ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген.плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр.плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн.чал. (1985). Сталіца — г.Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр.Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням.нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав.ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац.нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст.ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс.чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд.дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).
Літ.:
Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;
История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;
Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар.плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́Р (грэч. monastērion келля пустэльніка),
рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РЫС,
эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).
Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.Радзішчаў, М.Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.Даль, Дз.Грыгаровіч, А.Пушкін, М Гогаль, М.Някрасаў, І.Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.Мамін-Сібірак, Л.Талстой, М.Ляскоў, У.Караленка, А.Чэхаў, В.Верасаеў, М.Памялоўскі, В.Сляпцоў, Ф.Рашэтнікаў, М.Лявітаў, Г.Успенскі, У.Гіляроўскі і інш.Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.Горкаму, А.Серафімовічу, Дз.Фурманаву, Л.Рэйснер, М.Шагінян, М.Кальцову, В.Авечкіну, Б.Агапаву, Я.Дорашу, Г.Радаву, Г.Траяпольскаму, Ю.Казакову, В.Пяскову, М.Міхайлаву і інш.
Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.Шпілеўскага, У.Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.Шэйна, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.Колас («З румынскага фронту», 1917), М.Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.Колас, К.Чорны, Я.Скрыган, М.Лынькоў, З.Бядуля, Э.Самуйлёнак, П.Броўка, П.Глебка, Х.Шынклер, С.Баранавых, У.Мяжэвіч, Ю.Лявонны і інш. У Вял.Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.Чорнага, К.Крапівы, Я.Купалы, Я.Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.Дадзіёмава, А.Кулакоўскага, В.Мысліўца, Э.Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.Брыля, «Ліпень у дарозе» І.Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.Казловіча, «Час гаспадароў» М.Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.
Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.Грахоўскага і інш.
Публ.:
Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.
Літ.:
Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;
Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;
Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;
Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;
Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;
Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле планаВял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); у навук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар.арх. ансамбляў.
Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Стараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл.св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). У Стараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. У пач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.
На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вял.Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт.Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел.дзярж.політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-вабуд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.
Літ.:
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Рагон М. Города будущего: Пер. с фр.М., 1969;
Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;
Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;
Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;
Новые города Белоруссии. Мн., 1966;
Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;
Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.
І.А.Іода, В.І.Анікін, Ю.І.Шпіт.
Да арт.Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.Да арт.Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.Да арт.Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).Да арт.Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.Да арт.Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.Да арт.Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.