КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),

атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.

Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.

Да арт. Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАПТУ́Р Ніна Фёдараўна (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ (Calais),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс. ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж. выраб карункаў, цюлю, вышывак.

Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.​Гізам (гл. Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.​Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

Да арт. Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.​Радэн. 1884—88.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУБО́ВІЧ (Каханоўскі) Аўген

(Яўген) Тодаравіч (5.3.1912, в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1987),

бел. гісторык, літаратуразнавец, паліт. дзеяч. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). У 1930 арыштаваны, сасланы. У 1933 вярнуўся ў БССР, з 1939 кансультант-метадыст Наркамасветы БССР. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады (1944, справы культуры), кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (1944); на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выступіў з асн. рэфератам. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. арг-цый і партый, займаўся літ., навук., культ.-асв. і паліт.-грамадскай дзейнасцю. Даследчык мовы, л-ры, гісторыі Беларусі, пачынальнік вывучэння гісторыі бел. эміграцыі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зб. «Янка Купала і Якуб Колас, 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).

Тв.:

Крокі гісторыі: Даслед., арт., успаміны. Беласток;

Вільня;

Менск, 1993;

На крыжовай дарозе: Тв. з эміграцыі. Мн., 1994.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,

метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.

Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

М.​Я.​Нікіфараў.

Да арт. Кальцаванне птушак: нажныя кольцы.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЭ́СА Філарэт Міхайлавіч (17.7.1871, с. Пясчавы Стрыйскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 3.3.1947),

украінскі музыказнавец-фалькларыст, этнограф, кампазітар, літаратуразнавец. Акад. АН Украіны (1929). Бацька М.Ф.Калэсы. Скончыў Львоўскі ун-т (1896). Музыказнаўчую адукацыю атрымаў у Вене ў А.Брукнера, Г.Адлера. З 1939 праф. і адначасова (з 1940) дырэктар этнагр. музея Львоўскага ун-та. Заснавальнік укр. муз. этнаграфіі. Вывучаў суадносіны лакальнага і агульнанац. стылю ў фальклоры, гісторыю ўкр. дум, слав. фалькл. сувязі. У 1932 з К.​Машынскім запісваў бел. фальклор на Палессі (матэрыялы апубл. ў арт. «Народная музыка на Палессі», 1939, дзе К. падкрэсліваў цесную сувязь укр. і бел. фальклору). Аўтар працы «Рытміка ўкраінскіх народных песень» (1907), хар. твораў, апрацовак нар. песень, літаратуразнаўчых прац на творчасці М.​Лысенкі, Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, Л.​Украінкі інш.

Тв.:

Мелодії українських народних дум. Київ, 1969;

Музикознавчі праці. Київ, 1970;

Фольклористичні праці. Київ, 1970.

Літ.:

Грица С. Ф.​М.​Колесса. Київ, 1962.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (англ. Conservative Party),

адна з дзвюх вядучых паліт. партый краіны. Пачала фарміравацца ў 1830-я г. на базе партыі торы, арганізацыйна аформілася ў 1867—70 пад кіраўніцтвам Б.Дызраэлі. Прадстаўляе пераважна інтарэсы буйных уласнікаў. Ідэалогія — кансерватызм. З 1885 неаднаразова кіруючая партыя (яе лідэр у выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах фарміруе ўрад), у т. л. пасля 2-й сусв. вайны ў 1951—64, 1970—74, 1979—97. У 1912 аб’ядналася з больш ліберальнай паліт. групоўкай «юніяністаў» (лідэр з 1886 Дж.​Чэмберлен). Налічвае каля 300 тыс. чл. (1990-я г.). Кіруючыя органы — Цэнтр. савет і Цэнтр. офіс, адносна самаст. ролю адыгрывае парламенцкая фракцыя партыі. Лідэры: Дызраэлі (1868—81), Р.Солсберы (1881—1902), А.Бальфур (1902—11), Б.​Лоу (1911—23), С.Болдуін (1923—37), Н.​Чэмберлен (1937—40, гл. ў арт. Чэмберлены), У.Чэрчыль (1940—55), А.Ідэн (1955—57), І.Макмілан, (1957—63), А.Дуглас-Х’юм (1963—65), Э.Хіт (1965—75), М.Тэтчэр (1975—90), Дж.Мэйджар (з 1990).

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Афрыцы на Пд ад 20° паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл. Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.

Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.

Да арт. Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДУ́ЧЫ (Carducci) Джазуэ (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),

італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.​Петрарку, Дж.​Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные стихи. М., 1950;

Избранное. М., 1958.

С.​В.​Логіш.

Дж.Кардучы.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РЫ (ісп. Cordilleras літар. горныя ланцугі),

найвялікшая горная сістэма Зямлі ўздоўж зах. ускраін Паўн. і Паўд. Амерыкі ад 66° паўн. ш. (Аляска) да 56° паўд. ш. (Вогненная Зямля). Падзяляюцца на 2 часткі: Кардыльеры Паўночнай Амерыкі і К. Паўд. Амерыкі, або Анды. Даўж. больш за 18 тыс. км, шыр. да 1600 км у Паўн. Амерыцы і да 900 км у Паўднёвай. Размешчаны на тэр. Канады, ЗША, Мексікі, Гватэмалы, Гандураса, Сальвадора, Нікарагуа, Коста-Рыкі, Панамы, Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі. З’яўляюцца водападзелам паміж бас. Атлантычнага і Ціхага акіянаў, а таксама рэзка выражанай кліматычнай мяжой. Па вышыні саступаюць Гімалаям і горным сістэмам Цэнтр. Азіі. Найб. высокія вяршыні К.: у Паўн. Амерыцы — г. Мак-Кінлі (6193 м), Паўд. Амерыцы — г. Аканкагуа (6960 м). Каля 80 дзеючых вулканаў (Катмай, Сен-Мігель, Льяйма і інш.). Высокая тэктанічная актыўнасць. Пл. зледзянення каля 90 тыс. км².

Да арт. Кардыльеры. Парк Маўнт-Робсан у правінцыі Брытанская Калумбія, Канада.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)