СЛО́НІМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На З Беларусі, у паўд. ч. Гродзенскай і паўн. ч. Брэсцкай абласцей; у складзе Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на Пн, Ваўкавыскім і Навагрудскім узвышшамі на З і У (аддзелена ад іх далінамі рэк Зальвянка і Шчара), Баранавіцкай раўнінай на Пд. Найб. выш. 228 м. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 65 км, шыр. да 42 км. Пл. каля 2 тыс. км².

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. У рэльефе фундамента вылучаюцца Слонімскі купал і Зальвянская брахіантыкліналь. Найб. магутнасці платформавага чахла (300—350 м) прымеркаваны да паўд. і зах. схілаў Бел. антэклізы, найменшыя (150 м) — да купалападобных падняццяў. Чахол складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту. Даантрапагенавая паверхня моцна парэзаная (амплітуда расчлянення да 100 м). Трапляюцца ледавіковыя лагчыны з адзнакамі днішча да -20 м. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць да 160 м) вылучаны 4 гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі). Фарміраванне С.ў. адбылося пад уплывам дняпроўскага ледавіка (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў), сучасны рэльеф створаны сожскім зледзяненнем.

Рэльеф С.ў. буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты. У цэнтры спадзістая слабахвалістая раўніна. Грады выцягнуты з ПнЗ на ПдУ, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града. Рэльеф моцна тэхнагенна пераўтвораны. Карысныя выкапні: гліны лёгкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. На З С.ў. дрэніруецца правымі прытокамі р. Зальвянка (Трасцянка, Іванаўка), на Пд і У — левымі прытокамі р. Шчара (Грыўда, Шэя, Валобрынка, Бяроза, Луконіца, Сіпа). У межах узвышша воз. Бяздоннае. Частка былых азёрных катлавін ператварылася ў нізінныя балоты. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, слаба- і сярэднеападзоленыя, алювіяльныя поймавыя, па паніжэннях і лагчынах намыўныя пераўвільготненыя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі. Лясы захаваліся асобнымі масівамі. Найб. пашыраны лясы шыракаліста-яловыя, ялова-грабавыя, дубровы з ясенем, вязам і клёнам, ельнікі з дамешкам дубу, грабу і ліпы, хвойнікі баравыя і субаравыя з дамешкам елкі, дубу.

В.​М.​Фядзеня.

т. 15, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЫ́ПІН Пётр Аркадзевіч (14.4.1862, г. Дрэздэн, Германія — 18.9.1911),

расійскі дзярж. дзеяч. Буйны памешчык. Скончыў Пецярб. ун-т (1884), служыў у мін-вах унутр. спраў і дзярж. маёмасцей. З 1899 пав., потым губ. маршалак ковенскага дваранства, у чэрв. 1902 — сак. 1903 гродзенскі губернатар. Па яго ініцыятыве ў Гродне адчынены рамеснае, жаночае прыходскае, яўр. двухкласнае вучылішчы, рабіў захады па паляпшэнні ўмоў для развіцця сельскай гаспадаркі губерні. З сак. 1903 да крас. 1906 губернатар Саратаўскай губ., дзе задушыў сял. рух. З крас. 1906 міністр унутр. спраў, адначасова з ліп. і старшыня Савета Міністраў. Прыхільнік і актыўны праваднік рэпрэсій (ваен.-палявыя суды, прымяненне смяротнай кары і інш.) у барацьбе з рэвалюцыяй паводле прынцыпу: «спачатку заспакаенне, а потым рэформы». Урад С. 16.6.1907 распусціў 2-ю Дзярж. думу і выдаў дыскрымінацыйны у адносінах да прац. мас новы выбарчы закон, у выніку чаго ўсталявалася «трэцячэрвеньская манархія». С. спрыяў выданню закона ад 18.10.1906 аб ануляванні некат. абмежаванняў сял. правоў (канчаткова адменены падушны падатак і кругавая парука, ліквідаваны некат. абмежаванні ў перамяшчэнні сялян і г.д.). Правёў агр. рэформу (гл. Сталыпінская аграрная рэформа), накіраваную на фарміраванне значнага слоя заможнага сялянства і сял. буржуазіі, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Але глыбокія сац.-эканам. супярэчнасці ў краіне, абвостраныя самой агр. рэформай, абумовілі няўдачу палітыкі С. 14.9.1911 смяротна паранены агентам ахранкі эсэрам Дз.​Р.​Багровым.

Літ.:

Столыпин: Жизнь и смерть: Сб. публицистики. Саратов, 1991;

Рыбас С.Ю., Тараканова Л.В. Реформатор: Жизнь и смерть Петра Столыпина. М., 1991;

Бок М.П. П.А. Столыпин: Воспоминания о моем отце. М., 1992;

Зырянов П.Н. Петр Столыпин: Полит. портрет. М., 1992;

Хотулев В.В. Петр Столыпин. М.;

Смоленск, 1998;

Федоров Б.Г. Петр Столыпин: «Я верю в Россию». Биография П.А. Столыпина. Т. 1—2. СПб., 2002.

В.​П.​Панюціч.

П.А.Сталыпін.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦО́Ў Міхась (Міхаіл Лявонавіч; 14.2.1937, в. Сычын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.8.1987),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», «Маладосць», «Нёман». Друкаваўся з 1952. У першым зб. апавяданняў «Блакітны вецер» (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зб. «Сена на асфальце» (1966) раскрыў псіхал. і эстэт. ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гар. стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння ў чалавеку эмац. і інтэлектуальнага пачаткаў. Ў аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) — фарміраванне характару падлетка ў цяжкія пасляваен. гады. Акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум у зб-ках вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). У вершах-споведзях, філас. мініяцюрах, замалёўках і іранічных вершах-экспромтах выяўляецца душэўная чысціня і вернасць чалавечаму прызванню. У зб. «Жыццё ў слове» (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ц.​Гартнага, К.​Чорнага, П.​Пестрака, А.​Русецкага, А.​Зарыцкага. Аўтар кніг «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986) пра творчасць Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, А.​Куляшова, Я.​Брыля, П.​Панчанкі, А.​Вялюгіна і інш., эсэ «Загадка Багдановіча» (1969). Перакладаў на бел. мову творы А.​Пушкіна, Я.​Смелякова, М.​Браўна, Н.​Гільена, П.​Неруды, сучасных італьян. паэтаў, раманы Ч.​Айтматава, прозу Б.​Пастарнака, Л.​Лявонава і інш.

Тв.:

На ўспамін аб радасці. Мн., 1974;

Падарожжа за горад. Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1987.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Оскоцкий В. И трава, и асфальт: Заметки о прозе М.​Стрельцова // Неман. 1979. № 6;

Адамович А. Испытание словом // Там жа. 1987. №2;

Карамазаў В. І прадчуванне, і лёс // Полымя, 1987. № 2.

Р.​І.​Барадулін.

М.Стральцоў.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЁК у гідралогіі,

працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл. Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.

Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/с км²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НА-У́ГРЫ,

група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн. эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас. р. Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.

Літ.:

Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;

Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́БЕРМАС, Габермас (Habermas) Юрген (н. 18.6.1929, г. Дзюсельдорф, Германія), нямецкі філосаф і сацыёлаг. Праф. Гайдэльбергскага (1962—64) і Франкфурцкага (1964—71, 1983—94) ун-таў. У 1971—83 садырэктар Ін-та даследаванняў жыццёвых умоў навук.-тэхн. свету (г. Штэрнберг). Аўтар прац «Структурныя змены грамадскасці» (1962), «Пазнанне і інтарэс», «Тэорыя і практыка» (абедзве 1963), «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння» (т. 1—2, 1981), «Запозненая рэвалюцыя» (1990) і інш. Ранні перыяд у эвалюцыі яго поглядаў характарызуецца ўплывам неамарксізму і франкфурцкай школы, позні — набліжэннем да традыц. лібералізму і гуманізму. Распрацаваў тэорыю камунікатыўнага дзеяння, пад якім разумеў моўнае ўзаемадзеянне індывідаў, што ўпарадкоўваецца паводле абавязковых норм і накіроўваецца на дасягненне згоды ў фармальных і нефармальных структурах грамадства. Камунікатыўнае дзеянне адрозніваў ад інструментальнага ці стратэгічнага, якое характэрна для сферы працы і адпавядае тэхн. нормам і правілам рацыянальнага выбару. Адрозніваў таксама нармалізаванае дзеянне, звязанае з устанаўленнем прававых норм і забеспячэннем іх выканання з выкарыстаннем уладных паўнамоцтваў, і экспрэсіўнае («драматургічнае»), звязанае са стварэннем і разуменнем твораў мастацтва. Ядром грамадзянскай супольнасці лічыў сац. ўтварэнні, што ўзнікаюць па-за межамі дзейнасці дзяржавы і эканомікі (культ. асацыяцыі, царква, спарт. клубы, сродкі масавай інфармацыі, паліт. партыі і інш.), задача якіх — пашырэнне сац. роўнасці і свабоды, перабудова і дэмакратызацыя дзяржавы. Выступаў за стварэнне агульнаеўрап. канстытуцыі, якая б забяспечыла фарміраванне агульнаеўрап. грамадзянскай супольнасці, паліт. культуры і грамадз. салідарнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Демократия. Разум. Нравственность: Московские лекции и интервью. 2 изд. М., 1995;

Моральное сознание и коммуникативное действие. СПб., 2000;

Вовлечение Другого: Очерки полит. теории. СПб., 2001;

Почему Европе нужна конституция? // Социология. 2001. № 4. Философия как местоблюститель и интерпретатор // Путь в философию: Антология. СПб., 2001.

Літ.:

Фурс В.Н. Философия незавершенного модерна Юргена Хабермаса. Мн., 2000;

Современная западная теоретическая социология. Вып. 1. Юрген Хабермас. М., 1992;

Современные социологические теории общества. М., 1996.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́СЕЎ Аляксей Віктаравіч (8.10.1873, Кішынёў — 24.5.1949),

расійскі архітэктар, тэарэтык і гісторык архітэктуры, педагог. Засл. архітэктар СССР (1930). Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Акад. АН СССР (1943). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Л.М.Бенуа і І.Я.Рэпіна (1891—97), з 1910 акад. у ёй. Выкладаў у Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы (з 1913), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (з 1918), арх. ін-це (1948) і інш. у Маскве. У 1926—29 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Арганізатар і першы дырэктар Музея рус. архітэктуры (1946—49, цяпер Дзярж. н.-д. музей архітэктуры яго імя). Першыя найб. значныя работы ў неарускім стылі адметныя разнастайнасцю, маляўнічасцю (Марфа-Мар’інскі манастыр, 1908—12; комплекс Казанскага вакзала, 1914—26; 1941; абедзве ў Маскве). Удзельнічаў у распрацоўцы плана рэканструкцыі Масквы 1918—25, гал. архітэктар Усерас. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1922—23). Сярод работ у стылі канструктывізму: НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі ў г. Сочы (1927—31), будынак Наркамзема ў Маскве (1928—33; цяпер Мін-ва сельскай гаспадаркі Расіі). Стварыў маўзалей У.​І.​Леніна (у 1924 у дрэве, у 1929—34 у камені) на Краснай пл. ў Маскве. З выкарыстаннем элементаў класічнай арх. спадчыны будынкі гасцініцы «Масква» (1932—38, у сааўт.), Маскварэцкі мост (1936—38), будынак НКУС на Лубянскай пл. (1940—47), перонная зала станцыі метро «Камсамольская-кальцавая» (адкрыта ў 1952) у Маскве, т-р оперы і балета ў Ташкенце (1940—47). Аўтар праектаў аднаўлення зруйнаваных у Вял. Айч. вайну гарадоў Істра Маскоўскай вобл. (1942—43), Ноўгарад (1943—45), Кішынёў (1947). Істотна паўплываў на фарміраванне сучаснага аблічча Масквы. Аўтар навук. работ па пытаннях забудовы Масквы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1952.

Літ.:

Афанасьев К.Н. А.​В.​Щусев. М., 1978;

Журавлев А.М. А.​Щусев // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.

А.Шчусеў. Казанскі вакзал у Маскве. 1914—26.

т. 17, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае ўзаемадзеянне зараджаных часціц (электронаў, іонаў і інш.) з эл.-магн. палямі і рэчывам і на яго аснове распрацоўвае метады, прылады і сістэмы перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, тэхнал. працэсы, шматфункцыянальныя комплексы і інш. Сфарміравалася на мяжы 19 і 20 ст. на аснове навук. даследаванняў Дж.К.Максвела (стварэнне асноў электрадынамікі). У.​Сміта (тэорыя фотаправоднасці), К.​Ф.​Браўна (праводнасць сістэмы метал—паўправаднік), О.У.Рычардсана (тэрмаэлектронная эмісія), В.К.Рэнтгена (рэнтгенаўскія прамяні), Дж.​Дж.Томсана (адкрыццё электрона), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя).

Аб’ядноўвае вакуумную, цвердацельную і квантавую электроніку. Вакуумная Э. даследуе: тэрмаэлектронную эмісію, фотаэлектронную эмісію і тунэльную эмісію; фарміраванне і кіраванне патокамі зараджаных часціц і эл.-магн. палямі; катодалюмінесцэнцыю; фізіку і тэхніку высокага вакууму; тэхналогію электроннай, іоннай і лазернай апрацоўкі паверхні і інш. Асн. кірункі развіцця вакуумнай Э. — стварэнне электравакуумных прылад, прылад на аснове дыфракцыйных з’яў, фотаэлектронных і электронна-прамянёвых трубак, газаразрадных прылад і інш. Асн. кірунак цвердацельнай Э. — паўправадніковая Э., якая распрацоўвае і вырабляе розныя віды паўправадніковых прылад (гл. Мікраэлектроніка). Важныя яе раздзелы — акустаэлектроніка, оптаэлектроніка, крыяэлектроніка, ядзерная электроніка, п’езаэлектроніка, магнітаэлектроніка і інш. Найб. важныя кірункі квантавай электронікі — стварэнне квантавых генератараў, квантавых узмацняльнікаў (гл. Лазерная фізіка). Развіццё ўсіх галін Э. ідзе па шляху асваення новых абласцей спектра эл.-магн. ваганняў, павышэння магутнасці генерыруемага выпрамянення, паляпшэння параметраў электронных прылад: узроўню ўласных шумаў, эканамічнасці, хуткадзеяння, надзейнасці і інш. Якасць электроннай апаратуры і ўзровень яе тэхніка-эканам. паказчыкаў залежаць ад удасканалення элементнай базы электроннай тэхнікі.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Э. праводзяцца з 1950-х г. у БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН, а таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Ін-це электронікі Нац. АН, у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.; створана высокаразвітая электронная прамысловасць (НВА «Інтэграл», канцэрн «Планар», ВА «Гарызонт» і інш.).

Л.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.​П.​Барсаў, Я.​Я.​Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.​Старавольскі і М.​Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.​Вага і А.​Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.​Р.​Бяскроўны, Л.​А.​Гольдэнберг, Ф.​А.​Шыбанаў, І.​П.​Шастольскі, В.​С.​Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.​В.​Сядоў, В.​А.​Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)