ГРЫ́ФІТ ((Griffith) Дэйвід Уорк) (22.1.1875, г. Ла-Грэйндж, штат Кентукі, ЗША — 23.7.1948),

амерыканскі кінарэжысёр. У кіно з 1907. Працаваў на кінастудыях «Эдысан» і «Баёграф» у Нью-Йорку. Ставіў драмы, камедыі, экранізацыі літ. твораў. З 1914 у Галівудзе. У 1919 разам з Ч.​Чапліным, М.​Пікфард і Д.​Фэрбенксам засн. кінакампанію «Юнайтэд артыстс». У 1908—31 зняў некалькі соцень пераважна кароткаметражных стужак, а таксама першы ў свеце поўнаметражны фільм. Выкарыстоўваў такія выразныя сродкі кіно, як буйны план, паралельны мантаж, панарама, адкрыў шырокія магчымасці здымачнай камеры ў стварэнні экраннага вобраза. Распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскай ігры ў кіно. Сярод фільмаў: «Нараджэнне нацыі» (1915), «Нецярпімасць» (1916), «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Сіроткі буры» (1921), «Схватка» (1931). Спец. прэмія «Оскар» 1935.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РВІНГ ((Irving) Джон Уінслаў) (н. 2.3.1942, г. Эксетэр, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-сатырык. Вучыўся ва ун-тах ЗША, Венскім ун-це. Дэбютаваў раманам «Выпускаем мядзведзяў на волю» (1969). Аўтар раманаў «Чалавек, якому прызначылі водалячэнне» (1972), «Шлюб вагой у 158 фунтаў» (1974), «Свет вачыма Гарпа» (1978, аднайм. фільм 1986, выканаўца гал. ролі), «Атэль «Нью-Гэмпшыр» (1981), «Правілы вінаробаў» (1985), «Малітва пра Оўэна Міні» (1989), дзе ставяцца праблемы вял. гарадоў, крызісу маральных каштоўнасцей, дэгуманізацыі чалавека і грамадства і інш. Проза адметная ўзаемапранікненнем рэалізму і мадэрнізму, уплывам экзістэнцыялізму, спалучэннем камічнага з трагічным, звыклага з абсурдным, «чорнага гумару» з псіхалагізмам, вастрыні сюжэтаў з філасафічнасцю. Апублікаваў эсэ «У абарону сентыментальнасці» (1979).

Тв.:

Рус. пер. — Мир от Гарпа. М., 1992.

Е.​А.​Лявокава.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Павел Сцяпанавіч) (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.​Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.​Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.​Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.​Горкага), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.​Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935, разам з Г.​Ферманам); у т-ры імя Я.​Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.​Сіманава; у т-ры імя Я.​Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.​Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.​Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.

У.​І.​Няфёд.

П.С.Малчанаў.
П.Малчанаў у ролі ўрадніка Шышлы.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мультыпліка́цыя

(лац. multiplicatio = памнажэнне)

кіназдымка паслядоўных фаз рухаў маляваных ці аб’ёмных фігур, што ствараюць ілюзію руху жывых персанажаў, а таксама фільм, створаны пры дапамозе такой кіназдымкі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

hype​2 [haɪp] v. infml (up) (неадабральна) крыклі́ва рэкламава́ць; нахва́льваць, узно́сіць;

This movie has been much hyped, but it isn’t that good. Гэты фільм многа рэкламуюць, але ён таго не варты.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

edit [ˈedɪt] v.

1. рэдагава́ць, рыхтава́ць да дру́ку

2. манці́раваць (фільм, тэле або радыёперадачу)

3. быць рэда́ктарам (газеты, часопіса, кнігі і да т.п.)

edit out [ˌedɪtˈaʊt] phr. v. выкрэ́сліваць, выкіда́ць (пры рэдагаванні)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ВО́ЛЬСКІ (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч

(5.9.1901, С.-Пецярбург — 22.8.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Канд. філал. н. (1934). Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). У 1932—36 дырэктар Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, у 1948—54 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся з 1926. На аснове фальклору стварыў п’есы «Цудоўная дудка» (паст. 1939), «Дзед і жораў» (паст. 1939), «Машэка» (1946, паст. 1954). Найб. папулярная камедыя «Несцерка» (паст. 1941; аднайм. фільм 1955). Аўтар краязнаўчых кніг «Па лясных сцежках» (1948), «На бабровых азёрах» (1957), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Палессе» (1974) і інш., літ.-знаўчых прац «Эдуард Самуйлёнак» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). У некаторых артыкулах праявы вульгарнага сацыялагізму.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1977;

Лёс Дункана. Мн., 1978.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),

расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.

Тв.:

Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.

Літ.:

Громов Е.С. Л.​В.​Кулешов. М., 1984.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.​Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.​Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял. Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.​Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «А зоры тут ціхія...» (паводле Б.​Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).

Літ.:

Зоркий А. С.​Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.

С.І.Растоцкі.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дакумента́льны

(польск. dokumentalny, ад лац. documentum = доказ, сведчанне)

1) які мае адносіны да дакумента (напр. д. матэрыял);

2) заснаваны на дакументах, на жыццёвых фактах (д. фільм);

3) уласцівы дакументам (д-ая дакладнасць).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)