ВАМБА́Т (Vombatus),

род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.

Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.

Вамбат.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́ША (франц. affiche),

від рэкламы, паведамлення пра спектакль, канцэрт, лекцыю, кінафільм ці інш. культ.-масавае, відовішчнае, спарт. мерапрыемства. Размнажаюць паліграф. або трафарэтным спосабам. Можа быць шрыфтавая, маляваная, з выкарыстаннем фатаграфіі.

Як выдавецкая, відовішчна-тэатр. і гандл. аб’ява вядома ў Еўропе з 16 ст. Масавае пашырэнне атрымала ў 19 ст. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Друкаваная афіша папярэднічала пастаноўцы першай бел. оперы «Ідылія» С.​Манюшкі (1852). У галіне афішы працуюць бел. плакатысты У.​Васюк, У.​Жук, У.​Крукоўскі, І.​Радунскі, В.​Смаляк, М.​Стома, І.​Уладычык і інш.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРЫЦА, лугавік (Deschampsia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Вострыца дзірваністая.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́ПКА, вадзяны верабей (Cinclus cinclus),

птушка сямейства аляпкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і паўд.-зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі аселы від, занесены ў Чырвоную кнігу.

Даўж. да 20 см, маса да 70 г. Моцнага складу, з кароткімі закругленымі крыламі і хвастом, доўгімі нагамі. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу белае. На ноздрах скурыстая перапонка. Гнёзды паблізу рэк з хуткім цячэннем, трымаецца паасобку і парамі. Зімой трапляецца каля палонак. Корміцца воднымі беспазваночнымі і маляўкамі рыб. Можа прабегчы пад вадой да 20 м. Выводзіць 2 патомствы за год.

Аляпка.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗО́К,

малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.​Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.​Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.​Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.​Стральцоў, Ф.​Янкоўскі, А.​Карпюк, Я.​Брыль, Б.​Сачанка і інш.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЕ́Д ЗВЫЧА́ЙНЫ, пчалаед (Pernis apivorus),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўразіі. Трапляецца на ўсёй тэр. Беларусі, нешматлікі пералётны від.

Даўж. цела каля 60 см, маса да 0,85 кг. Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы. Прылятае ў крас.—маі. Гнёзды на дрэвах на выш. 5—15 м у лісцевых і мяшаных лясах паблізу палян. Нясе 2—3 яйцы. Корміцца насякомымі. Зімуе ў Афрыцы.

Асаед звычайны.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СА, карэта сапраўдная (Eretmochelys imbricata),

паўзун сям. марскіх чарапах. Адзіны від роду, 2 падвіды: адзін у Атлантычным ак. і Міжземным м., другі ў Ціхім і Індыйскім акіянах.

Даўж. панцыра 80—90 см. Рагавыя шчыткі панцыра маладых асобін чарапіцападобна налягаюць адзін на адзін, у дарослых спінны шчыт гладкі. Размнажаюцца на сушы. Самкі ў глебу адкладваюць 150—200 яец. Кормяцца малюскамі, асцыдыямі, членістаногімі, водарасцямі. З рагавых шчыткоў бісы — «карэй» (адсюль другая назва) робяць чарапахавыя вырабы; мяса і яйцы выкарыстоўваюць у ежу. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Біса.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭПАНАФІ́КУС (Drepanophycus),

род выкапнёвых раслін кл. дзеразападобных. Вядомы з адкладаў дэвону. Знаходкі Д. вядомы ў Казахстане, на Урале, у Бельгіі, Чэхіі, на Пн Амерыкі, Аўстраліі, на Шпіцбергене. Раслі на нізкіх узбярэжжах, якія перыядычна заліваліся вадой, што стварала мноства прамежкавых біятопаў (ад марскіх да кантынентальных). Найб. пашыраныя віды D. spinaeformis (тыповы від роду), D. gaspianus, D. crepinii, D. spinosus.

Травяністыя расліны выш. да 1 м, з плоскім або акруглым у папярочным сячэнні шчацінкападобным лісцем, якое размешчана па спіралі. Лісце і сцёблы мелі шматлікія вусцейкі.

Т.​Р.​Абухоўская.

Дрэпанафікус.

т. 6, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬНІК,

від верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершаскладання. У ім выяўляецца чаргаванне моцных націскаў (іктаў) і міжіктавых інтэрвалаў. Колькасць іктаў у радках звычайна ўрэгулявана, міжнаціскныя ж інтэрвалы не аднолькавыя (1,2 склады), могуць быць пропускі іктаў. Калі колькасць т.зв. адступленняў ад памеру нязначная, Д. набліжаецца да сілаба-танічнага верша, калі іх колькасць павялічваецца — да танічнага. Аналагічныя віды верша існуюць у англ., ням., рус. і інш. паэзіях. У бел. паэзіі Д. карысталіся Цётка, М.​Багдановіч, Я.​Колас, А.​Куляшоў, П.​Панчанка, У.​Караткевіч і інш.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)