найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх 1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл.Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.
Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH−), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.
Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт.Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАДЖЭ́ННЕў квантавай механіцы,
уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз.кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.
Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл.Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт.Штарка з’ява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ СІСТЭ́МАў кібернетыцы,
сукупнасць размеркаваных у прасторы ўзаемазвязаных элементаў (кіроўных падсістэм), аб’яднаных агульнай мэтай функцыянавання. Для вялікай сістэмы характэрны: іерархічны прынцып пабудовы (вышэйшая ступень кіруе некалькімі падраздзяленнямі ніжэйшай ступені, кожнаму з якіх падначалены падраздзяленні больш нізкай ступені), удзел у сістэме людзей, машын і навакольнага асяроддзя; наяўнасць матэрыяльных, энергет. і інфарм. сувязей паміж часткамі сістэмы і інш. Вялікія сістэмы інтэнсіўна развіваюцца ў галіне адм. кіравання, абслугоўвання, у многіх галінах нар. гаспадаркі і абароны, дзе патрабуецца ўлік вял. колькасці фактараў і перапрацоўка вял. аб’ёмаў інфармацыі.
Кіраванне вялікай сістэмы заснавана на ўзаемадзеянні людзей, сродкаў вылічальнай тэхнікі, збору, перадачы, выяўлення і захавання інфармацыі.
Персанал, які кіруе, у сукупнасці з тэхн. сродкамі ўтварае аўтаматызаваную сістэму кіравання. Прыклады вялікіх сістэм: энергасістэма, якая мае прыродныя крыніцы энергіі (рэкі, радовішчы хім. або ядзернага паліва, ветравую або сонечную энергію), электрастанцыі, лініі перадачы энергіі, персанал, карыстальнікаў і інш.; вытв. прадпрыемства, якое мае крыніцы забеспячэння сыравінай і энергіяй, тэхнал. абсталяванне, фінансы, збыт прадукцыі, улік і справаздачнасць і інш.Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш.Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.
Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл.Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд.Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
адносная адзінка вымярэння бляску нябеснага свяціла (зоркі, планеты, Сонца ці інш.); мера асветленасці, створанай нябесным свяцілам на мяжы атмасферы Зямлі ў плоскасці, перпендыкулярнай да падаючага праменя. У залежнасці ад метаду назірання адрозніваюць З.в. баламетрычную (па поўнай энергіі, выпрамененай свяцілам), фатаграфічную, фотаэл., візуальную і інш.
Зоркі 1-й З.в. (абазначаюцца 1m) ствараюць у 2,512 разоў большую асветленасць E, чым зоркі 2-й З.в., якія ў сваю чаргу ствараюць светлавыя патокі ў 2,512 разоў большыя, чым зоркі 3-й і г.д. Матэматычна гэта запісваецца lg(E1/E2)=0,4(m2-m1), дзе ўлічана, што lg2,512=0,4. Нуль-пункт шкалы З.в. ўмоўна выбраны па групе зорак у наваколлі Палярнай зоркі (Паўночны Палярны Рад), напр., Вега мае З.в. 0m,14. Калі свяціла стварае асветленасць, большую за 0m, яго З.в. лічыцца адмоўнай, напр., Марс (у процістаянні) мае З.в. -1m,9, Сонца -26m,8 З.в. залежыць ад адлегласці паміж назіральнікам і свяцілам, таму ўводзяць абс. З.в., пад якой разумеюць З.в. свяціла на стандартнай адлегласці 10 пс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая маекварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. маеспец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́ЖАННЕ,
аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта с (здабытку). Абазначаецца c = a x b=a∙b=ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.
Мае розны канкрэтны сэнс ў залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік с, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку z = r (cosφ+ і sinφ) адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).