ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.

1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.

2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.

3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.

•••

Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),

горад на Пн ФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст. адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс. ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн. ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн. т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр. Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сць муз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.

Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл. Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац. т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.

Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.​Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.​Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.​Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.​Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.​Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.​Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.

Да арт. Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

spérren

1. vt

1) загаро́джваць (дарогу, уваход і г.д.)

2) запру́джваць (раку)

3) закрыва́ць (праезд); запіра́ць (вароты, браму);

j-n ins Zímmer ~ запе́рці каго́-н. у пако́і

4) блакі́раваць (горад)

5) пасадзі́ць (у турму)

6) эк. накла́сці эмба́рга; забарані́ць;

éinen Úrlaub ~ часо́ва забараніць во́дпуск [адпачы́нак]

7) вы́ключыць (тэлефон, газ і г.д.)

2. ~, sich праці́віцца, супраціўля́цца;

er spérrte sich mit Händen und Füßen dagégen разм. ён адбіва́ўся ад гэ́тага рука́мі і нага́мі

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Варава́ць 1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць 2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць 1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць 3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр. скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр. дыял. скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск. skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш. skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац. škripec ‘тс’, в.-луж. skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв. шкрипац ‘блок’, славен. škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг. скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед. скрипец ‘блок’. Прасл. *skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е. *sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш. skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл. *skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл. *skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск. skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАНІ́ЛА (Manila),

горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн. чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн. т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.

Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер. калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.

Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн. буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.​Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.​Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.​Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.​Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.​Баніфасіо (абодва скульпт. Г.​Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.​Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Мост цераз раку Пасіг у Маніле.
Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дале́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. далёка (у 1 знач.). Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. З нар.

2. Наперадзе, у пэўным аддаленні ад якога‑н. месца. Канчаецца хмызн[я]к і жыта, А далей узлескі, паляны. Колас. Далей, з боку паляны, на ігліцы і ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Мележ.

3. Затым, потым, у далейшым. [Суседзі] разумелі, што ўся дружба скончыцца, як толькі Сімон паедзе адгэтуль, і далей нічога добрага чакаць не выпадае. Самуйлёнак. Далей, як і ва ўсіх пісьмах, ішлі паклоны — кожнаму паасобку. Якімовіч.

4. Працягваючы пачатае. Чытаць далей. Вучыцца далей. Расказваць далей. // Болей, больш. Далей Люда не можа трываць: яна садзіцца .. і звонка смяецца. Брыль.

•••

Далей ад граху (бяды) — пра нежаданне ўвязвацца ў складаную непрыемную гісторыю. [Лявон], каб далей ад бяды, ускочыў у свой двор, зачыніў вароты і падпёр іх плечуком. Сабаленка.

Далей-болей — ужываецца, каб падкрэсліць далейшае нарастанне інтэнсіўнасці дзеяння, развіцця падзей і г. д.

Далей (ехаць, ісці) некуды гл. некуды.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

І гэтак далей (скарочана і г. д.) — ужываецца ў канцы пералічэння як указанне на тое, што пералічэнне можа быць працягнута.

Не ісці далей гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касі́ць ​1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.

1. Зразаць траву касой ​2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. □ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.

2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.

•••

Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.

Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.

касі́ць ​2, кашу, косіш, косіць; незак.

1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.

2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.

3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заби́ть сов.

1. в разн. знач. забі́ць, мног. пазабіва́ць; (вогнать во что-л. твёрдое — ещё) увагна́ць;

заби́ть гвоздь в сте́ну забі́ць (увагна́ць) цвік у сцяну́;

заби́ть мяч в воро́та забі́ць мяч у варо́ты;

заби́ть о́кна до́сками забі́ць (пазабіва́ць) во́кны до́шкамі;

заби́ть ще́ли па́клей забі́ць (пазабіва́ць) шчы́ліны па́куллем;

песо́к заби́л трубу́ пясо́к забі́ў трубу́;

проли́в заби́т льдом пралі́ў забі́ты лёдам;

заби́ть челове́ка забі́ць чалаве́ка;

заби́ть бе́дностью забі́ць бе́днасцю;

сорня́к заби́л всхо́ды пустазе́лле забі́ла ўсхо́ды;

2. (зарезать на мясо) зарэ́заць; забі́ць, мног. пазабіва́ць; (свинью — ещё) закало́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)