БЕНУА́ ((Benoît) Петэр Леанард Леапольд) (17.8.1834, Харэлбеке, прав. Зах. Фландрыя, Бельгія — 8.3.1901),

бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням. муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАСЦЕНЬ (Акім Іванавіч) (1877, г.п.Бешанковічы Віцебскай вобл. — 1926),

рэвалюцыянер. З 1898 вёў рэв. работу ў Бранску, Харкаве, Віцебску, на Рыга-Арлоўскай чыг. і інш. У 1907, 1909 і 1910 быў арыштаваны. У 1910—14 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. У чэрв.—ліп. 1917 адзін са стваральнікаў Віцебскай арг-цыі інтэрнацыяналістаў [з вер. 1917 Віцебская арг-цыя РСДРП(б)], чл. яе к-та, дэлегат VI з’езда РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага Савета. У 1919 старшыня Мінскага чыг. рэв. суда, старшыня парт. ячэйкі чыгуначнікаў Мінска. З 1921 на гасп. рабоце ў Віцебску.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НГУЭР ((Berlinguer) Энрыка) (25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЛО́, Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.

П.Э.М.Бертло.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГАРД (Bogarde) Дзірк [сапр. Богардэ

(Bogaerde) Дэрэк Жуль Гаспар Ульрык Нівен ван дэн; н. 28.3.1921, Хампстэд, цяпер у межах Лондана], англійскі акцёр. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтваў у скульптара Г.Мура. Дэбютаваў на тэатр. сцэне ў 1939. Працаваў у Лонданскіх т-рах і на тэлебачанні, з 1947 у кіно. Вядомасць акцёру прынеслі ролі ў фільмах Л.Вісконці «Гібель багоў» (1969) і «Смерць у Венецыі» (1970). Сярод іншых значных работ: «Слуга» (1963),

«За караля і айчыну» (1964), «Няшчасны выпадак» (1967), «Начны парцье» (1974), «Наканаванне» (1977), «Падарожжа ў свет» («Роспач»; 1978), «На адзін мост далей» (1977). Аўтар некалькіх раманаў і аўтабіягр. твораў.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.​Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.

Да арт. Бойля—Марыёта закон: T1, T2, T3 — ізатэрмы ідэальнага газу ў каардынатах p—V (T1 < T2 < T3); плошчы A1 = A2 = C.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.​Вашынгтона работы Г.​Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),

расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТАЎ (Анатоль Сцяпанавіч) (н. 17.7.1926, Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1951). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1994 у Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўвае пытанні бел. і слав. фразеалогіі («Лексіка беларускіх прыказак XIX ст. ў сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі», 1958; «Беларуская фразеалогія», 1978; «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», 1970, у сааўт.), этналінгвістыкі, фразеаграфіі і гісторыі бел. мовазнаўства. Рэдактар і адзін са складальнікаў «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.​Коласа» (1993), сааўт. «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Аўтар кн. «З думай славяніна» «З душой славяніна» (1991, з Л.​А.​Малаш).

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Мікалай Астапавіч) (5.2.1921, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.4.1967),

бел. філосаф. Скончыў БДУ (1952). Канд. філас. н. (1955). З 1952 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1963 у Бел. тэхнал. ін-це. Даследаваў гісторыю грамадска-паліт. і філас. думкі, гісторыю рэлігіі і атэізму на Беларусі эпохі сярэднявечча, асветніцкую дзейнасць, літ. творчасць і светапогляды Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Л.​Зізанія і інш. Аўтар прац «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), «Святло ў цемры» (1960) і інш. Адзін з аўтараў і складальнікаў кн. «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)