-ва на чале з У.Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.Ружыцкага, К.Мікулі, Г.Музічэску, Т.Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд.муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.Тойбер-Асака, А.Флехтэнмахер, Ч.Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.Булычаў, І.Бейн, хормайстар М.Беразоўскі, кампазітары М.Быркэ, С.Златаў, Я.Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.Гураў, С.Лобель, В.Палякоў (сімфоніі) і інш.
У 1957 адкрыты Малд.т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.Лазарава («Дракон», 1976), Г.Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.Рывіліс, Ф.Кірыяк, І.Макавей, Г.Няга, В.Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.Алёшына, М.Біешу, Л.Ерафеева, М.Мунцян, Т.Чэбан, дырыжоры Ц.Гуртавой, С.Лункевіч, хар. дырыжор В.Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд.т-р оперы і балета, Малд.муз.-драм.т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд.нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар.т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд.т-ра Г.Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.Геснера і Ж.Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац.тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.Александры, М.Кагэлнічану, К.Негруцы, Б.П.Хашдэў, К.Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд.драм.т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.Адашава і Н.Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд.драм.т-р (з 1939 Малд.муз.-драм.т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд.т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.Лупана, Л.Дэляну, Л.Карняну, Р.Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус.т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.Падаляну, «Міндора» А.Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Маскарад» М.Лермантава, «Рэвізор» М.Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.Брэхта і інш.Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.Купча, І.Шкура, акцёры Д.Дарыенка, Н.Масальская, Я.Урэке, К.Штырбу, М.Апосталаў, П.Баракчы, В.Герлак, Т.Грузін, К.Казімірава, К.Канстанцінаў, А.Плацында, Ю.Сакалоў, Л.Шутава, К.Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т. л. К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона, Дз.Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.
Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд.маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.Іовіцэ і В.Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш.Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «І прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.Грыгорыу, М.Сагайдак, С.Тома, І.Унгурану, І.Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.
Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс.чал., але сваіх нац.культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.
Літ.:
Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;
Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;
Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;
Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;
Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;
Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг.М., 1994;
Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;
Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;
Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;
Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;
Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;
Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;
Музыкальная культура Советской Молдавии: Сб. ст.М., 1965;
История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;
Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;
Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;
Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;
Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя), Г.В.Ратнікаў (кіно), Т.А.Папоўская (беларусы ў Малдове).
Герб і сцяг Малдовы.Да арт.Малдова. Малдаўская вёска.Да арт.Малдова. У каньячным цэху.Да арт.Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.М.Пламадзяла. 1925.Да арт.Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.Да арт.Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.Да арт.Малдова. Малдаўскі тэатр оперы і балета.Да арт.Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.Да арт.Малдова. М.Грэку. Восеньскі дзень. 1964.Да арт.Малдова. Э.Раманеску. Родны край. 1968.Да арт.Малдова. М.Петрык. Вінаградная чаша. 1974.Да арт.Малдова. Дыван. Канец 19 ст.Да арт.Малдова. Ф.Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.Да арт.Малдова. М.Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.Да арт.Малдова. І.Віеру. Збор ураджаю. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
recht
1.a
1) пра́вы;
~er Hand па пра́вую руку́;
~er Vertéidiger пра́вы абаро́нца (футбол)
2) слу́шны, пра́вільны, адпаве́дны;
der ~e Weg пра́вільная даро́га;
das geht nicht mit ~en Díngen zuтут спра́ва нячы́стая;
es ist nicht ~ von dir гэ́та [так] нядо́бра з твайго́ бо́ку;
schon ~! до́бра!, у зго́дзе!;
es ist mir ~ я зго́дзен, мяне́ гэ́та задавальня́е
3) адпаве́дны;
im ~en Áugenblick у адпаве́дны мо́мант
4) сапра́ўдны;
er gibt sich ~e Mühe ён сапраўды́ намага́ецца;
ich hábe kein ~es Zútrauen zu ihm я не асаблі́ва давяра́ю яму́
5) матэм. прамы́ (вугал)
2.adv слу́шна, справядлі́ва; даво́лі;
~ gut даво́лі до́бра;
es geschíeht ihm ~ ён гэ́тага ва́рты [заслуго́ўвае];
erst ~ тым больш, пагато́ў;
~ und schlecht з грахо́м папала́м;
ich wérde nicht ~ klug daráus я гэ́тага нія́к не магу́ зразуме́ць;
man kann es ihm nicht ~ máchen яму́ нія́к не даго́дзіш
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э.тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),
1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.
2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.
У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел.нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.Эвальд, З.Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.
3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.Віёна.
4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.Скот, Ф.Шылер, І.В.Гётэ, А.Міцкевіч, В.Жукоўскі, А.Пушкін, М.Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.Багушэвіча). У творчасці Я.Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.Коласа («Няшчасная маці»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял.Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.Коласа «Над магілай партызана», П.Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.Караткевіч, Я.Янішчыц, А.Пысін, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).
5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.Шуберт, К.Лёве, І.Брамс, Х.Вольф) і інструментальная (балады Ф.Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.Пушкіна), А.Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.Куляшова), Я.Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел.нар. балад).
Публ.:
Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;
Беларуская балада. Мн., 1978.
Літ.:
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;
Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.Квитки, 1880—1953: Сб. ст.М., 1983;
Народные баллады. М.; Л., 1963;
European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);
Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.