СТРЭ́ЛКІ (Capsella),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. звычайныя (C. bursa-pastoris). Трапляюцца на пустках, як пустазелле на палях, у садах, каля дарог.

Адна- ці двухгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы простыя або галінастыя. Ніжняе лісце ў разетцы, перыстараздзельнае, сцябловае — сядзячае, суцэльнае. Кветкі дробныя, белыя або ружаватыя, у гронках. Плод — стручочак. С. звычайныя маюць лек. ўласцівасці, у насенні ёсць алей. Лек., кармавыя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Стрэлкі звычайныя.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)