ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],

філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.​Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.​Джэмс, Дж.​Дзьюі, Дж.​Мід, С.​Хук, К.​І.​Льюіс, Ф.​К.​Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст. эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.

В.​І.​Галаўнёў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).

Літ.:

Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];

Древний Псков;

История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ у біялогіі,

перамяшчэнне ў прасторы асобіны або яе часткі, у т. л. цытаплазмы. Аснова Р. — пераважна рэакцыя ўзаемадзеяння паміж скарачальнымі бялкамі (актынам і міязінам) і адэназінтрыфосфарнай кіслатой. Ва ўнутр. асяроддзі адбываецца ў форме ўзаемазвязаных працэсаў, якія накіраваны на захаванне гамеастазу і забеспячэнне аптымальнай хуткасці абмену рэчываў, стрававання, дыхання, выдзялення і інш. на субклетачным, клетачным, тканкавым, сістэмным і арганізмавым узроўнях. У жывёл спосаб перамяшчэння асобіны залежыць ад тыпу лакамоцыі і ўмоў навакольнага асяроддзя (наземнае, воднае, паветранае). Адзіночныя клеткі (напр., амёбы, фібрабласты, макрафагі) рухаюцца шляхам павольнага перацякання пратаплазмы; некат. віды выкарыстоўваюць жгуцікі і раснічкі або спец. прыстасаванні (шчацінкі, лускавінкі, шчыткі), з дапамогай якіх яны чапляюцца за няроўнасці субстрату. Найб. пашыраная канструкцыя органаў Р. — канечнасці — сістэма рычагоў, якія рухаюцца з дапамогай скарачэння мышцаў. У большасці раслін асн. спосаб іх Р. — рост расцяжэннем. Адбываецца ў выніку павелічэння даўж. і (або) дыяметра клетак і павелічэння аб’ёму ў 10—100 разоў. Неабарачальнасць расцяжэння клетак — адно з важных умоў росту і морфагенезу органаў. Знаходзіцца пад кантролем фітагармонаў, пераважна аўксінаў, абсцызавай кіслаты і этылену. На аснове механізму росту расцяжэннем у працэсе эвалюцыі паявіліся больш дасканалыя формы Р.: трапізмы, настыі, нутацыі. У свеце раслін таксама пашыраны спосабы мех. пасіўных Р. (напр., перанос спор, пылку, насення струменямі паветра, вады або жывёламі).

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Каппуччинелли П. Подвижность живых клеток: Пер. с англ. М., 1982;

Яковлев Н.Н. Химия движения. Л., 1983.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.

На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз. Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.

У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.

Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».

Я.​А.​Ільін.

т. 14, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́РСКАЯ ПЛАТФО́РМА,

дакембрыйская платформа, паміж р. Енісей, воз. Байкал і Верхаянскім хр.; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўн. Азіі. Абмежавана на З палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на Пд і ПдУ — Усходне-Забайкальска-Ахоцкім, на У — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні С.п. размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор’е, Алданскае нагор’е, Паўн.-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах С.п. 40—48 км, шчыльн. цеплавога патока 20—40 мВт/м². Складзена са складкавага крышт. фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга пратэразою) і платформавага чахла. У будове чахла вылучаюць 2 мегакомплексы: ніжні, або даплітны (адклады рыфею), і верхні, або плітны (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10—12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, верхнім палеазоі, раннім і познім мезазоі С.п. вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі. На значнай частцы С.п. адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1—2 км. У тэктанічнай будове С.п. вылучаюць гал. структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненая Анабарскім масівам (з выхадам крышт. парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах С.п. буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі і інш. вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў і інш.

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛА́,

кідальны снарад для стральбы з лука, арбалета, самастрэла, духавога ружжа і некат. відаў кідальных машын. Найб. распаўсюджаная С. для лука складалася з дрэўка даўж. да 120 см (з прамаслойнага дрэва ці трыснягу), наканечніка (з крэменю, косці, бронзы, жалеза), апярэння (з пер’я птушак, лісця дрэў і інш.), вушка (прылада для ўпору на цеціву, з косці ці рогу)’.

На тэр. Беларусі лук і С. вядомы з неаліту, пашыраны ўсх.-еўрап. тронкавыя С. з утулкавымі наканечнікамі. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са скіфамі з’явіліся бронзавыя наканечнікі С. з трыма і дзвюма лопасцямі. Да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. трохлопасцевыя жалезныя наканечнікі вядомы на З Беларусі і ў Літве. У 10—11 ст. з пашырэннем кальчуг і інш. метал. даспехаў яны выйшлі з ужытку. З жал. веку да канца 18 ст. (да выцяснення агнястрэльнай зброяй) у ваен. практыцы і для палявання выкарыстоўвалі С. з пляскатым наканечнікам. Гранёныя наканечнікі С. вядомы з канца 1-га тыс. н.э.

У наш час С. выкарыстоўваюцца для спарт. стральбы з лука.

Г.​М.​Сагановіч, У.​П.​Ксяндзоў.

Да арт. Страла: 1 — крамянёвы наканечнік стралы з гарадзішча Мыслі Капыльскага раёна (1—4 ст.); 2 — жалезныя наканечнікі стрэл з селішча Струга Столінскага раёна (7—9 ст.); 3 — страла з Паўночнай Індыі з чатырохлопасцевым апярэннем і доўгім шасцігранным наканечнікам для прабівання кальчугі; 4 — японская страла з вілападобным стальным наканечнікам; 5 — рытуальная страла індзейцаў племя сіу.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МЧАТЫЯ ГРЫБЫ́,

(Ascomycota), аддзел грыбоў. 2 кл.: аскаміцэты і эндааскаміцэты. Да С.г. адносяць амаль усе грыбы, што ўваходзяць у склад лішайнікаў. Пашыраны ўсюды. Аскаміцэты падзяляюцца на 3 падкл., маюць каля 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. На Беларусі больш за 10 парадкаў, каля 200 родаў, каля 500 відаў. Трапляюцца ў глебе і на арган. субстратах. Сапратрофы, раскладаюць расл. і жывёльныя рэшткі, утвараюць плесні на прадуктах харчавання, прамысл. матэрыялах і вырабах. Многія паразіты, узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека (напр., мікозы), раслін (мучністай расы, паршы, плямістасцей і інш.). Ёсць ядомыя (смаржкі, страчкі, труфелі).

Міцэлій галінасты, шматклетачны, складаецца са шмат’ядзерных або аднаядзерных клетак. У некат. С.г. (напр., дражджэй) сапраўдны міцэлій адсутнічае, ёсць толькі асобныя клеткі, здольныя пачкавацца. Размнажэнне вегетатыўнае (часткамі міцэлію), бясполае (канідыямі) і палавое (сумкаспорамі). У выніку палавога працэсу ўтвараюцца сумкі (адсюль назва) у выглядзе мяшочка з адтулінай, звычайна 8-споравыя, аднаклетачныя. У ніжэйшых С.г. сумкі знаходзяцца непасрэдна на міцэліі, у вышэйшых — размешчаны ў пладовых целах (апатэцыях, клейстатэцыях і перытэцыях). У цыкле развіцця многіх С.г. адзначана канідыяльнае споранашэнне, якое мае выгляд плям, бугаркоў, налётаў. Канідыяносцы ўзнікаюць адзіночна, кучкамі або суцэльным слоем на шчыльным спляценні міцэлію ці ў пікнідах. Выкарыстоўваюцца ў сыраварэнні, хлебапячэнні і ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты ферментаў, антыбіётыкаў і інш.

Літ.:

Стрельская О.Я. Низшие растения. Систематика. Мн., 1985;

Грин Н., Стаут У., Тейлор Д. Биология: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1990;

Мюллер Э., Леффлер В. Микология: Пер. с нем. М., 1995.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕРГЕТЭРАДЗІ́ННЫ РАДЫЁПРЫЁМНІК,

найбольш пашыраны тып радыёпрыёмніка з пераўтварэннем нясучай частаты прынятых сігналаў (без змены закону мадуляцыі) у больш нізкую фіксаваную (прамежкавую) частату, на якой адбываюцца асн. ўзмацненне і фільтрацыя сігналаў. У параўнанні з радыёпрыёмнікам прамога ўзмацнення вызначаецца большымі адчувальнасцю, селектыўнасцю і каэфіцыентам узмацнення.

Мае прэселектар, пераўтваральнік частаты, узмацняльнік прамежкавай частаты, дэтэктар, узмацняльнік нізкай частаты і сродкі ўзнаўлення інфармацыі (гучнагаварыцель, кінескоп і інш.). Прэселектар выконвае папярэднюю селекцыю (гл. Селектыўнасць радыёпрыёмніка) карысных сігналаў пры высокай выбіральнасці толькі адносна частаты люстранага канала (адрозніваецца ад частаты карыснага канала на падвоеную прамежкавую) і складаецца з уваходных ланцугоў і ўзмацняльніка радыёчастаты (у дыяпазоне ЗВЧ пры неабходнасці можа дадавацца ўзмацняльнік з малым узроўнем шумаў). Пераўтваральнік частаты мае гетэрадзін і змешвальнік, на выхадзе якога ўзнікае вял. колькасць камбінацыйных (сумарных і рознасных) частот карыснага сігналу і гетэрадзіна, з якой узмацняльнік прамежкавай частаты выдзяляе фіксаваную частату і забяспечвае вял. каэфіцыент узмацнення сігналаў гэтай частаты. Настройка С.р. на прыём пэўнага радыёсігналу дасягаецца адначасовай перастройкай частаты гетэрадзіна і выбіральных ланцугоў прэселектара. У некаторых прафесійных С.р. выкарыстоўваюць 2- ці 3-разовае пераўтварэнне частаты для паляпшэння тэхн. паказчыкаў. С.р. выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёастраноміі, радыёлакацыі і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

Блок-схема супергетэрадзіннага радыёпрыёмніка: А — антэна; ПЧ — пераўтваральнік частаты; 1 — уваходныя ланцугі; 2 — узмацняльнік з малым узроўнем шумаў; 3 — узмацняльнік радыёчастаты; 4 — змешвальнік; 5 — гетэрадзін; fr — частата гетэрадзіна; 6 — узмацняльнік прамежкавай частаты; 7 — дэтэктар; 8 — узмацняльнік нізкай частаты; 9 — сродкі ўзнаўлення інфармацыі.

т. 15, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Беларусі ў Віцебскай вобл., частка на тэр. Смаленскай вобл. (Расія). Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Мяжуе з Гарадоцкім узв. на З і Віцебскім узв. — на Пд. Выш. 150—160 м. Пл. каля 900 км².

Прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў. Фарміраванне паверхні С.н. звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Зах. Дзвіна каля г. Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ўскраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі. Карысныя выкапні: лёгкаплаўкія гліны, даламіт, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. Адносныя перавышэнні рэльефу 2—3 м, да 10 м (дзюнны рэльеф). Нізіну дрэніруюць р. Зах. Дзвіна з прытокамі Каспля, Усвяча з Аўсянкай. Даліны маюць па 2—3 эразійна-акумулятыўныя тэрасы. Найб. азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам каля 30%, лясы хваёвыя, асінавыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дамешкі ясеню, клёну, ліпы і інш. Балоты вярховага тыпу. Пад ворывам да 20%. У межах С.н. біял. заказнік Запольскі.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РУС Рыгор Фёдаравіч (н. 22.7.1942, г. Улан-Удэ, Бурація),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, кл. А.Багатырова). У 1969—72 выкладаў у муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Для творчасці С. характэрны пазітыўнае светаўспрыманне, пашыраны вобразна-тэматычны і жанравы дыяпазон: ад героікі да мяккага гумару, ад акадэмічнасці да фалькларызму і эстраднасці, ад інстр. мініяцюр да буйных муз.-тэатр. кампазіцый. Музыка вызначаецца дэмакратычнасцю, сувязямі з фалькл. крыніцамі, пранікнёны меладызм спалучаецца з гнуткай выразнай рытмікай; шырока выкарыстоўвае прынцып астынатнасці, поліфанію. Сярод твораў: нар. муз. камедыя «Несцерка» (паст. 1979), гераічная муз. камедыя «Судны час» (паст. 1984); балет «Кірмашовыя забавы» (1993); сюіта «Сваток» (1972) і паэма «Памяці герояў» (1975) для салістаў, хору і сімф. арк.; сімф. варыяцыі (1966), «Святочная уверцюра» (1979), сімфонія (1969; 2-я рэд. 1992), канцэрт «На Купалле» (1995), сімфонія-канцэрт «Каляды. Ражаство» (2000; усе для сімф. арк.); канцэрты для скрыпкі з арк. (1972), «Юнацкі» для фп. з арк. (1987); творы для арк. бел. нар. інструментаў, для эстр. арк., у т. л. «Інтэрмецца» (1964), «Святочны вальс» (1975), «Восеньскі накцюрн» (1977), «Лірычны экспромт», «Рамантычны вальс» (абодва 1984), «З добрай раніцай», «Успамін» (абодва 1985), «Аднойчы вечарам», «Зорны вальс», «Бэзавы сад» (усе 1986); творы для фп., баяна, цымбалаў, скрыпкі, флейты, кларнета; вак. і хар. творы a’cappella на бел. тэксты (больш за 20), у т. л. кантата «Шлюбная» (1998), апрацоўкі бел. нар. песень, рамансы, песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу «Па месцах баявога паходу» (1980).

Н.​А.​Юўчанка.

Р.Ф.Сурус.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)