МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),

японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.​Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп. т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.​Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),

італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСУ́РАВА (сапр. Валерштэйн) Цэцылія Львоўна

(20.3.1897, Масква — 22.1.1976),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыла Кіеўскі ун-т. З 1919 у Студыі, потым у Т-ры імя Вахтангава. З 1925 выкладала ў Тэатральным вучылішчы імя Б.​Шчукіна (з 1946 праф.). Першая выканаўца ролі прынцэсы Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы, 1922). Уласцівыя М. эмац. выразнасць, тэмперамент, пластычная вытанчанасць, мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, псіхал. глыбіня раскрыцця характару выявіліся ў ролях: Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва), Шурка («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Інкен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТКЕР (Барыс Якаўлевіч) (28.10.1902—31.1.1983),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Вучыўся ў Харкаўскай драм. школе (1918—19). Скончыў драм. студыю ў Маскве пры б. т-ры Корша (1922) Працаваў у розных трупах, з 1933 у МХАТ. Акцёр вострай і яркай характарнасці, бліскуча валодаў мастацтвам эпізадычнай ролі: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля) і інш. Сатыру спалучаў з мяккай камедыйнасцю, сумнай іроніяй. Побач з дакладным псіхал. малюнкам, вял. ўвагу звяртаў на знешнюю выразнасць: Адвакат («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Гросман («Плады асветы» Талстога), Брыдуазон («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Доктар («Усё скончана» Э.​Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.

2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́ліка ‘дэталь калаўрота — кавалачак скуры з адтулінай, куды ўстаўляецца жалезны шпянёк з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка, перш чым яна трапіць на шпульку’ (гом., Шатал.), тулі́ка ‘тс’ (Уладз.; малар., Сл. Брэс.). Параўн. рус. тули́ка ‘кавалачак скуры з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка перш чым трапляе на шпульку’, славен. tulika ‘шпулька ў калаўроце’. Лічыцца таго ж паходжання, што і тулейкі (гл.); іншая назва дэталі калаўрота — тру́бка ‘металічная пласцінка з дзірачкай, праз якую праходзіць нітка і далей накручваецца на шпулю’ (Трух.), што, магчыма, сведчыць пра сувязь з ням. Tülle ‘трубка (падсвечніка), утулка, насадка’ як тэхнічным тэрмінам, адносна ролі якога ў якасці магчымага этымона групы слоў з зыходным тул2 выказваюцца процілеглыя меркаванні, гл. Шустар-Шэўц, 1557 (магчымая крыніца некаторых слоў), Махэк₂, 648 (паходзіць са славянскіх моў), Сной у Бязлай, 4, 246 (выпадковае падабенства да славянскіх слоў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАРАНЕ́ЦКІ (Фама Сільвестравіч) (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.​Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына); у т-ры імя Я.​Купалы: Салянік («Радавыя» А.​Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАМЕ́ЙЧЫК (Канстанцін Міхайлавіч) (26.5.1912, г. Кастрама, Расія — 3.3.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1930 у самадзейнасці. З 1935 у т-рах Кастрамы і Бранска. З 1946 у т-ры імя Я.​Купалы, у 1947—54 і 1957—73 у Рус. драм. т-ры БССР, у 1955—57 у Бел. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Выконваў пераважна эпізадычныя ролі. Створаныя ім вобразы вызначаліся яскравасцю і акрэсленасцю: Кукушкін, Палойка («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Радзіёнаў («Порт-Артур» паводле А.​Сцяпанава), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Пётр («Лада цемры» Л.​Талстога), Прытыкін («Варвары» М.​Горкага), Мітрафанаў («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Менас («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра) і інш.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ПАЎСТА́НЦКІ КАМІТЭ́Т, Галоўны камітэт, Польскі часовы ўрад у Літве,

орган паўстання 1830—31. Арганізаваны ў канцы 1830 — пач. 1831 для каардынацыі дзеянняў паўстанцаў на Беларусі і ў Літве. У к-т увайшлі пераважна кансерватары, якія выражалі інтарэсы заможнай шляхты: С.​Шумскі, М.Балінскі, А.​Гарэцкі, Л.​Замбжыцкі, Э.​Ромер, Ю.​Храбніцкі, Л.​Рагальскі, В.​Пяткевіч. К-т падтрымліваў сувязі з варшаўскім нар. урадам і пав. ўрадамі (к-тамі). Аднак ён не адыграў значнай ролі і па сутнасці не стаў кіруючым цэнтрам паўстання на Беларусі і ў Літве. Кансерватыўная частка адцягвала тэрмін паўстання, чакаючы дапамогі і загадаў ад варшаўскага ўрада. Бяздзейнасць к-та паскорыла разгром паўстання 1830—31 царскімі войскамі.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Э,

акцёрская дынастыя японскага т-ра кабукі.

Найб. вядомыя: А.​Кікугора 1-ы (1717—83), заснавальнік дынастыі, выканаўца роляў юнакоў, жаночых і мужчынскіх; А.​Кікугора 5-ы (4.6.1844 — 18.2.1903), выступаў у гіст. і быт. п’есах класічнага рэпертуару кабукі, а таксама ў новых рэалістычных. Зрабіў вял. ўплыў на акцёраў наступнага пакалення; А.​Кікугора 6-ы (6.6.1885 — 10.8.1949), выканаўца жаночых і мужчынскіх роляў, заснавальнік і кіраўнік школы акцёраў т-ра кабукі (1931—37). З 1948 чл. яп. Акадэміі мастацтваў; А.​Байко 6-ы (15.10.1870 — 8.11.1934), кіраўнік тэатр. трупы з 1911, выконваў жаночыя ролі; А.​Байко 7-ы (н. ў 1915, Токіо), адзін з лепшых выканаўцаў жаночых роляў і маладых герояў.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)