у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст.культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ.цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял.р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш.нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн.ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сцьбуд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб.прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб.маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц.вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім.прам-сць, у т. л.вытв-сцьаўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр.з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.
Гісторыя. У канцы 1-га тыс.н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус.правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛАльгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн.Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн.Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл.Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст.вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн.Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на 2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін.цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял.Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж.к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.
Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв.нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл.Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.Мічурын, І.Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.Бажэнаў, цяпер корпус Рас.дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за 2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.Карбанье, А.Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.Стасаў, Ф.Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.П.Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.Шчусева і І.Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.Бархін), клуб імя І.Русакова (1927—29, арх. К.Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.І.Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.Сямёнаў, С.Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.Стапран, Л.Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.Лангман), рэканструяваны гал.гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.Уласаў, інж. В.Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.Пасохін, А.Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.Дз.Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр.культуры і адпачынку імя М.Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.С.Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.Фёдараву (1909), М.Горкаму (1951), Ю.Далгарукаму, П.І.Чайкоўскаму (абодва 1954), М.Ю.Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.І.Кутузаву (1973), маршалу Г.К.Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс.НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн.ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед.ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз.культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.Васняцова, М.Горкага, М.Лермантава, Л.Талстога, М.Цвятаевай, А.Чэхава, Ф.Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».
У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.
Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст.вял.кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст.засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля 1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.Мсціславец, І.Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел.паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс.чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел.культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-вабел.культуры імя Ф.Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».
Літ.:
Москва: Энцикл. М., 1998;
Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г.М., 1990;
По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г.М., 1991;
Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;
Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;
Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;
Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;
Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.
Да арт.Масква. Від на Маскву-раку.Да арт.Масква. Вуліца С.Разіна.Да арт.Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.Сторна для кнігі А.Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.Да арт.Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.В.Верашчагін. 1897—98.Да арт.Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.Г.Абелінам. Гравюра Л.Кіліяна.Помнік Г.К.Жукаву ў Маскве. 1996.Да арт.Масква. Універсітэт імя М.В.Ламаносава.Да арт.Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.Да арт.Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс.км². Нас. 791 тыс.чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км². Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г.Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.
Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць 2/3тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км²). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.
Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культурыскіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст.н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл.Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт.вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарская аўт.вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял.Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.—снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.
Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л.маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд.кВт∙гадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс.га. У структуры с.-г. угоддзяў асн.ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам. зона «Кабардзіна-Балкарыя».
Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.Казы-Гірэй, С.Хан-Гірэй, Ю.Ахметукаў, С.Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.Пачаў, П.Кешокаў, балкарскай — паэт К.Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.Гуртуева, А.Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.Кажаева, З.Аксірава, Дж.Налоева, балкарцаў Р.Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.Куашава, балкарцаў К.Куліева, К.Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.Тэунава, К.Эльгара. А.Шамахава, А.Налоева, балкарцаў А.Тэпеева, Ж.Заліханава, А.Этэзава, Х.Каціева, драматургія кабардзінцаў З.Аксірава, Шартанава, П.Місакава, М.Тубаева, балкарцаў І.Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.Кешокава, Б.Куашава, З.Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.Танка, А.Куляшова, А.Вольскага, Р.Барадуліна, І.Калесніка, К.Камейшы, В.Лукшы, Л.Салаўя, У.Шахаўца.
Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц.нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес.выяўл. мастацтва (жывапісцы М.Гусачэнка, М.Ванах; скульптары Х.Крымшамхалаў, М.Тхакумашаў; графікі В.Арленка, Г.Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).
Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.Хаўпачаў, І.Кажараў, Б.Казіеў, К.Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.Балаў, Х.Карданаў, Н.Асманаў, У.Молаў, А.Байчэкуеў, Д.Хаупа Сярод нар. спевакоў З.Кардангушаў, А.Атараў. Працуюць: Муз.т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.
Літ.:
Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968;
Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.
від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт.культуры. З інш.слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Валачобныя песні. Мн., 1980.
Літ.:
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.Г.Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант.л-ра, філасофія, творчасць У.Шэкспіра, Ф.Г.Клопштака, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай ў 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв.муз.культуры.
Літ.:
Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр.Т. 2, 12. М., 1954, 1957;
Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;
Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;
Климовицкий А. О творческом процессе Л.Бетховена. Л., 1979;
Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;
Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́РНЫЯ ПЕ́СНІ,
найбольш даўні пласт песеннага фальклору, у якім адбілася рытуальна-мастацкае асэнсаванне агр. свят і земляробчай працы ў непарыўнай рытмічнай сувязі з чаргаваннем пораў года. Вядомыя амаль усім земляробчым народам. У славян і балтаў разам з песнямі сямейна-абрадавага цыкла складаюць аснову ўсёй нар. песеннай культуры. На Беларусі К.п. ўтвараюць 4 вял. цыклы: зімовыя песні (калядныя песні і шчадроўскія), веснавыя песні (масленічныя песні, гуканне вясны, валачобныя песні, юраўскія песні, траецкія песні, русальныя), летні (купальскія песні, жніўныя песні, дажынкавыя), восеньскія песні (ярынныя, ільнавыя, уласна восеньскія). Песенныя цыклы каляндарнага круга ўключаюць таксама веснавыя і летнія карагоды, зімовыя гульнявыя песні («як водзяць казу», «як жэняць Цярэшку» і інш.) і ўмоўна прымеркаваныя лірычныя і лірыка-эпічныя (баладнага зместу) песні; «піліпаўскія», «лесавыя», «лугавыя», «як полюць», «як пасуць жывёлу» і інш. Вызначальная рыса К.п. — іх поліфункцыянальнасць, якая выяўляецца ў дамінуючым значэнні адных і дапаўняльным другіх функцый.
Дамінуючыя функцыі — нарматыўна-рэгламентуючая, знакава-апазнавальная і сугестыўна-інспіратыўная, дапаўняльныя — эстэтычная і псіхалагічна-рэкрэатыўная. Дамінуючыя функцыі абумоўліваюць якасную адметнасць К.п.: строгую прымеркаванасць да пэўнага часу і абставін; фарміраванне тыпавых політэкставых напеваў — гранічна сціслых устойлівых меладычных формул, якія маюць сімвалічнае значэнне, выступаючы ў межах пэўнага арэала як муз. знак Каляды, вясны, Купалы, жніва, восені. У гэтым сэнсе іх можна вызначыць «як песня і — больш чым песня».
Паэтычны змест К.п. характарызуецца прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з персаніфікаванымі вобразамі навакольнай прыроды і даўніх язычніцкіх святкаванняў. Нярэдка на першы план выступаюць матывы міфалагічныя (у песнях зімовага і летняга сонцаваротаў), а таксама баладныя (у купальскіх), пазней гіст. (у калядных), антыпрыгонніцкія (у жніўных). Вобразны лад вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, купальскія), урачыстай прыўзнятасцю (абходныя валачобныя і калядныя), псіхал. паглыбленасцю (восеньскія) або драматызмам маналагічнага выказвання (жніўныя). Напевы К.п. пры вонкава скупых меладычных сродках (вузкім ці сярэднім гукавым дыяпазоне — тэрцыі, кварты, квінты) валодаюць вял. выразнай сілай, дзякуючы раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), інтанацыйна-адценневых, арнаментальных, тэмбравых і сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі ў межах меладычнай формулы. Немалаважную ролю адыгрывае і манера выканання: галасны спеў са звонкімі воклічамі і глісандуючымі завяршэннямі фраз (веснавыя песні), антыфонныя пераклічкі (веснавыя, купальскія), доўгія фермата — «зацягванні голасу» (жніўныя), рытуальны шум (калядныя). Пры ўсіх гіст. зменах, што адбываюцца ў традыц.нар. песнятворчасці, К.п., у адрозненне ад неабрадавых «простых» песень, асэнсоўваюцца сельскімі носьбітамі фальклору як песні «асобыя», «надабныя». Яны спантанна нібы нараджаюцца ў свядомасці іх носьбітаў менавіта ў пэўны і толькі ў пэўны час. Высокі іх статус, урачыстасць іх з’яўлення падкрэсліваюцца і ў паэт. тэкстах, напр., у канцоўках-зваротах валачобнікаў да гаспадара: «А мы госцікі недакучныя // А мы ў гадочак — адзін разочак».
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара / Уклад. А.Ліс. Мн., 1992;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная пссня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт системно-типол. исслед. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р. Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в. Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в. Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в. Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ (ад лексіка + ...графія),
1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.
2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).
Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст.н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.
У развіцці практычнай бел.Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш.бел. кніжнікаў 16—17 ст.Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.Я.Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».