ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Тадэвуш) (9.11.1861, с. Мядыка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 28.9.1915),
польскі рэжысёр і тэатр. дзеяч; рэфарматар польскай сцэны. Муз. адукацыю атрымаў у Вене, Лейпцыгу, Веймары, тэатр. — у Веймары і Майнінгене (у Л.Кронека). У 1882—93, 1908—12 выступаў як тэатр. і муз. крытык у прэсе Кракава і Львова. У 1898—99 і 1913—15 дырэктар і рэжысёр Кракаўскага, у 1900—06 Львоўскага гар. т-раў. Ставіў п’есы М.Метэрлінка, Г.Ібсена, Г.Гаўптмана, М.Горкага, А.Чэхава, А.Стрындберга і інш. Прапагандаваў сучасныя яму формы інсцэнізацыі.
Літ.:
Pajączkowski F. Teatr Iwowski pod dyrekcją Tadeusza Pawlikowskiego 1900—1906. Kraków, 1961;
Grzymala-Siedlecki A. Tadeusz Pawlikowski i jego krakowscy aktorzy. Kraków, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДЫ́,
вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыяРСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ЦАРКВА́,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Кіеўскай вобл., на р. Рось. 197 тыс.ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне (с.-г. машыны, электракандэнсатары), хім. (вытв-сць шын, гумава-азбеставых і гумава-тэхн. вырабаў), лёгкая (трыкат., абутковая), мэблевая, харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеалагічны курорт. Дэндрапарк «Александрыя».
Упершыню ўпамінаецца ў 1155. Узнікла на месцы стараж.-рус.г. Гюрген (Юр’еў), які засн. ў 1032. З 1363 у складзе ВКЛ, тут пабудаваны замак-крэпасць. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. У 1620 атрымала гар. правы. У Белай Царкве падпісаны Белацаркоўскі дагавор 1651. У 1774—1918 уласнасць Браніцкіх. З 1793 у складзе Расіі. У 19 ст. буйны гандл.-кірмашовы цэнтр. З 1925 горад, з 1932 цэнтр раёна Кіеўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБР,
рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).
Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936у Заходняй Беларусі.
Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ СУДна Беларусі,
судовы орган, які дзейнічае на тэр. вобласці ў якасці першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і членаў суда, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Мае суд. калегіі па цывільных і крымін. справах і прэзідыум. Як суд 1-й інстанцыі разглядае цывільныя і крымін. справы, аднесеныя законам да яго вядзення, як касацыйная інстанцыя — справы па скаргах і пратэстах на рашэнні, прыгаворы і вызначэнні нар. судоў, якія не набылі законнай сілы. Прэзідыум абласнога суда разглядае ў парадку нагляду справы па пратэстах на рашэнні, прыгаворы, вызначэнні нар. судоў, пастановы нар. суддзяў, якія набылі законную сілу, на касацыйныя вызначэнні калегій абласнога суда, а таксама справы па новаадкрытых акалічнасцях. Паўнамоцтвамі абласнога суда валодае і Мінскі гар.суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМІ́НА (ад польск. gmina воласць),
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Засн. ў 1976 у Мінску на базе Мінскага філіяла Цэнтр.н.-д. і праектнага ін-та горадабуд-ва (з 1970). Галаўная арг-цыя па горадабудаўніцтве Беларусі.
Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 арх.-планіровачныя, арх.-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ). Асн. кірункі дзейнасці: навук. даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэр. планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гар. паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці трансп. і інж. інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфарм. сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і буд. комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадз. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́КХІ (лац. Gracchus),
браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.