БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.Бембеля.
Літ.:
Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.
Н.В.Шаранговіч.
А.А.Бембель.А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.Ф.Гастэла. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),
персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.
Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.М.Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.Д.Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.А.Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш.Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).
На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.Кіркору (1911), Я.Купалу (1953), К.Чорнаму (1954), П.Глебку (1957), Я.Ф.Карскаму (1958), М.Лынькову (1959), Я.Коласу (1983), К.Крапіве і І.Мележу (1963), П.Броўку (1976), М.Багдановічу (1977), Ф.Скарыну і У.Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.Г.Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР (лац. Borum),
B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў 10B (19,57%) і 11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5∙10−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.Ж.Гей-Люсакам і Л.Ж.Тэнарам.
Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ,
1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ВЫ,
удзельнікі нарадавольскага руху 1870—80-х г., браты.
Яўген Іванавіч (1858, г. Горкі Магілёўскай вобл. — ?). Вучыўся ў Горным ін-це і Кіеўскім пях. вучылішчы, арганізоўваў ваен. гурткі нарадавольцаў. 30.3.1881 арыштаваны і сасланы пад нагляд паліцыі ў Падольскую губ., адкуль падтрымліваў сувязі з ваен. арг-цыяй «Народнай волі». У студз. 1884 прыцягнуты да следства па справе забойства жандарскага падпалк. Судзейкіна — фактычнага кіраўніка тайнага паліт. вышуку ў Расіі.
Уладзімір Іванавіч (1861, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 18.8.1883). У рэв. рух уключыўся ў 1878 у Кіеўскім ун-це. У 1879 арганізаваў тэрарыст. гурток, які прыняў праграму «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод рабочых, вайскоўцаў, вучнёўскай моладзі, падрыхтаваў замах на жандарскага падпалк. Судзейкіна. Арыштаваны 30.3.1881 і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. 19.12.1882 уцёк з турмы, узначаліў харкаўскую групу нарадавольцаў. У 1883 у Томску спрабаваў наладзіць уцёкі ссыльных, пры арышце застрэліўся.
Аляксандр Іванавіч (1862, с. Ябланаўка Лысянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.9.1925). Як дзеяч кіеўскай групы нарадавольцаў 30.3.1881 арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Магілёўскую губ. пад нагляд паліцыі. У студз. 1881 прыгавораны ваен. судом да 10 гадоў катаржных работ і на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. 24.12.1887 уцёк з турмы, намагаўся аднавіць «Народную волю». У вер. 1888 зноў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1918 чл. Харкаўскага Савета рабочых дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮЛЬ-БЮЛЬ,
азербайджанскія музыканты, бацька і сын.
Бацька (сапр. прозвішча і імя Мамедаў Муртуза Мешады Рза аглы, 12.6.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 26.9 1961), спявак (лірыка-драм. тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1938). Адзін з заснавальнікаў азерб.прафес.вак. школы і муз.т-ра. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1940). Удасканальваў майстэрства ў Італіі (1927—31). З 1920 у Азерб. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы, Керэм («Кёр-аглы», «Аслі і Керэм» У.Гаджыбекава), Альяр («Нэргіз» А.М.М.Магамаева), Нізамі («Нізамі» А.Бадалбейлі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Запісаў больш як 200 азерб.нар. песень (выдаў 3 зборнікі). Выконваў мугамы, нар. песні. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Палад аглы (н. 4.2.1945, г. Баку), кампазітар, эстрадны спявак. Засл. дз. маст. (1973) і нар.арт. (1982) Азербайджана. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1968, клас К.Караева). З 1975 маст. кіраўнік Эстраднага ансамбля Азербайджана, з 1987 маст. кіраўнік—дырэктар Азерб. філармоніі. Міністр культуры Азербайджана (1988). Выканаўца песень, у т. л. ўласных, у якіх спалучае асаблівасці нац.азерб. музыкі з характэрнымі рытмамі сучаснай эстрады. Аўтар сімфоніі (1980), сімф. паэм, струннага квартэта, вак. цыклаў, сюіт і п’ес для эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Здымаўся ў кіно.
Літ.:
Заболотских Б. Соловей из Шуши: Жизнь и творчество нар.арт.СССР Бюль-Бюля. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР (Генрых Матусавіч) (н. 2.7.1922, г. Жырардаў, Польшча),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Нар.арт. Беларусі (1988). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1936—39). З 1939 на Беларусі. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1948) і кампазіцыі (1954). У 1962—95 выкладаў у Бел.пед. ун-це (з 1988 праф.). Муз. стылю Вагнера ўласцівыя тэатральнасць, якая выяўляецца ў вобразнай канкрэтнасці, апоры на бытавыя жанры, кантрастным супастаўленні муз. карцін, сцэн і партрэтаў, дынамічнасць развіцця, яркі каларыт і нац. акрэсленасць муз. мовы, спалучэнне класічных і сучасных сродкаў выразнасці. Сярод твораў: опера «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980), тэлеопера «Ранак» (паст. 1967); балеты «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Святло і цені» (паст. 1963), «Пасля балю» (паст. 1971); вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» (1959), «Героям Брэста» (1975, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); 4 сімфоніі, у т. л. 3-я «Памяці матуль» на словы Н.Гілевіча для дзіцячага хору, барытона і сімф.арк. (1992) і 4-я для сімф.арк. і нар. хору (1996); канцэрты: для сімф.арк. (1991), для фп. (1964, 1977, 1981), кларнета (1982), скрыпкі (1985) з арк., для цымбалаў з арк.нар. інструментаў (1985); Канцэрт-паэма для хору а капэла (1995); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Літ.:
Нісневіч С.Г. Генрых Вагнер. Мн., 1969;
Щербакова Т.А. Штрихи к портрету симфониста // Сов. музыка. 1976. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКО́ВЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапіснай тэхнікі, у якой сувязным рэчывам фарбаў з’яўляецца адбелены пчаліны воск. Не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. Існуюць гарачы (энкаўстыка) і халодны (васковая тэмпера) спосабы васковага жывапісу.
Энкаўстыка вядомая з часоў Стараж. Егіпта. У сярэднія вякі саступіла месца яечнай тэмперы. Адраджацца васковы жывапіс пачаў у эпоху Рэнесанса, асабліва пашырыўся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. васковы жывапіс выкарыстоўваўся пры рэстаўрацыйных работах, дубліраванні і рэтушы карцін і насценнага жывапісу.
Бел. мастакамі ў васковым жывапісе выкананы шэраг насценных размалёвак і карцін: «Навука» ў фае Ін-та кібернетыкі АН Беларусі (1971), «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976; абедзве С.Катковай і З.Літвінавай), «Асветнікі» Г.Вашчанкі ў Доме настаўніка (1976), «Мой край — Беларусь» І.Кліменкі, А.Ксяндзова, В.Барабанцава ў б-цы Бел.эканам. ун-та (1978), «Заснавальнікі Беларускага універсітэта» У.Самсонава ў корпусе ф-та журналістыкі БДУ, «Музыка» С.Катовіча ў Рэсп. ліцэі пры Бел. акадэміі музыкі (абедзве 1980; усе ў Мінску) і інш.Сярод станковых работ у васковым жывапісе выкананы нацюрморты «Хлеб» і «Цыкламен» Вашчанкі (1966), «Дзяўчына ў чорным берэце» (1974) і «Партрэт Л.Зяневіч» (1978) Літвінавай, «Партрэт дзяўчыны» (1977) і «Партрэт М.Гусоўскага» (1980) Барабанцава, нацюрморт «Збаны і кветкі» В.Ціханава (1980) і інш.
Да арт.Васковы жывапіс. З.Літвінава, С.Каткова. «Стары і новы Вільнюс». Насценная размалёўка ў кінатэатры «Вільнюс» у Мінску. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк.праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш.царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынак б.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынак б. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).