ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок.Шамякін.// Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна.Карпаў./убезас.ужыв.З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад.Гамолка.//перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала.Кавалёў.
2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага.Гурскі.
3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта?Шынклер.[Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне.Чорны.//перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі.Карпюк.Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч.Куляшоў.
4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі.Лупсякоў.// Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой.Даніленка.// Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу.Колас.
5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці.// Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.
6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.
7.безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў.«Работніца і сялянка».
8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка.Скрыган.Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак.Навуменка.// Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі.Дайліда.Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі.Карпюк.// Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася.Гурскі.// Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. □ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу.Шамякін./убезас.ужыв.— На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь.Жычка.З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала.Гамолка.
2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота.Сабаленка.— Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны.Бяганская.
3.перан.Разм.Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. □ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада?Чарнышэвіч.[Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце.Асіпенка./убезас.ужыв.— Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай.Машара.// Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі.Кулакоўскі.Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку...Ваданосаў.// Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача.Прокша.— Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.Караткевіч.
4.без дап.Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло.Савіцкі.
•••
Прыціснуць хвосткаму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем.Шахавец.
2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.
3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец.Чорны.Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік.Гамолка.//перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма.Праграма КПСС.// Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.
4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці.Лынькоў.// Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.
5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны.В. Вольскі.
6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах.Дуброўскі.
7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё.Галавач.
8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.
9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель.// Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго.Колас.
10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.
11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.
•••
Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.
Вывесці з сябекаго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.
Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.
Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду.Макаёнак.
Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.
Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!».Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. □ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу.Галавач.// Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў.Колас.
2.каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. □ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу.Мележ.// Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. □ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца.Чорны.Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку.Сабаленка.// Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно.Скрыпка.
3.што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.
4.чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. □ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі!Васілевіч.
6.чаго(пераважназадмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. □ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору.Глебка.
7.што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце.Пушча.І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць.Гарбук.Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню.Алешка.
8.што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. □ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука.Пташнікаў.// Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар.Васілёнак.Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона.Карпаў.// Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. □ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў.Вітка.
9.чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.
•••
Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).
Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела.Гаўрылкін./упаэт.ужыв.Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар.Гілевіч.// Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго?Галавач.// Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў.Карамазаў.Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак.Шамякін.
2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць.Мыслівец.
3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў.Масарэнка.// Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок.Чарнышэвіч.// Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.
4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр.Лукша.
5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту.Машара.//перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца.«Маладосць».Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор.Якімовіч.//перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом!Арабей.Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх.Дамашэвіч.Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе.Куляшоў.
6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.
7.Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў.М. Ткачоў.
8.Разм.груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё.Караткевіч.
Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць ўдзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.