СКЛАДА́НЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, у якіх канчатковыя прадукты ўтвараюцца з зыходных рэчываў у выніку некалькіх (2 і больш) простых (элементарных) стадый (рэакцый). Асобныя стадыі С.р. прыводзяць да ўтварэння ці ператварэння прамежкавых рэчываў (малекул, свабодных атамаў, радыкалаў і інш.), што не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Да С.р. адносяць найб. пашыраныя класы рэакцый — каталітычныя (гл. Каталіз), ланцуговыя хімічныя рэакцыі, а таксама абарачальныя рэакцыі.

Паводле характару ўзаемасувязі элементарных рэакцый адрозніваюць: паралельныя рэакцыі, у якіх з аднолькавых зыходных рэчываў у выніку розных элементарных рэакцый, што адбываюцца адначасова, утвараюцца розныя прадукты (напр., пры хлараванні бензолу ўтвараецца сумесь орта-, мета- і пара-хлорбензолу); паслядоўныя рэакцыі, калі прадукт папярэдняй элементарнай рэакцыі з’яўляецца зыходным рэчывам наступнай (напр., пры хлараванні метану CH4 паслядоўна ўтвараюцца метылхларыд CH3Cl, метыленхларыд CH3Cl2, трыхлорметан CHCl3, тэтрахлорметан CCl4); паслядоўна-паралельныя і інш. Гл. таксама Кінетыка хімічная, Рэакцыі хімічныя.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ано́да ’эфір, які п’юць замест гарэлкі’ (гродз., А. П. Цыхун, пісьм. паведамл.). З польск. anodyna ’сумесь этылавага спірту і этылавага эфіру, якую ўжываюць як абязбольваючы сродак’ (з грэч. ἀνώδυνος ’абязбольваючы’); у польскую мову слова трапіла праз лац.; з польск., напэўна, у літ. дыял. anòdyja (LKŽ). На карысць польскай крыніцы ўказвае наяўнасць у польскім «піяцкім» жаргоне выразу «na anody iść» («ісці ў аптэку па анадыну для выпіўкі», Тувім, PSP, 39). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 72–73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вінегрэ́т

(фр. vinaigrette = падліва з воцатам)

1) халодная страва з дробна нарэзанай агародніны, запраўленая воцатам, алеем і іншымі прыправамі;

2) перан. сумесь розных паняццяў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мускаві́т

[лац. (vitrum) muscoviticum = шкло маскоўскае]

мінерал шэрага, зеленаватага або карычневага колеру са шкляным бляскам, сумесь гліны і паташу; выкарыстоўваецца ў радыё- і электратэхніцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сургу́ч

(тат. surguć)

каляровая сумесь з цвёрдых смолаў, воску і інш., якая лёгка плавіцца і застывае; выкарыстоўваецца для накладання пячатак, закаркоўвання бутэлек і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ме́сіва, ‑а, н.

Разм.

1. Густая або вадкаватая маса, ліпкая сумесь з чаго‑н. У круглай яме топчацца двое коней, месячы гліну. Усё ідзе ў гэта месіва — і салома з.. стрэх, і пацяруха ўсякая, і кастрыца... Брыль. // Глыбокая ліпкая гразь на дарозе. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. Мікуліч.

2. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.). У празрыстай лёгкай сіняве загойдалася чорнае месіва — дым з пылам. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алеі́н

(ад лац. oleum = алей)

сумесь гліцэрыны з алеінавай кіслатой, бясколерная вадкасць, якая ўваходзіць у склад раслінных і жывёльных алеяў раслінных алеяў і жывёльных маслаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вад

(англ. wad)

мінерал групы псіламелану, сумесь зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу чорнага або цёмна-карычневага колеру; руда марганцу, кобальту і нікелю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬВАННЕ ў карбюратарных рухавіках,

узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.

А.​С.​Рукцяшэль.

Сістэма запальвання аўтамабіля: 1 — шпуля запальвання; 2 — першасная абмотка; 3 — другасная абмотка; 4 — размеркавальнік; 5 — перарывальнік; 6 — бегунок; 7 — свечка запальвання.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)