ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксандравіч [1867) (паводле інш. даных 2.1.1868),
Маскоўская губ. — 1937 (?)], расійскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). У 1898—1907 чл. (з 1904 старшыня) Маскоўскай губ. земскай управы. У 1904—05 старшыня бюро земскіх і гар. з’ездаў. Адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў (1905), чл. яе ЦК. У 1907 старшыня 2-й Дзярж. думы, беспаспяхова імкнуўся да згоды паміж рознымі паліт. сіламі ў Думе і дзелавых кантактаў з урадам. У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 удзельнічаў у рабоце Усерас. саюза гарадоў (гл.«Земгор»). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Часовага ўрада па мін-ве двара. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 працаваў у сав. установах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж прадпрыемствамі з вызначэннем іх правоў і абавязкаў у сферы гасп. дзейнасці. Да іх адносяцца дагаворы пастаўкі, падраду на капітальнае буд-ва, грузавой перавозкі, кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных і канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. У Рэспубліцы Беларусь гаспадарчы дагавор рэгулюецца шматлікімі нарматыўнымі актамі, у т. л. правіламі аб дагаворах падраду на капітальнае буд-ва, палажэннямі аб пастаўках, аб парадку заключэння і выканання дагавораў кантрактацыі с.-г. прадукцыі, трансп. статутамі і кодэксамі і інш. Гаспадарчы дагавор выкарыстоўваюць і як прававую форму арг-цыі ўнутрыгасп. дзейнасці (пагадненне аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміжгенетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ, генетычны фон,
комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ ЛЕЎ (Heinrich der Löwe, каля 1129 — 6.8.1195),
герцаг Саксоніі [1142—80] і Баварыі [1156—80]. З княжацкага роду Вельфаў. Разам з Альбрэхтам Мядзведзем узначальваў крыжовы паход супраць славян 1147. У выніку наступных паходаў (з 1160) на заваяваных ім землях бодрычаў заснаваў у ніжнім цячэнні Эльбы Мекленбургскае герцагства (1170), захапіў Памеранію (паміж вусцямі Одэра і Віслы); стаў найб. магутным ням. князем. У 1176 з-за адмовы ўдзельнічаць у ваен. паходзе ў Паўн. Італію пасварыўся з герм. імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам. Апошні ў 1180 дамогся імператарскага суда над Генрыхам Львом, які быў пазбаўлены ўладанняў (акрамя гарадоў Браўншвайг і Люнебург) і ў 1181 выгнаны з імперыі ў Англію, адкуль вярнуўся толькі ў 1194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЦКІ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры «віленскага барока». Пабудаваны ў 1787 з цэглы ў в. Германавічы (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Храм падоўжнай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф і паўкруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 5-яруснымі чацверыковымі вежамі са скразнымі лучковымі і арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, вуглавымі лапаткамі, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Асн. плоскасць гал. фасада паміж вежамі завершана шчытом, дэкарыравана пілястрамі. У арх. дэкоры гал. фасада выкарыстаны сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Прафіляваны антаблемент інтэр’ера дэкарыраваны лепкай, хоры — ляпнымі выявамі муз. інструментаў.
А.М.Кулагін.
Германавіцкі Благавешчанскі касцёл. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЦІХ (Міхаіл) (? — 1654),
літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў на лац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.Крэлем, І.Маскажэўскім, М.Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.Гіціхам, сацыніянцам і Л.Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́Я (ад грэч. glia клей),
нейраглія, сукупнасць клетак нерв. тканкі, што запаўняюць прастору паміж нейронамі галаўнога і спіннога мозга і крывяноснымі сасудамі ў ц. н. с. Займаюць каля 40% яе аб’ёму; забяспечваюць існаванне і спецыфічныя функцыі нерв. клетак (узбуджанасць, тармажэнне, распаўсюджанне імпульсаў па адростках нейронаў і ў вобласці сінаптычнага кантакту, звязаны з сінтэзам медыятараў, выконваюць апорную, трафічную, размежавальную, сакраторную і ахоўную функцыі. Колькасць іх у ц. н. с. млекакормячых каля 140 млрд. (з узростам павялічваецца). Клеткі гліі падзяляюцца на гліяцыты (макраглія) і мікраглію. Клеткі макрагліі сваімі адросткамі і целамі вакол цел і адросткаў нейрацытаў утвараюць аснову гематаэнцэфалічнага бар’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у мяст.Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛБРЭЙТ, Гэлбрэйт (Galbraith) Джон Кенет (н. 15.10.1908, г. Аяна-Стэйшэн, Канада), амерыканскі эканаміст, філосаф. Скончыў ун-т у Таронта (1931). Праф. эканомікі Гарвардскага ун-та. Прыхільнік дзярж. рэгулявання эканомікі (распрацаваў тэорыю «ўраўнаважвальнай сілы», у якасці якой выступае дзяржава, што спрыяе стварэнню раўнавагі паміж попытам і прапановай). Аўтар канцэпцыі новага індустрыяльнага грамадства, дзе вырашальная роля належыць «тэхнаструктуры» (увасабленне калектыўнай улады спецыялістаў розных узроўняў). Выступаў за мірнае суіснаванне капіталіст. і сацыяліст. сістэм, прытрымліваўся канвергенцыі тэорыі.
Тв.:
Рус.пер. — Новое индустриальное общество. М., 1969;
Экономические теории и цели общества. М., 1979;
Жизнь в наше время: Воспоминания. М., 1986;
Капитализм, социализм, сосуществование. М., 1988 (разам з С.Меншыкавым).