ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,

марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЗМО́З,

інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОКААПРАЦО́ЎЧЫ АГРЭГА́Т,

паліграфічная машына; шматаперацыйны аўтамат канвеернага тыпу для комплекснай апрацоўкі кніжных блокаў, якія паслядоўна перасоўваюцца па рабочых пазіцыях. У залежнасці ад канструкцыі і камплектацыі выконваюць заклейку карашкоў, сушку, трохбаковую абрэзку блокаў, зафарбоўку іх верхняга абрэза, кругленне карашкоў, прыклейку марлі, капталаў і паперкі.

Схема блокаапрацоўчага агрэгата: С — тэхналагічныя секцыі; ГТ — галоўны транспарцёр; ПВУ — прыёмнавывадное ўстройства; ЗУ — загрузачнае ўстройства.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КА́ФЕЛЬНА-МАЁЛІКАВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1878—1914 у Віцебску. Меў газавы (1895) і паравы (1908) рухавікі. Вырабляў пячную тэракотавую, белаглазураваную і залачоную кафлю, маёліку (1913). Напярэдадні 1-й сусв. вайны адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў такога тыпу ў Расійскай імперыі, меў магазіны ў Варшаве, Пецярбургу, Казані, Саратаве, Растове і Мікалаеве. Працавала ад 12 (1895) да 118 (1913) рабочых.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́КШЫЦЫ,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Леніна. За 18 км на Пн ад г.п. В. Бераставіца, 40 км ад Гродна, 28 км ад чыг. ст. Пагранічны. 826 ж., 291 двор (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, сталовая. Царква. Каля вёскі гарадзішча тыпу сярэдневяковых умацаванняў.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,

горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),

хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАКА́РП (ад аск + грэч. karpos плод),

пладовае цела грыбоў падкласа сапраўдных сумчатых грыбоў (эўаскаміцэтаў). Аснову аскакарпа складаюць шчыльна сплеценыя вегетатыўныя гаплоідныя гіфы міцэлію, сярод якіх з зіготы аскагенных гіфаў утвараюцца сумкі з аскаспорамі. У залежнасці ад формы і будовы аскакарпа вылучаюць клейстатэцыі, перытэцыі і апатэцыі. Паводле тыпу аскакарпа і сумак вылучаюць групы парадкаў: плектаміцэты, пірэнаміцэты і дыскаміцэты.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВЫ́-ДУЛЕ́БЫ, Залазы,

балота ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці і ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., у вадазборы рэк Дулебка і Даўжанка. Пераважна вярховага (80%) тыпу. Пл. 5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,7 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м. Балота ў натуральным стане, пераважна пад хваёвым лесам, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЗУ́Ф,

прыморскі кліматычны курорт на Украіне. За 16 км ад г. Ялта, на паўд. беразе Крыма. Размешчаны ў даліне горнай ракі, ахаваны ад вятроў горным паўкальцом. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, працяглай і цёплай восенню і інш. ўмовамі, спрыяльнымі для прафілактыкі і лячэння органаў дыхання, расстройстваў нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэння абмену рэчываў. Санаторыі, турысцкія базы.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)