адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.
Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас.р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял.воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯКА́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ,
у Пермскай вобл. Расійскай Федэрацыі. На левым беразе р. Кама, паміжр. Вішара на Пн і р. Яйва на Пд. Саляныя пароды прадстаўлены лінзападобным пакладам, выцягнутым з Пн на Пд на 200 км, шыр. да 50 км, пл. 6,5 тыс.км². Саляносныя адклады ніжняй і верхняй пярмі. Паклад калійных солей мае працягласць 136 км, шыр. да 40 км, пл. 3,5 тыс.км². Радовішча адкрыта ў 1925, распрацоўваецца з 1933. Прамысл. запасы 3,8 млрд.т (сільвініт, карналіт і інш. солі), перспектыўныя 15,7 млрд.т. Цэнтры здабычы — г. Беразнікі, г. Салікамск. Калійныя солі выкарыстоўваюцца для вытв-сці ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́Маркава манастыра.
Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел.нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД-БА́ФАЛА (Wood Buffalo),
нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн.га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в.Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.