адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.

2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.

3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́ска ’галінка дрэва, дубец, палачка, кій, прыс, шост’ (Нас., Мядзв., Касп., Сцяшк., ТС., Сл. ПЗБ), ’прыгожы кірмашовы кіёчак’ (КЭС, лаг.), ’штыкеціна, выгнутая палка ў вертыкальным плятні’, ’дошка ў плоце’; ’гарызантальная жэрдка ў агароджы’ (Сцяшк., Бір. дыс., Сл. ПЗБ), ’лёстка ў драбіце калёс’ (бялын., Янк. Мат.; мсцісл., Полымя, 7, 1987, Бір. дыс., гродз., Сцяц. Словаўтв.; зэльв., Шатал.), ’палка плытагона, якою ён правіць плытом’ (Бір. дыс.), ’планка круглага сячэння ў баране, у венцеры’ (Сл. ПЗБ), ля́сачка ’трасцінка, палачка’ (Нас., Янк. 1), ля́сачкі ’тонкія дошчачкі ў кроснах, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Сцяшк.). Запазычана з польск. laska ’кій, палка’, ст.-бел. ляска, леска (XVI ст.) ’жазло’, ’арэхавы кій’ — са ст.-польск. laska ’тс’ (Цвяткоў, 53; Слаўскі, 4, 59–60; Булыка, Запазыч., 185; Сцяцко, Словаўтв., 177; Арашонкава, БЛ, 2, 50), якія да прасл. lěska ’арэхавы кій’. Пазней адбылося напаўненне семантыкі новымі значэннямі. Гл. таксама леса1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падбо́р, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.

2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.

3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.

•••

У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.

(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вабіць, прыцягвае да сябе якімі‑н. якасцямі, рысамі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак. Брыль. Але ў гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасці, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк. // Прыемны з выгляду; прыгожы, мілавідны. Прывабная постаць. Прывабныя рысы твару. □ Прывабныя, ветлівыя дзяўчаты міла ўсміхаюцца і вітаюць нечаканых гасцей. Новікаў.

2. Прыемны; мілы. Прывабны голас. Прывабны выгляд. Прывабная ўсмешка. □ Цішыня і прывабнае цяпло агарнулі.. [Несцера]. Кулакоўскі. — Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына.. голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех. Колас.

3. Які вабіць чым‑н., выклікае цікавасць. Прывабная прафесія. □ Вядома, прывабная прапанова — працаваць у клініцы пад кіраўніцтвам такога славутага прафесара. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.

2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.

•••

Як лялькапрыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маста́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.

2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.

3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.

4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.

5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.

6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.

7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.

•••

Мастацкая літаратура гл. літаратура.

Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энергі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Снага́ ‘магчымасць, здольнасць, сіла’ (ТС). Параўн. укр. сна́га́ ‘сіла’, снажни́й ‘моцны’, рус. наўг. сна́га ‘сіла, намаганне, поспех’, сна́жный ‘дужы’, рус.-ц.-слав. снага ‘поспех, дзейнасць’, польск. snaga ‘старанне, імкненне’, snażyć się ‘старацца’, каш. snåžëc ‘рабіць прыгожым’, чэш., славац. snaha ‘намаганне, моцнае жаданне’, серб.-харв. сна́га ‘сіла, моц, чысціня’, сна́жити ‘узмацняць, умацоўваць; чысціць’, славен. snága ‘чысціня’, макед. снага ‘цела, тулава’, балг. снага́ ‘цела, сіла’, ст.-слав. снага ‘жаданне, намаганне’. Прасл. *snaga не мае пэўнай этымалогіі. Бязлай (3, 278–279) выводзіць з і.-е. *snāgo‑ ‘чысты, лепшы’ або *snógo‑, якое магчыма параўнаць, напрыклад, з грэч. νηγάτεοςпрыгожы (пра туніку)’; лат. snaigs ‘гнуткі, стройны’, naigs ‘прыткі, цвёрды’. Борысь (SEK, 4, 339) значэнне ‘чысты’ лічыць другасным, вытворным ад ‘старанны’. Варбат (Этимология–1964, 28–30) дапускае роднасць з наглы (гл.), падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць: ‘сіла, дзейнасць, імкненне’ — ‘хуткі, раптоўны’; тады *snaga ад страчанага славянскага дзеяслова з коранем (s)nag‑ з s‑mobile. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 696; Махэк₂, 564; ЕСУМ, 5, 332; Глухак, 568; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325–326.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДВУХСТВО́РКАВЫЯ МАЛЮ́СКІ, пласціністашчэлепныя малюскі (Bivalvia, Lamellibranchia),

клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Двухстворкавыя малюскі: 1 — марская жамчужніца; 2 — спандылюс прыгожы; 3 — амусіум японскі; 4 — бяззубка вузкая; 5 — шароўка рачная; 6 — шароўка азёрная.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)