ПРЫХО́ДЗЬКА (Сяргей Якаўлевіч) (н. 18.3.1947, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (фехтаванне на шаблях). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1970). Засл. трэнер Беларусі. З 1977 трэнер Мінскага абл. савета фізкульт.-спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1970, Анкара; 1975, Будапешт) у камандным першынстве.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НЯ,

гаспадарчая пабудова для захоўвання сена, саломы; пабудова, аналагічная адрыне. На Падняпроўі выкарыстоўвалася і як хлеў. Шырока бытуе на Беларусі, а таксама ў Смаленскай, Наўгародскай і інш. абласцях Расіі. Назва запазычана з літ. мовы — «пуне». У стараж.-бел. мове зафіксавана ў пач. 16 ст.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАСТРАПА́ДКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Антон) (1788, Мінская губ. — 1851),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т (1812). З 1814 ваен. ўрач, з 1818 урач Вількамірскага пав. Віленскай губ. Адзін з першых на Беларусі і ў Літве напісаў дысертацыю па даследаванні рака.

т. 14, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каха́нак ’любы, каханы’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Нас. і г. д.), каха́нка ’любая, каханая’. Гэтыя словы засведчаны ўжо ў ст.-бел. мове: коханка, коханокъ. Дзеяслоў кохати ў ст.-бел. мове Булыка (Запазыч., 173) адносіць да паланізмаў. Зразумела, што і вытворныя, якія маюць адпаведнасці ў польск. (kochanek, kochanka), хутчэй за ўсе таксама запазычанні. Няясна, з якіх прычын коханка, коханокъ Булыка адносіць да ўтварэнняў, якія ўзніклі ўжо ў бел. мове (гл. с. 15, дзе гаворыцца, што пасля экземпліфікацыі прыводзяцца дэрываты, утвораныя на бел. глебе). Параўн. Кюнэ, Poln., 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кампу́т, ко́мпут ’агульны рахунак, рэестр, колькасць асоб, прадметаў’ (Нас.), ст.-бел. компутъ ’лік. спіс’, са ст.-польск. komput ’тс’ < лац. computus ’рахунак’ < computāre ’лічыць’. Параўн. яшчэ ст.-бел. кампутовать (гл. Булыка, Запаз. 165).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муншту́к ’цуглі’, ст.-бел. мунштукъ, монштукъ, мунтштукъ ’тс’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. munsztuk, monsztuk, якім у суч: ням. мове адпавядае Mundstück ’тс’, ’мунштук’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120; Жураўскі, Бел. мова, 62).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́цераб ’месца, дзе высечаны лес; расцярэблены кусты’ (слаўг., Яшк.), про́церэб, про́тэрэб, про́терэб ’тс’ (Выг.; лук., Шатал.), ст.-бел. протеребокъ ’раскарчаванае месца; працярэблены ўчастак лесу’ (Ст.-бел. лексікон). Да церабіць (гл.), параўн. яшчэ выцераб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў КІНАФОТАФОНАДАКУМЕ́НТАЎ (БДАКФФД),

навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНК СССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял. Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.​Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.

Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.

А.​М.​Грыневіч.

Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР (Генрых Матусавіч) (н. 2.7.1922, г. Жырардаў, Польшча),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Нар. арт. Беларусі (1988). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1936—39). З 1939 на Беларусі. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1948) і кампазіцыі (1954). У 1962—95 выкладаў у Бел. пед. ун-це (з 1988 праф.). Муз. стылю Вагнера ўласцівыя тэатральнасць, якая выяўляецца ў вобразнай канкрэтнасці, апоры на бытавыя жанры, кантрастным супастаўленні муз. карцін, сцэн і партрэтаў, дынамічнасць развіцця, яркі каларыт і нац. акрэсленасць муз. мовы, спалучэнне класічных і сучасных сродкаў выразнасці. Сярод твораў: опера «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980), тэлеопера «Ранак» (паст. 1967); балеты «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Святло і цені» (паст. 1963), «Пасля балю» (паст. 1971); вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» (1959), «Героям Брэста» (1975, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); 4 сімфоніі, у т. л. 3-я «Памяці матуль» на словы Н.​Гілевіча для дзіцячага хору, барытона і сімф. арк. (1992) і 4-я для сімф. арк. і нар. хору (1996); канцэрты: для сімф. арк. (1991), для фп. (1964, 1977, 1981), кларнета (1982), скрыпкі (1985) з арк., для цымбалаў з арк. нар. інструментаў (1985); Канцэрт-паэма для хору а капэла (1995); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Нісневіч С.Г. Генрых Вагнер. Мн., 1969;

Щербакова Т.А. Штрихи к портрету симфониста // Сов. музыка. 1976. № 8.

Р.​М.​Аладава.

Г.М.Вагнер.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)